Главная

Популярная публикация

Научная публикация

Случайная публикация

Обратная связь

ТОР 5 статей:

Методические подходы к анализу финансового состояния предприятия

Проблема периодизации русской литературы ХХ века. Краткая характеристика второй половины ХХ века

Ценовые и неценовые факторы

Характеристика шлифовальных кругов и ее маркировка

Служебные части речи. Предлог. Союз. Частицы

КАТЕГОРИИ:






Практыкаваньне 8. Перапісаць і заўважыць правапіс гуку і.




Язэп Лёсік

Беларускі правапіс

Выданьне восьмае, выпраўленае

Беларускае Дзяржаўнае Выдавецтва

Менск—1929

 

Надрукавана ў друкарні Беларускага Дзяржаўнага Выдавецтва

Зак. 159. У ліку 50.000 экз. Галоўлітбел 1012.

 

Прадмова.

 

I. Прынцыпы беларускага правапісу

 

У васнову беларускага правапісу паложаны такія прынцыпы:

1) Фонэтычны, калі слова запісваецца больш-менш так, як яно чуваць, напр.: вада, малако, галава, рака, сяляне, лясы, зямля, вядро і г. д., замест: вода, молоко, голова, рэка, селяне, лесы, земля, ведро і г. д.

2) Этымолёгічны, калі слова запісваецца згодна ня з іх цяперашнім вымаўленьнем, а з іх пахаджэньнем і параўнаньнем (аналёгіяй) з іншымі роднымі паміж сабою словамі, напр.: мёд, хлеб, мог, калодка, казка, просьба, барацьба, адтрымаць, мыешся, матцы, дачцы, заместа: мёт, хлеп, мох, калотка, каска, прозьба, барадзьба, аттрымаць, ці атрымаць, мыесься, маццы, даццы, як гэта чуваць пры вымаўленьні.

3) Прынцып напісаньня чужаземных слоў, паводле якога словы чужаземныя, але толькі кніжныя (навуковыя тэрміны, тэхнічныя словы і іншыя) пішуцца так, як у тэй мове, адкуль яны ўзяты, з некаторымі зьменамі (пераважна ў канчатках), дапасаванымі да беларускай фонэтыкі, напр.: Лёндон, кляса, нацыя, комунізм, партыя, тэлеграма, географія, арытмэтыка, этымолёгія, тэхнікум, сыстэма, рэволюцыя, экономія і др. (Бач. § 20).

З гэтых прынцыпаў найбольш шырока ўжываецца фонэтычны прынцып для напісаньня галосных гукаў і этымолёгічны—для напісаньня зычных.

Але ад гэтых прынцыпаў здараюцца адступленьні; так мы пішам:

1) вецер, восень, далей, болей; поле, насеньне, зельле; гаем, роем, зельлем; лялек, жнеек, нянек, песень; чытае, працуе, будзе, гляне, чытаеце, гуляеце і г. д., заместа таго, як чуваць: вецяр, восянь, даляй, боляй; поля, насеньня, зельля; гаям, роям, зельлям; ляляк, жнеяк, няняк, песянь; чытая, працуя, будзя, гляня, чытаяця, працуяця і г. д.

2) прызба, бясконца, раскрыў, скінуў, брацкі, полацкі, позны, пачэсны, міласэрны, дваццаць, мыцца і г. д., заместа: прысба (ад слова “прысыпаць”), бязконца, разкрыў, зкінуў, братскі, полатскі, поздны, пачэстны, міласэрдны, двадцаць, мыцься і г. д.; значыць, падобныя словы запісваюцца так, як чуваць, а ня так, як-бы трэба было пісаць паводле пахаджэньня гэтых слоў. (Бач. вышэй прынцып этымолёгічны).

3) Чужаземныя словы, вядомыя шырокім народным масам, як свае родныя, падлягаюць нашаму правапісу і пішуцца так, як гэта чуваць у штодзенным ужытку, напр.: літары, дарэктар, аканом, або аконам, калідор, леварвэр, камісія, камітэт, сакратар, камуністы (замест “камуніст”) і др.

Разумеецца, правапісальнае пытаньне лягчэй за ўсё можна было-б разьвязаць такім спосабам, каб у напісаньні слоў трымацца аднаго фонэтычнага прынцыпу, каб можна было пісаць так, як чуваць, каб вока бачыла тое, што чуе вуха. Але датрымаць фонэтычнага прынцыпу да канца—немагчыма. Немагчыма гэта ўжо дзеля таго, што няма такой азбукі на сьвеце, каб можна было дакладна перадаваць на пісьме ўсе гукі нашае мовы. Такой азбукі і прыдумаць трудна, бо гукі ў жывой мове вымаўляюцца розна, у залежнасьці ад гаворак. Акуратна дапасаваць літары да гукаў практычна немагчыма і непатрэбна. Мова кожнага народу, не зважаючы на ўсю яе суцэльнасьць, мае шмат асобных, мясцовых гутарак, якія, маючы агульныя карані і формы слоў, розьняцца паміж сабою акцэнтам і вымоваю слоў.

Такім парадкам, наш правапіс, палажыўшы ў аснову напісаньня беларускіх слоў падвойны і нават патройны прынцып (фонэтычны, этымолёгічны і традыцыйны), дбае аб адным, каб па магчымасьці перадаць на пісьме ўсе асаблівасьці тае гутаркі беларускае мовы, якая легла ў аснову літаратурнае мовы.

Процэс вытварэньня нашае літаратурнае мовы адбыўся натуральна, вольна і без пабочнага прымусовага ўплыву, бо ў часе вытварэньня яе Беларусь ня мела адзінага каманднага цэнтру, які мог-бы пакіраваць разьвіцьцё ў свой бок, выходзячы з свайго мясцовага патрыотызму. Дзякуючы вольнаму разьвіцьцю, яна ўвабрала ў сябе ўсе чыста беларускія асобнасьці іншых беларускіх гаворак і цяпер у поўнай меры можа лічыцца сапраўды народнай, агульна беларускай мовай. Разьвіўшыся на грунце менска-віленскай гаворкі (цьвёрдае р і вялікае аканьне), яна шырока адбівае ў літаратуры ўсе асобнасьці іншых гутарак беларускага народу і заняла пануючае палажэньне. Прынамсі, дагэтуль не рабілася спроб адмежаваньня,—ніводная гаворка не памыкалася стаць літаратурнай, хоць перашкоды для гэтага ня было. Само жыцьцё паказала, якая гаворка мае найбольш сілы і здольнасьці для літаратурнага разьвіцьця. А раз вызначылася літаратурная мова, то можна было апрацаваць сталы правапіс, або аднастайнасьць пісьма.

 

II. Як ставіць навучаньне правапісу?

1. Правапіс літар і гукаў.

 

А. Найлепшыя спосабы навучаньня правапісу.

 

Навучаньне правапісу—справа трудная і патрабуе ад вучняў ня мала часу і працы. Каб аблягчыць гэту працу і зьменшыць час, патрэбны на навучаньне правапісу, пэдагогі і псыхолёгі рабілі дасьледзіны гэтае справы рознымі спосабамі. Так, нямецкі псыхолёг Ляй найшоў у процэсе пісьма псыхолёгічны акт, у каторым галоўнае месца маюць успаміны пісьма, асоцыяцыя вобразаў і рух рукі большасьцю мэханічны. Ляй рабіў навуковыя досьледы, альбо спробы, амаль што над 5000-мі вучняў пачатковых школ і настаўніцкіх сэмінарый. Гэтыя спробы паказалі, што галоўную аснову граматнасьці складаюць зрокавыя і рукарухоўныя ўспаміны пісьма. Адсюль Ляй заключыў, што найлепшы спосаб навучаньня граматнаму пісьму— сьпісваньне, бо пры сьпісваньні якраз зрокавыя вобразы, рукарухоўныя элемэнты і ўспаміны пісьма найбольш маюць месца.

Над мэтодолёгіяй навучаньня правапісу многа працаваў і расійскі профэсар Томсон; у яго нават ёсьць спэцыяльная праца ў гэтай справе: “К теории правописания и методологии преподавания его”. Томсон кажа, каб навучыцца правільна пісаць—трэба пісаць правільна. Для абгрунтаваньня свае думкі ён прыводзіць такую паралель: калі хто хоча навучыцца тэхніцы граць на раялі, той павінен граць на раялі, а не займацца тэорыяй музыкі; таксама, калі хто хоча навучыцца гаварыць у чужаземнай мове, той павінен гаварыць у гэтай мове, а ня вучыць граматыку. Значыць паводле Томсона выходзіць, што хто пры пісьме найменш робіць памылак, гэта значыць, піша найбольш правільна, той баржджэй навучыцца граматна пісаць. Разумеецца, пры сьпісваньні з кніжкі вучань зробіць менш памылак, чым пры дыктоўках, і дзеля таго ён баржджэй навучыцца правільна пісаць пры сьпісваньні, чым пры дыктоўках. Томсон паказвае такую розьніцу між сьпісваньнем і дыктоўкаю: пры сьпісваньні найбольш вытвараюцца зрокавыя вобразы, найлепей астаўляе сьлед памяць пісьма і найбольш маюць месца рукарухоўныя элемэнты, а гэта ўсё проста адносіцца к пісьму; пры дыктоўцы-ж бяруць перамогу гукавыя элемэнты, непатрэбныя для навучаньня правільнаму пісьму. Значыць, калі сьпісваньне і не дае ўсяго таго, што патрэбна для навучаньня правапісу, то ўсё-такі работа цалком ідзе на карысьць гэтага навучаньня, нічога не прападае дарма; пры гэтым не набываецца і нічога такога, што шкодзіць правільнаму пісьму.

Томсон не адмаўляе і таго, што бясспрэчную карысьць пры навучаньні граматнаму пісьму могуць прынесьці дыктоўка і граматычныя правілы, як пры навучаньні чужаземнай мове прыносіць карысьць ужываньне граматыкі. Але дыктоўка і граматычныя правілы—дапаможныя і дапаўняльныя спосабы навучаньня правапісу, і дзеля гэтага імі трэба карыстацца толькі ў некаторых разох, з яснаю ведаю мэты ўжываньня іх.

Бяз дыктоўкі нельга абыйсьціся пры навучаньні правапісу, бо калі хто піша самастойна, выкладае на пісьме свае думкі, то яму прыходзіцца, як і пры дыктоўцы, пісаць тое, што ён ня бачыць; хто піша самастойна, той як-бы сам сабе дыктуе, бо сказ, які ён сабе запісвае, спачатку зьяўляецца ў яго думках, хоць гэтага сказу ён і ня чытае. Але калі бяз дыктоўкі нельга абысьціся, то трэба рабіць гэта так, каб было як менш памылак; а памылак будзе менш, калі дыктоўку вучні пішуць не для праверкі граматнасьці, бо пры такой праверцы яны могуць зрабіць многа памылак, а для навучаньня граматнасьці, і дзеля гэтага трэба аб’ясьніць, як пішацца кожнае труднае слова. Значыць, дыктоўка павінна быць навучальная.

З усяго таго, што гаварылася вышэй, выходзіць, што для навучаньня правапісу (аднолькаваму пісьму) найлепшымі спосабамі трэба прызнаць наступныя: 1) сьвядомае сьпісваньне і 2) навучальныя дыктанты.

1. Сьпісваньне якога-небудзь практыкаваньня трэба рабіць пасьля таго, як будзе растлумачана правіла, на якое надрукована практыкаваньне. Растлумачыць правіла лепей за ўсё можна мэтодам індукцыі; гэта значыць, з разбору некалькіх прыкладаў, якія стаяць у практыкаваньні, вывесьці правіла. Так, калі трэба сьпісаць практыкаваньне 48, то можна напісаць на кляснай дошцы прыклад: “ Віднеліся палоскі гароху з харошанькімі чырвоненькімі і сіненькімі кветачкамі”, а вучні знаходзяць памяншальныя ці ласкальныя прыметнікі: харошанькімі, чырвоненькімі, сіненькімі і замячаюць канчаткі енькі і анькі; анькі стаіць пасьля ш— зацьвярдзелага гуку; адсюль выводзяць правіла 37, а потым правяраюць гэта правіла на двух-трох прыкладах з практыкаваньня, чытаючы іх па кніжцы і знаходзячы слова на данае правіла. Перад сьпісваньнем практыкаваньня карысна, каб вучні прачыталі ўсе прыклады, прычым трэба зварачаць увагу вучняў на тыя словы, у якіх яны могуць зрабіць памылку; напрыклад: варта зьвярнуць увагу на канчаткі творнага склону ў множным ліку прыметнікаў— імі (харошанькімі, чырвоненькімі...); у прыкладзе: “Ластаўкі вылепілі харошанькае кругленькае гнязьдзечка”— можна спытаць, чаму ў слове вылепілі напісана ле, хоць на ле няма націску; як напісана слова гнязьдзечка? і падобн.

На якія словы трэба зьвярнуць увагу вучняў пры сьпісваньні практыкаваньня, настаўнік добра ведае, калі ён ведае ступень граматнасьці сваіх вучняў.

Пасьля такога аналізу прыкладаў можна пачаць сьпісваньне; пры такіх умовах работы сьпісваньне не абернецца ў мэханічнае коп’яваньне друкованага тэксту, а будзе сьвядомае, пры якім вучні зробяць найменш памылак, а можа і ніводнае.

Наогул кажучы, заўсёды лепш не дапушчаць памылак, чым пасьля іх папраўляць; дзеля гэтага і трэба зварачаць увагу вучняў на трудныя словы, альбо асаблівыя сваім напісаньнем, як напрыклад: сям’я, мядзьведзь, сяджу, невялікі, сольлю, дачцы і падобн.

Яшчэ лепшых рэзультатаў даб’ецца настаўнік, калі пасьля папярэдняга аналізу практыкаваньняў будзе пісаць прыклады на кляснай дошцы, а вучні будуць сьпісваць з напісанага, а ня друкованага тэксту, бо шматлікавыя пробы паказалі, што сьпісваньне з рукапіснага тэксту дае ўдвая лепшыя рэзультаты, чым сьпісваньне з друкаванага тэксту. Дзеля гэтага вельмі пажадана мець друкаваныя пропісам табліцы з патрэбным тэкстам. Апроч таго, такія друкаваныя табліцы вельмі пажаданы яшчэ і дзеля таго, што ня кожны выкладчык можа выразна і прыгожа пісаць, тымчасам мамэнт хараства трэба праводзіць пры кожнай рабоце ў школе.

Пачаўшы такое сьпісваньне з кароткіх і простых зьместам фраз, можна паступова перайсьці да сьпісваньня невялікіх вершаў і суцэльных стацеек, пасьля ўважлівага папярэдняга аналізу іх з боку зьместу і правапісу паасобных слоў.

Пры сьпісваньні трэба мець на ўвазе яшчэ і такія ўмовы:

а) Ня трэба пісаць каліграфічна, бо стараньне выводзіць кожную букву разьдзяляе асобныя элемэнты пісьма і перашкаджае запомніць, як пішацца слова; наогул кажучы, хто піша каліграфічна, той мяшае вытварэньню паступовай асоцыяцыі ў рукарухоўных успамінах пісьма, а гэта значыць, перашкаджае правільнаму пісьму.

б) Тэкст для сьпісваньня трэ’ даваць невялікі—радкоў 10 друкованых, каб вучань не ўтамляўся ды лягчэй-бы мог утрымаць у памяці вобразы напісаных слоў.

в) Для падтрыманьня ўвагі да работы і сьвядомых адносін да яе, карысна падчырківаць словы на данае правіла правапісу, прычым падчырківаць трэба старанна, акуратна, каб не псаваць прыгожасьці пісьма, і толькі патрэбнае слова або часьць яго.

2. Дыктоўкі, як гаварылася і вышэй, павінны быць выключна навучальныя, г. значыць, дыктуючы трэба не правяраць ступень граматнасьці, не кантраляваць, не экзамінаваць вучня, а вучыць граматна пісаць.

Такія навучальныя дыктанты звычайна ставяцца так: выкладчык выразна чытае патрэбны сказ, дзеці праз паўтарэньне завучаюць яго напамяць; далей зварачаецца ўвага на правапіс кожнага слова, сказу, труднае, або асаблівае па правапісу, слова, у якім дзеці могуць зрабіць памылку (салаўі, уе (ўе) ад віць, дождж, льлецца, ня трэба, не магу і падобн.), выпісваецца на дошцы, а ўжо потым сказ запісваецца вучнямі ў сшытак. Пры такіх работах вельмі часта дзеці самі пытаюцца, якую паставіць літару ў тым ці іншым слове. У такіх разох, само сабою разумеецца, трэба падказаць, зьвярнуўшы ўвагу на гэта ўсяе клясы.

Карысна, калі вучні шукаюць спраўкі, як пішацца слова, дзе хочуць, абы не зрабілі памылкі. Наагул, трэба мець на ўвазе, што калі настаўнік ні разу не дапусьціць вучня зрабіць памылку пры пісьме, то за год ён можа дабіцца большых рэзультатаў у правапісе, чымся за некалькі год пры адваротных умовах (калі вучні будуць рабіць памылкі).

Дыктоўкі павінны адбывацца рэдка, лепш толькі ў тых разох, калі трэба зрабіць паўторнае практыкаваньне на некалькі правіл, напр.: на правапіс зычных гукаў, на правапіс галосных (аканьне), на канчаткі меснага склону іменьнікаў і падобн.

Матэрыялам для дыктовак могуць служыць, апроч стацей, і практыкаваньні, і задачкі, хоць апошнія прызначаны для сьпісваньня, асабліва, калі трэба паўтарыць правілы. Дыктаваць можна і прыклады з розных практыкаваньняў і задачак.

 

Б. Як трэба папраўляць памылкі?

 

Некаторыя пэдагогі даводзяць, што зусім няма карысьці папраўляць памылкі вучняў; яны кажуць, што настаўніку трэба толькі сачыць за тым, каб не паўтараліся памылкі, проці якіх трэба ўмяшацца дзеля сьвядомага іх зьнішчэньня (проф. Томсон). Але з гэтым ніяк нельга згадзіцца, бо калі перад вачыма вучня будзе стаяць вобраз слова ў няправільнай форме, то гэты вобраз можа застацца ў зрокавай памяці і будзе перашкаджаць набыцьцю граматнасьці. Усе тыя работы вучняў, у якіх могуць быць памылкі, настаўніку трэба паправіць.

Дыктоўкі сама лепш выпраўляць у клясе колектыўна пад кіраўніцтвам настаўніка, прычым лепей не пасьля ўсёй дыктоўкі, а пасьля кожнага сказу, бо тады вучні зварачаюць больш увагі на тое, што напісалі, і сьвяжэй у памяці вобразы напісанага; апроч таго, часта могуць быць адны і тыя памылкі (на адно і тое правіла); а калі адразу зьвярнуць увагу на памылку, то далей яе можа і ня быць.

Шмат менш будзе карысьці, калі настаўнік папраўляе дыктоўку дома і потым разьбірае яе ў клясе, бо ўжо вобразы таго, што пісалі вучні, будуць сьцёрты з памяці за даўнасьцю часу, і на папраўкі настаўніка яны зьвернуць менш увагі, як пры папраўцы ў той час, калі пішуць.

Пры першым спосабе праверкі (у клясе) прыдзецца напісаць менш, але карысьці будзе больш, як пры папраўцы настаўнікам дома ды яшчэ цераз некалькі дзён.

Падчырківаць памылкі ня трэба, бо гэта няпрыемна адбіваецца на самапавазе вучня, і можа адбіць ахвоту да работы. Лепей проста на месцы няправільных літар у словах напісаць выразна патрэбныя літары. Пры такім спосабе выпраўленьня памылак з аднаго боку, у зрокавай памяці вучня застаецца вобраз слова ў правільнай форме, а з другога—вучні ня зробяць памылак пры выпраўленьні работ, як было-б гэта ў тым выпадку, калі настаўнік толькі падчырквае памылкі, а ня піша адпаведных літар.

 

В. Як трэба глядзець на правілы правапісу пры навучаньні граматнасьці?

 

Усе навуковыя дасьледзіны псыхофізыолёгіі пісьма паказалі, што самы важны фактар у справе правапісу становіць выгляд (вобраз) напісанага слова і памяць пальцаў, як пры граньні на скрыпцы ці на раялі.

Вось што кажа аб гэтым профэсар мовазнаўства Томсон. “Амаль ня ўсе думаюць, што граматнасьць заключаецца ў тым, каб ведаць, дзе якую ставіць літару, і што ў гэтым уменьні ставіць правільна літары заключаецца мэта навучаньня пісьму. З гэтай прычыны, пры навучаньні правапісу ў школе, прымушаюць вучыць напамяць розныя правілы і словы, паводле якіх, пасьля доўгага разважаньня, можна вызначыць, дзе паставіць тую ці іншую літару. Не зважаюць на тое, што граматнасьць павінна быць у мускулах і нэрвах рукі, у рукарухоўных і зрокавых успамінах. Прымушаючы думаць аб літарах, настаўнік проста перашкаджае набыцьцю граматнасьці, г. значыць, аўтоматычнага пісаньня, бо мысьлі аб літарах будуць перарываць ход думак пры пісьмоўным укладаньні. Ня той граматны, хто ведае, дзе якая літара павінна стаяць, а той, хто піша, заўважаючы літары толькі пасьля іх напісаньня, ды і то толькі, як сустаўныя часьці слоў”. (“Общее языковедение”, стар. 424).

Згаджаючыся з тым, што вобраз напісанага слова і памяць пальцаў—важныя фактары ў справе навучаньня правапісу, тым ня менш трэба адзначыць, што і правілы правапісу граюць вельмі значную ролю ў гэтай справе. Правілы, як агульныя нормы пісьма, уносяць сьвядомасьць у процэс навучаньня правільнаму пісьму, бо даюць аснову таго ці іншага напісаньня слова, навучаньне-ж правапісу без знаёмства з правіламі будзе насіць характар мэханічнасьці. Вось чаму навучаньне правільнаму пісьму па гэтай кніжцы грунтуецца на папярэднім вывадзе правіл правапісу, без чаго нельга пісаць ні практыкаваньняў, ні задачак.

 

2. Правапіс знакаў прыпынку, або пунктацыі.

А. Параўнаньне знакаў прыпынку на пісьме з нотамі ў сьпевах.

 

Знакі прыпынку на пісьме, сьцісла кажучы, ужываюцца не дзеля таго, каб выдзеліць тую ці іншую сынтаксычную форму, а дзеля таго, каб паказаць, як належыць зьмяняць інтонацыю голасу пры чытаньні, і якія трэба рабіць паўзы (перапынкі). З гэтага боку знакі прыпынку на пісьме можна параўнаць з нотамі ў сьпевах.

Як ведама, знакі прыпынку на пісьме маюць тое самае значэньне, што ноты ў сьпевах. Нотныя знакі паказваюць павышэньне ці паніжэньне голасу, большы ці меншы перапынак (паўзу), фортэ, п’яно і т. д.; гэтае-ж самае значэньне маюць і знакі прыпынку на пісьме; напрыклад: пункт паказвае паніжэньне голасу і найбольшы перапынак (паўзу) пры чытаньні; коска—найменшы перапынак з невялікім паніжэньнем голасу; кропка з коскай—сярэдні перапынак з сярэднім паніжэньнем голасу; трохкроп’е або недаказ паказвае, што мова на нейкі момант абрываецца без паніжэньня голасу; двухкроп’е азначае прыпынак і паніжэньне голасу з увагаю на тое, што далейшае пералічваецца або аб’ясьняецца тонам ніжэй. Клічнік можна прыраўнаць да фортэ, дужкі—да п’яно, працяжнік—гэта затрыманьне ўвагі і г. д.

Вось чаму вельмі пажадана, каб пры навучаньні правапісу знакаў прыпынку выкладчык выходзіў з прынцыпу параўнаньня гэтых знакаў на пісьме з нотамі ў сьпевах, асабліва ў тых выпадках, калі знакі прыпынку адзначаюць вельмі выразную інтонацыю вымаўленьня, як, напр.: коска ў зьлітым сказе, пры прыдатках, пры аддзяленьні даданага сказу ад галоўнага, а таксама клічнік і пытальнік альбо працяжнік, двукроп’е перад пералічэньнем і ў прычынным злучэньні сказаў. Наогул кажучы, можна навучыцца ставіць знакі прыпынку без граматычных правіл, паводле інтонацыі голасу, таксама, як песьня з голасу пераносіцца на ноты. Пры ўласьцівым разуменьні таго, што значаць знакі прыпынку на пісьме, сынтаксычныя правілы маглі-б мець толькі дапаможнае значэньне. Тут важна яшчэ і тое, што пры такой пастаноўцы справы разам з навучаньнем пунктацыі, дасягаецца выразнае і сьвядомае чытаньне.

 

Б. Знадворныя прыметы і граматычныя правілы знакаў прыпынку і іх значэньне.

 

Сынтакс у справе пастаноўкі знакаў прыпынку дае нам знадворныя прыметы (коска перад а, але, як, дзе, які, каторы), або лёгічныя, змыславыя, ці, лепш сказаць, граматычныя правілы (выдзяленьне прыдаткаў, пабочнага слова, залежных сказаў коскамі; двукроп’е перад пералічэньнем ці перад паясьненьнем), не зварачаючы ўвагі на ўласьцівае значэньне знакаў прыпынку.

Прымаючы пад увагу, што ў сучаснай пэдагогічнай літаратуры прынцыпы навучаньня правапісу знакаў прыпынку на аснове інтонацыі вымаўленьня стала не распрацованы, абаснаваць на іх усё навучаньне гэтым правілам, покі што, нельга. Вось чаму ў гэтай кніжцы правапіс знакаў прыпынку ідзе паводле сынтаксычных правіл, і гэтым правілам надаецца такое-ж значэньне, як і правілам правапісу літар (ортографіі). (Бач. 1, В).

Але трэба ўсё-ж такі падчыркнуць, што вельмі пажадана пры навучаньні правапісу знакаў прыпынку прымаць пад увагу інтонацыю вымаўленьня, асабліва ў тых выпадках, дзе яна выразна. (Бач. А). Гэта значна ажывіць самую работу і будзе мець добрыя вынікі ў справе навучаньня пунктацыі.

 

III. Увага да гэтага падручніка.

 

Сучасная навуковая граматыка адлучае правапіс ад граматыкі. Правапіс, такім парадкам, становіцца асобным прадметам навучаньня, зьвязаным з граматыкай больш тэрміналёгіяй, як чым-небудзь іншым. Гэты падручнік і складае першую спробу калі ня вылажыць правапіс незалежна ад граматыкі, то хоць выдаць яго асобна ад граматыкі ды аслабаніць, такім чынам, граматыку ад неўласьцівага ёй зьместу.

Адсутнасьць у нас падручнікаў такога роду прымусіла аўтара надаць яму такога зьместу, каб яго можна было ўжываць і ў пачатковых школах, і ў школах вышэйшай ступені, і на ўсялякіх, пашыраных цяпер, курсах беларусазнаўства.

Ён складаецца з дзьвюх часьцін: а) з правапісу ў яго ўласным значэньні і б) знакаў прыпынку. Тут дадзены найважнейшыя правілы беларускага правапісу і найпатрэбнейшыя правілы пастаноўкі знакаў прыпынку з практыкаваньнямі на кожнае правіла. Трэба памятаць, што можа сустрэцца розьніца ў тэрмінолёгіі; так, напрыклад, імя, або імя назоўнае называецца тут іменьнікам, сказьнік— выказьнікам, дзеяслоўная прымета і дзеяслоўнае прыслоўе называюцца скарочана— дзеяпрымета, дзеяпрыслоўе. Апроч таго, зьменена адно правіла правапісу: форма абвеснага ладу 1-га спражэньня з націскам на канчатку— іцё—ыцё (нясіцё, пячыцё) заменена формай на— яце—аце (несяце, пячаце), дзе я, як у першым складзе перад націскам, бо форма на іцё ў такіх разох не адпавядае вымове і становіць нічым неабаснованае выключэньне.

Як ужываць гэты падручнік, гаварылася вышэй (бач. 2. Як ставіць навучаньне правапісу). Тут трэба прыбавіць яшчэ, што надрукаваныя ў канцы кожнай часьці падручніка “Матэрыялы для сьпісваньня і дыктовак” можна ўжываць для рознага роду як пісьменных, так і вусных граматычных і ортографічных практыкаваньняў, напрыклад: для пісьменнага выкладаньня прачытанага самымі вучнямі ці настаўнікам, пісьменнага і вуснага разбору, сьвядомага сьпісваньня, навучальнага дыктанту і падобн.

 

IV. Да другога выданьня.

 

Другое выданьне дапоўнена некаторымі новымі правіламі і ўведзены задачкі правапісальнага характару. Такім парадкам, зьмест кніжкі складаецца: 1) з правіл, 2) з практыкаваньняў да правіл для сьпісаваньня з падчыркваньнем слоў на адпаведнае правіла і 3) з задачак на некаторыя правілы.

Задачкі становяць сабою таксама практыкаваньне, толькі з пропускам літар на адпаведнае правіла. Не зважаючы на некаторы адмоўны бок такіх работ, задачкі могуць прынесьці карысьць пры паўтарэньні правіла, асабліва-ж яны патрэбны мала ўважлівым школьнікам, што сьпісваюць работу без належнай сьвядомасьці.

Дзеля таго, што другое выданьне зьмяшчае ў сабе больш-менш поўны зборнік правіл беларускага правапісу, гэтая кніжка выходзіць пад назовам: “Беларускі Правапіс”.

 

V. Да выданьня чацьвертага, нанава пераробленага і дапоўненага.

 

У гэтым выданьні зроблены наступныя зьмены:

1. Выпраўлены недагляды папярэдняга выданьня.

2. Зьменена рэдакцыя большасьці правіл, каб вышла карацей або ясьней.

3. Усе асобныя пункты правіл перанумарованы, каб адразу можна было зьвярнуць увагу на зьмест правіла.

4. Напісаны нанава правілы: 5, 12, 26, 27, 28, 29, 36, 48.

5. Паўторныя правілы вычыркнуты, але прыбаўлены новыя (3, 4; 33, 34, 38, 42, А, 3) і Б; прыбаўлены і практыкаваньні: 33, 37, 44, 45, 49, 55; дзеля гэтага нумарацыя правіл і практыкаваньняў зьмянілася.

6. Зусім перароблены: § 12. Правапіс іменьнікаў і § 13. Правапіс прыметнікаў.

Каб лягчэй найсьці патрэбную спраўку, правілы напісаны ў парадку склонаў, дзеля гэтага перастаўлены №№ задачак і практыкаваньняў.

Таксама перароблен § 17. Правапіс прыслоўяў, бо ўсе прыслоўі напісаны зьлітна з прыназоўнікамі.

7. Калі ў правіле прыведзена многа слоў—прыкладаў (бач. прав. 48, А, 1) і 50, 2) і 5), то яны напісаны паводле альфабэту, каб лягчэй можна было найсьці патрэбную спраўку.

8. Зьменены правілы: 1) ужываньне нескарочанага (складовага) і, калі яно стаіць асобна (бач. прав. 5, Б);

2) Прыслоўі-акалічнасьці напісаны зьлітна з прыназоўнікамі, каб адрозьніць іх ад іменьнікаў з прыназоўнікамі.

9. Складзен падробны зьмест “Правапісу” па парадку правіл, каб лепш было карыстацца “Правапісам” і скарэй знаходзіць патрэбныя правілы.

10. Усе зьмены і папраўкі ў гэтым выданьні зроблены братам маім і настаўнікам Антонам, за што вельмі яму дзякую.

 

VI. Да выданьня шостага, папраўленага і дапоўненага.

 

Гэтае выданьне надрукована з наступнымі зьменамі:

1) Зроблены значныя зьмены ў “Прадмове” як тэорытычнага, так і мэтодычнага характару.

2) У некаторых словах і сказах зроблены ортографічныя і сынтаксычныя папраўкі.

3) Унесены дапаўненьні і папраўкі рэдакцыйнага характару ў правілах I-ай часьці: 3, 6, 32, 33, 35, 39, 49 і ў II-ой часьці прав. 8, В; 9, 1) і к практыкаваньню 8, а таксама ў некаторых другіх правілах.

4) Нанава напісаны правілы: 6, 3); 16, 26, 27—II, 28, 48.

5) Дабаўлена правіла 281, і практыкаваньні 361 і 362.

6) §§ 5 і 6 разьдзелены на паасобныя тэмы, і зьменена нумарацыя §§-фаў, пачынаючы з 6-га.

7) Задачкі і практыкаваньні надрукованы курсыўным шрыфтам, які нагадвае рукапіснае пісьмо, што мае сваё значэньне пры навучаньні правільнаму пісьму.

 

VII. Да выданьня восьмага.

 

Восьмае выданьне выходзіць бяз зьмен, выкінуты толькі застарэлыя прыклады.

 

16/IV—29 г.

ЧАСЬЦЬ ПЕРШАЯ

 

ПРАВАПІС ЛІТАР І ГУКАЎ

 

§ 1. Вялікія літары.

 

ПРАВІЛА 1. Пісаць пачынаюць з вялікай літары. З вялікай літары пішуць і пасьля пункту. Апроч таго, з вялікай літары пішуцца іменьні людзей, іх прозьвішчы, назовы вёсак, сёл, гарадоў, мястэчак, рэчак, гор, краін, мясцовасьцяй, сьвят і інш. (Адам, Ксяневіч, Шчорсы, Нёман, Пажарніцы, Украіна, Купальле, Першае Мая).

 

Увага. У пісьмах (лістох) з вялікай літары пішуцца такія словы як Вы, Вас, Ягомасьць, Імасьць і іншыя словы, што замяняюць імя тае асобы, да каторай пішуць пісьмо.

Таксама з вялікай літары пішуцца назвы звычайных прадметаў, калі яны бываюць дзеячамі ў байках і падобных творах, напр.: Дуб і Чароціна, Сьвіньня і Салавей, Воўк і Авечка.

 

Практыкаваньне 1. У нашае Касі прыгожая сукенка. Каля Навасёлак цячэ рэчка Шчара. У мястэчку Берасьцечку каманда стаяла. Працоўны люд сьвяткуе Першае Мая. Не адзін Гаўрылка, што ў Полацку. У Марылі сшыткі заўсёды чыстыя. Язык Кіева дапытае. Менск стаіць на рэчцы Сьвіслачы. Навагрудзкі і Ашмянскі паветы сумежныя паміж сабою. Дняпро цячэ ў Чорнае мора. У Вільні засталося шмат старасьветчыны. Каля Вільні ідуць Панарскія горы. Беларусь ляжыць пасярэдзіне Эўропы. Наша старонка называецца Беларускаю Савецкаю Соцыялістычнаю Рэспублікаю. Вітайце дзень Першага Мая!

Практыкаваньне 2. Выпісаць спачатку прыклады з іменьнямі людзей, потым—з назовамі гарадоў, а нарэсьце—з назовамі рэчак і сёл.

Маленькі Грышка ўмее чытаць. У Касі чырвоная сукенка. У сяле Шчорсах таргуюць збожжам. Аўдзей усё між людзей. У Вільні жыве многа народу. Няпраўда, што ў Кузьмы грошы: хіба яму хто падкінуў. Рака Нёман цячэ ў мора. Язык Кіева дапытае. У горадзе Менску многа школ. Мой брат жыве ў Магілеве. Дзядзька Янкоўскі—стары ўжо чалавек. Сьвіслач—рэчка невялічка. Майстар з Міра: што цяў, то дзіра. Не адзін Гаўрылка, што ў Полацку. Рэчка Шчара цячэ ў Нёман. Я радзіўся ў засьценку Няйгертаве. У Гандзі сшыткі заўсёды чыстыя. Каля Навасёлак цячэ рэчка Гавязянка.

Задачка 1-ая. Сьпісаць і паставіць, дзе трэба, пункты і вялікія літары.

Нахмурылася неба сенажаць ужо скошана жыта на полі зжата птушкі перасталі сьпяваць лісьце патроху асыпаецца туман закрывае сьвет веюць халодныя вятры ідзе дробны дожджык поле ўжо апусьцела кончана работа сярпа птушкі ляцяць у вырай чуваць крык жураўлёў настала вясна прыгрэла сонейка асушылі вятры зямельку хутка расьце жыта цешыцца сэрца працавітага селяніна ціхае поле залаціцца сьпелым збожжам кожны колас наліваецца зернем пара ўжо жаць прышлі жнеі з сярпамі пачалася работа кладзецца пад сярпом збожжа ў полі работа скончана трэба прымацца за малацьбу.

 

§ 2. Перанос слова.

 

ПРАВІЛА 2. Калі слова на пісьме не зьмяшчаецца ў адным радку, то часьць яго пераносіцца ў другі радок. Каб правільна перанесьці слова з радка ў радок, трэба правільна падзяліць слова на склады ды пераносіць толькі цэлыя склады: са-рока, саро-ка, ве-рацяно, вера-цяно, вераця-но.

Адгэтуль відаць, што аднаскладовыя словы для пераносу ня дзеляцца: дом, дзень, сьнег, стол.

Пры гэтым трэба трымацца наступных правіл:

1) адна літара не пакідаецца і не пераносіцца. Прыкладам, нельга перанесьці так: у-міраць, ста-ю, я-ма;

2) з дзьвюх аднакіх зычных адна пакідаецца, а другая пераносіцца: кон-на, закон-ны, дванац-цаць, збож-жа, суч-чо;

3) калі паміж дзьвюма зычнымі стаіць ь, то часьць слова з ь пакідаецца, а другая пераносіцца: пісь-мо, паль-цы, жыць-цё, галь-лё, насень-не. Таксама робіцца, калі ў сярэдзіне слова ёсьць й ці ў: хвой-ка, зай-чык, лаў-ка, галоў-ка;

4) злучэньне зычных разьбіваецца: крас-ка, каз-ка, салод-кі, цёп-лы, леп-шы, друж-ба, абяр-нуць; але дз і дж ніколі не разьбіваюцца, бо яны азначаюць адзін гук: гарадз-кі, дож-джык, але—ад-зімаваць, ад-жаць, бо тут выпадковае злучэньне гукаў “д” і “з—ж”;

5) калі прыстаўка творыць склад, то яна аддзяляецца пры пераносе ад кораню: на-ступны, на-ткнуцца, па-стаяць, пры-сту-піцца, раз-бор, але няможна перанесьці так: аб-ярнуць, бо тут няправільны падзел на склады; трэба— абяр-нуць;

6) пры пераносе слова ставіцца знак пераносу— рыска (-).

Практыкаваньне 3. Сьпісаць ды падзяліць рыскамі словы так, каб паказаць, як іх можна перанесьці.

Зямля, сонны, хвораст, мятла, лямпа, трынаццаты, пятніца, няпраўда, багацьце, каменны, сьмецьце, сусед, акуркі, крыльле, капелька, абвестка, салаўінае гняздо, нельга, дошка, сястра, разьвязаць, капуста, ласкавы пастух. Дожджык, дожджык, перастань! Апусьцела поле. Чырвоны дзедзя па жэрдцы едзе (запаленая лучына). Роўнае поле. Знайка бяжыць, а нязнайка ляжыць. Дарожачка жоўтым лістам запала. Ой у полі жыта капытамі зьбіта! Лепшы дома хлеб аўсяны, як на вайне пытляваны. Стаяла бяроза тонка да высока, на корань глыбока, на лісьце шырока. А што то за пташачка ў садочку пяе, адкуль яна, бедная, прычыты бярэ?

 

§ 3. Мяккі знак і апостроф.

 

ПРАВІЛА 3. Мяккі знак не азначае ніякага гука, а толькі паказвае на пісьме, што зычны гук вымаўляецца мякка: соль, конь, сінька, бацька, дзядзька; стольстол, вугальвугал.

1) Літара Ь пішацца тады, калі зычны гук чуваць мякка: гусь, пальцы, камень, кузьня, сенажаць, чытаць.

2) Часам Ь паказвае на пісьме, што мяккі зычны ня трэба зьліваць з наступным галосным: зьем, зьява.

3) Пасьля зычных б, д, п, м, р, ніколі ь ня пішацца; каб ня зьліваць іх з галоснымі, ставяць апостроф над радком паміж літарамі: аб’явіць, пад’есьці, п’яўка, сям’я, пер’е, вераб’ёў.

Пасьля з у такіх разох пішацца ь: зьесьці, зьяўленьне, разьехаліся, разьюшаны.

 

Увага. Апостроф ставіцца яшчэ ў тых разох, калі трэба паказаць на пісьме, што слова скарочана: мо’, трэ’, яшчэ.

 

4) Таксама ь ня пішацца пасьля н перад шыпячым гукам, напр.: меншы, іншы, кончык, паншчына, віншаваць, хоць часамі вымаўляецца мякка. Але пасьля л у такіх разох ь ставіцца, напр.: большы, пальчык.

5) Ў (нескладовае) ня зьліваецца з наступным галосным, але паміж імі ня ставіцца апостроф: здароўе, безгалоўе, я ўю, ты ўеш, яна ўе, мы ўём вяроўку, салаўіны, мураўіны, мураўёў.

Практыкаваньне 4. Настала халодная восень. Надвор’е пахаладнела. Мядзьведзь любіць мёд. Жаль увагі ня мае. Уся сям’я п’е гарбату. Беларускае пісьмо. У кузьні паляць вугаль. Нудна над вухам зьвініць авадзень. Кожны вугал неласкава глянуў на Алеся. Столь пабелена мелам. Стол накрываюць настольнікам. Каваль куе сталь. Брыдка быць нямыцькам. Матку жаласьць агарнула. Вёска стаяла на ўзгор’і. Горка зьесьці, а жаль пакінуць. У паветры ўецца павуціна. Адам уе аборку. Разьюшаны леў вельмі страшны. На сем двор адзін тапор. Голуб сеў на стрэху. Многа народу зьехалася на кірмаш. Добрым людзям на здароўе. Зьзяе на небе яснае сонца. Вераб’і шчабяталі. Здарэньне новага зьяўленьня. Даб’ёмся самі лепшай долі. Госьці ўжо разьехаліся. Вецер разьвеяў пер’е. Адзін хоць зьеж вала—усё адна хвала. Кіньма думкі аб долі гаротнай! Ня трацьце марна часу! Сядзьма на калодзе, пагаворым а прыгодзе. Работа і корміць, і поіць. Чужая болька нікому не баліць. Тань, да тавару ня гань. Дзяўчаты пайшлі ў тан. Плыты сталі на мель. Мел капаюць у гарах.

Задачка 2-ая. Сьпісаць і паставіць, дзе трэба, заместа рысак Ь.

Конь— бяжыц—— зямля дрыжыц—. Мядзьведз—любіц— мёд. Настала халодная восен—. Жал— увагі ня мае. У нашай хаце стол— пабелена мелам. Мы купілі новы стол. Нудна над вухам зьвініц— авадзен—. Пятрус— купіў сталёвыя кан—кі. Кавал— куе стал—. Мол— паела вопратку. Хлопчык парэзаў сабе пал—цы. Гаспадар прадаў сажан— дроў. Беларускае піс—мо. Кол—кі табе год? Сасновыя дровы вельмі колкі. Каму гаравац—, таму ня ўмірац—. Абцёр бац—ка вус рукою, твар і лоб свой лысы. Надз—муўся, як мыш на крупы. Кінуў ён гул—ню з сябрамі. Кожны вугал— неласкава глянуў на Алеся. У куз—ні паляц— вугал—. Побач з хатай стаяла варывен—ка. Эх, як міла, весялен—ка ў роднен—кім куточку! Матку жалас—ц— агарнула. На гул—ню пустую плюн—, махні рукою. Вось на мел— плыты ўзагналі. Мел патрэбен для бялен—ня с—цен. Брыдка быць нямыц—кам. Нямыц—кі гарады дзержац—. Сядз—ма на калодзе, пагаворым а прыгодзе. Пад вечар цен— большае. Тан—, да тавару ня ган—. Дзяўчаты пайшлі ў тан.

Задачка 3-яя. Сьпісаць ды паставіць, дзе трэба, заместа рысак Ь або (апостроф).

Адзін хоць з—еж вала—усё адна хвала. Чэрві аб—елі лісьце. Аб—явілі набор. Нудна выглядае надвор—е ўвосень. Дзе п—ецца, там і льлецца. Яны аб—ехалі навокала сьвету. Здарэньне новага з—яўленьня. Ён сеў ды з—еў увесь абед. З—зяе на небе яснае сонца. Многа народу з—ехалася на кірмаш. Мы пад—ехалі к гары. Засталіся адны аб—едкі. Нядаўна быў з—езд. Конь п—е воду. Вераб—і шчабечуць. Надвор—е пахаладнела. Вецер разьвеяў пер—е. Пад—ярэмнае жыцьцё. Ледзь уз—ехалі на гару. Вёска стаіць на ўзгор—і. Іржа з—ела залеза. Б—ецца, як рыба аб лёд. Вырасла травінка ў сям—і прыгожых васількоў. Уся сям—я п—е гарбату. Зьвяр—ё жыве ў пушчы. П—яўкі жывуць у балотнай вадзе. Пад—яжджаючы пад горад, мы здалёк ужо бачым вежы і хвабрычныя коміны. Госьці ўжо раз—ехаліся. Ад п—янства дабра ня бывае. На бязрыб—і і рак рыба. Усім па сем, а гаспадару восем, гаспадыні дзевяць, бо хораша дзеліць. У нас завёўся дзікі голуб. Раз—юшаны леў вельмі страшны. Горка з—есьці, а жаль пакінуць. Ходзяць па полі ў раздум—і мужчыны.

 

§ 4. Літары У, Й і прыдыханьне.

 

ПРАВІЛА 4. Літары Й і Ў. Літары Й і Ў пішуцца тады, калі гукі і і у ня твораць асобнага складу, напрыклад: рай, мой, вайна, хвойка; воўк, кароўка, пісаў.

Практыкаваньне 5. Сьпісаць і словы з літарамі й і ў падчыркнуць.

Паехаў мой сынку на вайну. Згінуў сьнег з сырой зямлі. Ані вухнуў, ані рухнуў. А воўку памоўка, а воўк тут. Мы знайшлі малога зайчыка. Ня руш нічога і ня бойся нікога. Будзь здароў, як рыжык бароў. Май усяго даволі, а бяды ніколі. Або пан, або прапаў. На мяжы расла хвойка. Бярэш кароўку, бяры і вяроўку. Мы чыталі байку пра зайца. Поўнач пеўні пракрычалі. У нашага барана роўная воўна. З поўначы холаду, сіверу буйнага, гусі на поўдзень ляцяць. Стукаў дзяцел і жаўна. Прыветна сонейка глядзіць. Паліўся срэбрам сьпеў прыгожы ў далёкай сіняй вышыні. Май—каню сена дай, а сам на печ уцякай. Поўна бочачка віна, нідзе дзірачкі няма. Эх, як слаўна, як прыгожа, хораша, прыстойна! Над палямі змрок прарваўся, па нізе расплыўся. Міма хмурынка прайшла. Між палёў шырокіх я адзін стаю. Уецца павуціна. Стагі на лузе вежамі жаўцеюць. Роўненькім шнурочкам жураўлі на вырай ляцяць над лясочкам. Салавей у гаі сьвістаў.

 

ПРАВІЛА 5. А. Калі гук у стаіць асобна ці на пачатку слова, дык бывае то складовым, то нескладовым.

1) Ў (нескладовае) пішацца тады, калі папярэдняе слова канчаецца на галосны гук, напрыклад: Пусты ўлетку нашы сёлы. Было ў бацькі тры сыны.

2) Калі прыназоўнік у стаіць у сказе паміж галоснымі, то дае ў вымове в, але пішацца ў (нескладовае), напр.: Каза ўлезла ў агарод (заместа “в агарод”). Снапы сушылі ў азяродах (заместа “в азяродах”). Два мядзьведзі ў аднэй (заместа “в аднэй”) бярлозе ня месьцяцца.

3) У (складовае) пішацца тады, калі папярэдняе слова канчаецца на зычны гук, або калі перад у стаіць які-небудзь знак прыпынку, а таксама на пачатку пісьма. (Над ракой туман узьняўся. Чуцен сьвіст у полі. Усюды зелена, усё расьце, усё наліваецца).

 

Увага: У вершах дзеля разьмеру можа быць ў заместа у і наадварот. Напрыклад:

Чыстых хмарак валаконцы

Сталі у кружочак

Вышай лесу, проці сонца

І сплялі вяночак.

(Я. Колас).

 

4) Пачатковае у ў чужых словах у нашай мове ніколі не чаргуецца з ў, напр.: унівэрсытэт, унівэрсал, узурпатар, Уран, Угоршчына і г. падобн.

Б. Гук і, стоячы асобна ці на пачатку слова, таксама бывае складовым і нескладовым, але пішацца заўсёды і (складовае), напр.: Пуста і гола ўсюды. Прышло і лета. Няволя і плача і скача. Павінную галаву і меч ня іме. Золата ў попеле відаць. Конік, сошка і араты мерна ідуць па полі. Мы ішлі, яны ідуць.

Практыкаваньне 6. Работа даўно скончана. Пуста і гола ўсюды. Пачарнеў шырокі луг. Яны ўвайшлі ў хату. Хмарка на небе ўзышла. Будзе кірмаш і на нашай вуліцы. Сонейка толькі што ўзышло. Бацька і маці вярнуліся з поля. Аднаму і ў кашы няспорна. Птушкі ў лесе шчабяталі. На ўзгорку расла грушка. У чужое шчасьце ня мухай упасьці. Салавей сьпяваў у гаі. Аўдзей усё між людзей. Ляніваму каню і дубіна ня страшна. Сіла і салому ломіць. Нават свойскія качкі і гусі пачуваюць час выраю. Воўка ногі кормяць. Хто дбае, той і мае. Сабраліся хлопцы ўвечар. Увосень багат і варабей. Дабро для ўсіх—наш правадыр. Хто быў нічым, той стане ўсім. Ужо прамінулі няўзгоды пакутныя. Вот узышла ўжо першая вячэрняя зорка. Куды ні глянь—усюды зелена. Ён яго і поіць і корміць. Тухнуць агні, і ўсё заціхае. Агні патухлі, усё заціхла. Вот табе і на! Цесна зьбіліся нашы хаты, як авечкі ў летні жар. Адны вочы і плачуць, і сьмяюцца. Баламутка на ўсякія штукі хутка. Даль паўнютка ціхай смуты. Лес туманам заснаваўся. І рыкам леў сваім будзіў і лес стары, і чыста поле. На чужыне птушкі жывуць усе разам: тут поплеч і кнігі, і бакасы, і качкі, і чаплі. Вецер увосень жудою шуміць.

ПРАВІЛА 6. 1) Калі слова пачынаецца з галоснага гука о, у ці э пад націскам, то перад імі ставіцца прыдыханьне в або г: вочы, вокны, возера, Ворша, вуха, вугаль, гэты.

Прыдыханьне можа стаяць і ў сярэдзіне слова паміж дзьвюма галоснымі: навука, павук, цівун.

2) Нескарочаны прыназоўнік у (складовы), стаўшы перад словам, што пачынаецца гукам а, падвойваецца і дае ў вымове ув, але в пішацца зьлітна з наступным словам, як прыдыханьне, напр.: у ваднае мацеры пяць сыноў. Дом у вагні. Сем варот у вадзін агарод. Працуй да поту, а еж у вахвоту.

3) Калі слова пачынаецца гукамі р, л, в, м, а за імі ідзе таксама зычны, то к слову прыстаўляюцца гукі і або а, напр.: іржышча, іржа, лён—ільну, леў—ільва, лоб—ілба, ільняны і альняны, Альбоў (горад), імгла, імжака, імчаць, імха, імхом, Амсьціслаў, аржаны, амшара, аўторак і пад.

Але трэба пісаць: стужка, скрыпка, груша, граць, зноў і пад. без прыстаўнога і, бо гэтыя словы не пачынаюцца вышэй азначанымі літарамі.

Слова льлецца пішацца бяз і, бо тут адзін гук л, толькі падвойны.

Практыкаваньне 7. Навука лепей за багацьце. Навука дае чалавеку розум. Вучыся, нябожа: вучэньне паможа змагацца з нядоляй, з няволяй. У ваднае мацеры пяць сыноў (пальцы). Пастушкі разлажылі агонь. Дом у вагні. Ні акон, ні дзьвярэй—поўна хата людзей (гарбуз). На адно вуха глуха, а на другое ня чуе. Іржуць коні за Сулаю. Увосень лётае павуціньне. Ці Лявон, ці не Лявон, а з раду ня вон. Іржа залеза есьць. Вузел быў хітра завязаны. Сьляпому вочы завязаны. За вачыма сьвету ня бачыць. З ільну ткуць палатно. На прыгуменьні стаяў азярод. Снапы сушылі ў азяродзе. Снапы сушаць у вазяродах. Вокны адчынілі. У вадчыненым акне разьбілася шыба. Прыехаў мой брацейка з Альбова, пытаецца—сястрыца ці дома? З пахмурнага неба сыпалася імжака. Дзеці знайшлі асінае гняздо. У васіным гнязьдзе былі вашчыны. У сад вяла вузенькая сьцежка. Халодная восень прышла. Халодны асеньні вецер. Аржаная каша сама сябе хваліць. Жыта пасеялі на ільнянішчы. Сем варот у вадзін агарод. Коні імчаліся наўскапыта. Гэты цьвеце па ўсім сьвеце. Воран ворану воч ня выклюе. Дзеці забілі вужаку. Воўк залезны, а хвост альняны (іголка і нітка). Каменны вугаль дастаюць з зямлі. Імглін—павятовы горад на Браншчыне. Птушка ня крыкне нідзе ні адна. Ніводнае зернятка не прапала. Радзівон касіў грэчку. Два мядзьведзі ў аднэй бярлозе ня месьцяцца. У ваднэй дзежачцы два цесьцечкі (яйцо). Аколіцы Вільні вельмі прыгожыя.

Задачка 4-ая. Сьпісаць і паставіць, дзе трэба, у або ў.

Яны —вайшлі — хату. Хмарка на неба —зышла. Птушкі — лесе шчабяталі. Пусты —летку нашы сёлы: —се на полі за сярпом. Былі — бацькі тры сыны, да —се-ж яны Васілі. Жар гарыць — печы. Салавей сьпяваў — садзе. Ціха на полі — палудзень гарачы. На —згорку расьце хвойка. Многа тут гразі — нягоду, многа пылу — летні жар. Аўдзей —сё між людзей. Сонейка толькі што —зышло. Нешта зьвініць — небе тоненькім срэбным звонікам. Жураўлі —гары крычаць. Куды ні глянь — —сюды зелена. Цесна зьбілісь нашы хаты, як авечкі — летні жар. Збожжа без пары пажоўкла — полі. Вада — рэчках абмялела. Вот —зышла —жо першая вячэрняя зорка. Пачуецца сабачы брэх, і —сё заціхае. Хлопцы надумаліся пайсьці — грыбы. Чорныя баравікі так і стаялі — іх вачох. Гаснуць агні па хатах, і — вёсцы наступае цішыня. Месяц яшчэ ня —зышоў. Са страхам —зышоў Міхась на ганак школы. — школе яшчэ нікога ня было. За вёскай — полі прытуліліся могілкі. Могілкі — полі адны-адзінюткі. На —зьмежку расла груша. Цяжка —здыхнуўшы, збаны пастаўлялі, клункі на межы паклалі жнеі. Шчыраю рукою ўбрала лета —весь белы сьвет. Сабраліся хлопцы —вечар.

Практыкаваньне 8. Перапісаць і заўважыць правапіс гуку і.

Сьпяць зімою купчастыя бярэзіны і магутныя дубы. Мы і шлі на рынак. Ён яго і поіць і корміць. Стукаў дзяцел і жаўна. Будзе кірмаш і на нашай вуліцы. Калі не наеўся, то і не наліжашся. Моцна сьпіць шырокая рака: глядзіш— і здаецца, што яна мёртвая. Але гэта толькі здаецца: пад ковамі лёду і дзе работа, кіпіць жыцьцё. На лёдзе там і сям паказаліся палонкі. Варушыцца рака: чуе і яна вясну новага жыцьця. Трасе яна сваімі дужымі плячамі, і лёд ломіцца і трашчыць. На беразе стаіць цэлая куча народу. Тут і старыя, і малыя, мужчыны і дзеці. Аднаму і ў кашы няспорна. І рыкам леў сваім будзіў і лес стары, і чыста поле. Альбо і грай, альбо грошы аддай. Было ліха ды і пагоршала. Самі сьлёзы і дуць. Вот табе і на! З чаго хлеб, з таго і пірагі. Дудар дудару дарма і грае. Ліст на дрэвах пажоўк і асыпаўся. Ужо і халодная восень прышла. Толькі жыта маладое расьце і руніцца. Будуць ветры за вугламі выць і плакаць, і стагнаць. Пуста і ціха ўсюды. Сьпяць і заўсёды зялёныя хвоі і яліны. Кусты і дрэвы таксама здаюцца нам зімою мёртвымі. Лісьце дрэву непатрэбна ўвосень, і яно іх скідае. Абміраюць назіму і вужакі, і жабы, і яшчаркі. Золата і ў попеле відаць. Калі грыбна, дык і хлебна. Нават свойскія качкі і гусі пачуваюць час выраю: яны падлятаюць, крычаць і лапочуць крыльлем. На чужыне птушкі жывуць усе разам: тут поплеч і кнігі, і бекасы, і качкі, і чаплі. Мяккі сьнег лятае пухам і канца яму няма. Хто дбае, той і мае. Сіла і салому ломіць. Хай і мчыцца наша песьня птушкай па-над гаем.

 

§ 5. Правапіс зычных гукаў.

 

1. Звонкія і глухія зычныя.

 

ПРАВІЛА 7. Гукі р, л, м, н, называюцца плаўнымі: яны ня маюць падобных глухіх і дзеля таго заўсёды вымаўляюцца выразна.

Нявыразнымі зычнымі гукамі бываюць звонкія і глухія. Напрыклад, словы: нож, лёд, просьба вымаўляюцца, як— нош, лёт, прозьба.

Каб пазнаць, якую літару ў такіх разох трэба пісаць на месцы нявыразнага зычнага гуку, трэба слова зьмяніць так, каб пасьля нявыразнага зычнага стаў галосны гук (нож—нажы, просьба—прасіць, грозьба—гразіць, дуб—дубы, хлеб—хлеба, плод—плады, плот,—платы, гразьгразі; молат—малаток, молад—малады і г. д.).

Практыкаваньне 9. Адзін хлеб прыедліў. Засыпце яму пяском! І за шчэпку знойдзеш прычэпку. Старой бабцы хораша і ў шапцы. Адвага або мёд п’е, або кайданы трэ. Бывала горш, але рэдка. Не разгадалі загадкі. Дождж і град, і галалёд. Важыш на рыбку, важ і на юшку. Пойдзе мой сыночак пракладаць дарожкі. Мы ішлі сьцежкаю. Свая сярмяжка нікому ня цяжка. У горадзе гарадзкія парадкі. Ніткі ссукалі ў пяць столак. Сала было ў пядзь таўшчыні. Прысядзьце каля нас! Калёсы паставілі пад павець. Вам незнаёма нядоля людзкая. Тут стаялі ваяводзкія палацы. На ўзьмежку расла грушка. Вось улез у цёмны лес! Аддай сваю здольнасьць грамадзкай справе! Ветрык ледзь-ледзь набяжыць. Страву пасалілі трыма драбкамі солі. На слупку сядзела птушка. Вецер хмары шыбка гоніць. На лузе расьлі маладыя дубкі. Град пабіў жыта. У каваля цяжкі молат. У холад кожны молад. Бацька на калодцы лапаць выплятае. Сядзем радком, пагаворым ладком. Сам сабе рад. Год на год ня прыходзіцца. Ты, брат мой, еж хлеб свой. Адзін з сошкай, а сямёра з ложкай. Гушчу зьеў, жыжку пакінуў. Падарож была цяжкая. Ежце, да ў вочы ня лезьце. Бегала ліска каля лесу блізка. Сказаў казку з прыказкай. Ні просьбаю, ні грозьбаю. Сусед ехаў улегцы. Без падмазкі блінца не сьпячэш. На капусту купілі новую кадзь. Лебедзь—рэдкая птушка.

Задачка 5-ая. Сьпісаць і зьмяніць словы паводле ўзору (дуб—дубы, луг—лугі.).

I. Слуп—слупы, дуб—дубы, плот—, плод—, воз—, зуб—, мароз—, нож—, абраз—, стораж—, горад—, холад—, рог—, мох—, луг—, стог—, бераг—, гвозд,— дождж—, жолуд—, сноп—, лоб—, голуб—, шубка—, каробка—, дроб—, бабка—, грыбкі—, хлеб—, сьнег—, пірог—, начлег—, абед—, лёд—, лодка—, год—, параход—, бародка—, дарожка—, нож—, ножкі—, кніжка—, ложка—, дрож—, піражкі—, казка—, сьлёзкі—, гразь—, воз—, расказ—, мядзьведзь—, хатка—, градка—, бок—, град—, народ—.

II. Просьба—прасіць, цяжкі—цяжар, касьба—, рэдка—, малацьба—, гарадзкі—, гарадзьба—, прызба— (хоць—прысыпаць), гразка—, адзежка—, дзежка—, почапка—, кладка—, еж—ежа, кветка—, дзетка—, дзедка—, лёгкі—, салодкі—, рэдкі—, гладкі—, молат—, молад, глыб—, лебедзь—, вузка—, кадка, губка—, ястраб—, жэрдка—, рэпка—, мозг—, пруд—, нізка—, вузкі—, людзкі—, везьці—, несьці—, сьцярог—.






Не нашли, что искали? Воспользуйтесь поиском:

vikidalka.ru - 2015-2024 год. Все права принадлежат их авторам! Нарушение авторских прав | Нарушение персональных данных