Главная

Популярная публикация

Научная публикация

Случайная публикация

Обратная связь

ТОР 5 статей:

Методические подходы к анализу финансового состояния предприятия

Проблема периодизации русской литературы ХХ века. Краткая характеристика второй половины ХХ века

Ценовые и неценовые факторы

Характеристика шлифовальных кругов и ее маркировка

Служебные части речи. Предлог. Союз. Частицы

КАТЕГОРИИ:






Задачка 37-ая. Сьпісаць і паставіць, дзе трэба, літары: ь, е, э.




Ня трац—це марна часу! Плачце вочы, хоць павылаз—це: бачылі, што куплялі! Пазычаны хлеб еж ды аглядайся. Кін—це стрэльбу і вуду, і я ў вас буду. Прысядз— —госьць будзеш! Цёсачка, цёсачка, а потым—стой, воўк цябе рэж! Сядз—ма мы паабедайма, паабедаўшы, пагавор—ма! (п). Б—це, б—це біты камень, агню даставайце, маладую застрыгайце! (п). Не каж—це, шэры гусі, што я тут гарую, а скаж—це, шэры гусі, што я тут паную (п).

 

§ 17. Правапіс прыслоўяў.

 

 

ПРАВІЛА 48. А) Большасьць прыслоўяў—гэта акасьцянелыя формы зьменных часьцін мовы. Яны служаць у сказе акалічнасьцямі і звычайна пішуцца зьлітна з рознымі дапаможнымі словамі.

Адносна правапісу прыслоўяў трэба кіравацца наступнымі правіламі:

1) Прыслоўі з прыназоўнікамі заўсёды пішуцца зьлітна, бо прыслоўе, як нязьменнае слова, ня можа мець пры сабе асобнага прыназоўніка, напр.: аможа, бясконца, вобмаль, здалёк, змалку, знадворку, зранку, зраньня, зусім, зьнячэўку, наадварот, навотлех, навыперадкі, недарэмна, назаўсёды, нанава, напавер, напотым, напярод, насустрач, наўздагон, наўцёкі, паасобку, пазалетась, пазаўтра, пазаўчора, памаленьку, памалу, помаль, патроху, патрошкі, паціху, спавагу, спадыспаду, удаўжкі, ушыркі, узімку, улетку і інш. (Бач. прав. 20, А, 2), б).

2) Адмоўныя дапаможнікі не (ня), ні пішуцца зьлітна з наступнымі прыслоўямі: неахоцьцю (“Неахоцьцю пайшоў на работу”), некалі, некалісь, неўзабаве, нідзе, ніколі, нікуды, няма.

Але часам трудна адрозьніць прыслоўе ад назоўніка (акалічнасьць ад дапаўненьня). Гэта бывае ў тых разох, калі слова можа быць і дапаўненьнем, і акалічнасьцю, напр.: перапалохацца насьмерць (акалічнасьць)—убраньне на сьмерць (дапаўненьне), вучыць напамяць (акалічнасьць)—браць сабе на памяць (дапаўненьне).

У такіх разох трэба кіравацца наступнымі ўвагамі:

а) Калі ў беларускай мове націск падае на прыназоўнік, то ён служыць прыстаўкаю і, значыць, з наступным словам пішацца зьлітна; у падобных выпадках слова будзе служыць у сказе акалічнасьцю (прыслоўе), а не дапаўненьнем (назоўнік), напр.: вобземлю, завідна, замуж, зараз (але забраў за раз), нанач, насьмехі (падняць насьмехі), поўдню, подчас, поначы, потым, сосну, сосьмеху і падобн.

б) Наадварот, у словах: збоку, насустрэчу, уніз, уверх, зьнізу, зьверху, увесну, увосень, удзень, уночы, утрох, ушасьцёх, па-нашаму, спачатку, дадому, паняволі і падобн. прыназоўнікі могуць ужывацца зьлітна і асобна з наступнымі словамі, у залежнасьці ад таго, якімі членамі служаць гэтыя словы ў сказе—акалічнасьцю ці дапаўненьнем.

Трэба прыназоўнікі пісаць асобна ў наступных выпадках:

1) Калі іменьнікі стаяць з прыметнікамі: у дзень асеньні, у восень дажджлівую, у вадзін дзень, у самую восень і г. д.

2) Альбо калі дзеяслоў з прыназоўнікам патрабуе якога-небудзь склону; напр.: па няволі ня плачуць (ня плачуць па чым?), да дому было тры вярсты (было да чаго?). Але: свой свайму паняволі брат; мы прыехалі дадому (дамоў).

3) Такія формы прыслоўяў з прыназоўнікам па, як: па-беларуску, па-расійску, па-нямецку, па-дзіцячы, па-дзявочы, па-воўчы і падобныя лепей пісаць з злучком, бо калі пісаць іх зьлітна, то прышлося-б у слоўніку ставіць адно і тое слова два разы: без прыназоўніка і з прыназоўнікам.

4) Трэба заўважыць правапіс наступных прыслоўяў: раз-по-раз, перш-на-перш, гады-ў-рады, калі-ні-калі, як-ні-як, дзе-ні-дзе, ледзьвя-ні-ледзьвя, ледзь-ледзь, чуць-чуць, больш-менш, абы-дзе, абы-як.

 

Увага. Прыслоўе “таксама” пішацца зьлітна, калі не выражае параўнаньня; напр.: “іменьнікі, прыметнікі, а таксама лічэбнікі і займеньнікі— зьменныя часьціны мовы”. Але “шэсьць” скланяецца так сама, як і “пяць”.

 

Б) Канцовыя гукі ў прыслоўях.

 

Правапіс канцовых гукаў у прыслоўях найчасьцей залежыць ад таго, як гэтыя прыслоўі вытвараны, г. значыць, якую форму ад зьменнай часьціны мовы яны становяць; напр.:

а) Я ў канцы знаходзім у тых прыслоўях, што становяць сабою формы даўнейшых дзеяслоўных прыслоўяў цяперашняга часу: наўмысьля, адумысьля, загадзя, ледзьвя, малавеля, таквеля, як хаця, пасьля, або проша, а таксама ў прыслоўях: сёньня (сёдня, сягодня) і сёньні, зраньня і інш., бо гэта формы роднага склону іменьнікаў, як сёлета.

б) У ў канцы знаходзім у прыслоўях, што становяць формы роднага ці вінавальнага склону: зранку, змалку, зьнячэўку, знадворку, спадыспаду, спавагу, улетку, узімку і інш., як пяску, смутку, кніжку.

в) Прыслоўі, што канчаюцца на “на”, часам ужываюцца з “не”, напр.: пэўна—пэўне, слушна—слушне, сільна—сільне, нудосна—нудосьне, надарэмна—надарэмне, зграбна—зграбне, наўмысна—умысьне, а таксама тымчасове (тымчасова, тымчасам), годзе—годзі, дзе е ў канцы паказвае на форму меснага склону іменьніка, як балазе (=добра; “балазей”—форма параўнальняй ступені ад “балагі”=добры, як лепей ці ляпей).

г) Прыслоўі з неазначальнай часткаю “ці”: дзесьці, калісьці, некалісьці.

Практыкаваньне 60. Сонца зранку жарам пыша; ветрык лісьце чуць калыша, вее чуць паўз верх зямлі (Я. Кол.). Што ўвесну ножкаю коп, то ўзімку ручкаю хоп. Гэта зроблена наўмысьля. Ішлі мы памаленьку, вобмацкам, каб папацёмку (попацемку) на што не наткнуцца. Абы-як прышло—лёгка і з рук сышло. Увесну— кораб вады, да коўш гразі; а ўвосень— коўш вады, да кораб гразі. Дзе недагляд, там заўсёды наклад. Грозен рак, да ззаду вочы. Папаў, як у нерат: ні ўзад, ні ўперад. Ні адтуль, ні адсюль. Не сядзі бокам: тут табе не нарокам. Сеў уперак: ні назад, ні наперад. Ляціць конь заморскі, іржэ па-польскі (камар). Шатавіла-матавіла па-нямецку гаварыла (ластаўка). Ветрык ледзь-ледзь набяжыць. Пусты ўлетку нашы сёлы. Увосень уся прырода пачынае заміраць. Падарожныя ад утомы ледзь перастаўлялі ногі. Ад кургана да кургана, ад гаю да гаю ў пяць нітак лягла цьмяна дарожка крывая. Усьлед думкам неспакойна вецер падвявае. Апалае ўвосень лісьце пойдзе расьлінам на карысьць. Усе пералётныя птушкі пакідаюць нас назіму ды ляцяць у вырай; застаюцца зімаваць толькі галкі, вароны, вераб’і, сарокі, цецярукі ды яшчэ некаторыя птушкі. Страхі найчасьцей здараюцца ўночы. Уночы чалавек кепска бачыць, і тады баязьлівы чалавек самую пустую рэч прымае за нямаведама што. Баба перапалохалася насьмерць ды няпрытомна кінулася бггчы. Уканцы зайшла гутарка пра розныя здарэньні. Ой, памалу, памалу, пастушок, іграй, майго сэрца не ўражай! Гэта ўжо занадта! Памажы мне, галубка, ячмень зьвязаць—Калі-ж, кумка, жыбулькі надта колюцца! Наша ластавачка, напрыклад, лятучы ў вырай, пралятае дарогу ўвелькі да дзесяці тысяч міль. Воўк увелькі з сабаку. Ажно падышлі нарэсьце тыя самыя людзі. Каля самага берагу, у вадзе, чуць-чуць шарасьцеў чарот. Сьпераду ляцяць самыя дужыя птушкі—правадыры. На чужыне птушкі жывуць усе разам: і кнігі, і бакасы, і качкі, і чаплі, а навокала— драбязга: валасянкі, падманкі, беражанкі і жаваранкі. Дзе-ні-дзе садок зялёны. Памалу далей станеш. Часам я ўночы сны дзіўныя бачу. Жаданы час нарэшце настаў. Заўтра рана, яшчэ досьвіту, пойдуць яны ў дарогу. Навет (нават) свойскія качкі і гусі пачуваюць час выраю. І ўспомнілася мне казка, каторую даўно-даўно, у часы шчасьлівага дзяцінства расказвала мне нябожчыца баба. А вясна тымчасам рабіла сваё дзела. Перш-на-перш, мы суседзі. Сонца ўдзень распускае там косы свае, ночкай зоры глядзяць залатыя. Праца марудна, бясконца цяжка! Не аб шумна-разгульнай бяседзе-разгульлі, не аб славе забытага краю гэту песьню сягоньня складаю (Я. Куп.). Хоць раз да наўскач. Усяго патрошку. Да дому было тры вярсты. Мы прышлі дадому (дамоў) раніцай. Сьпераду грэе, а ззаду вецер вее. Шатавіла-матавіла па-нямецку гаварыла, па-турэцку заварочвала; сьпераду шыльца-вільца, спадыспаду палатно, а зьверху аксаміт (ластаўка). Так-сяк, накасяк, абы не па-людзку. Свой свайму паняволі брат. Па няволі ня плачуць. Аднаму годзі (годзе), а другому глодзі (глодзе). На яду мастак, а на работу сяк-так. Поверх дзярэўя ходзіць. Поўна, роўна, к верху дном. Галоднаму воўку і заветра понутру. Пад’еў ды набак. І адсюль баляча, і адтуль гарача. Змоладу прарэшына, а пад старасьць дзірка. Любага госьця ўлетку частуюць мядком, а ўвосень —малачком. Датуль збан воду носіць, покі вушка цэла. Здалёка бачыць тваё вока. Знасілу ніхто ня служыць. У яго і ўзімку лёду не дастанеш. Уніз пайшоў. Ня войтава дачка, а дарэчы гаворыць. Упоперак стала. Калісьці было, да быльлём зарасло. Ні калі то было, ні калі то будзе. Пакуль на гумне цэп, патуль на стале хлеб. Ой, відаць, на навальніцу зранку прыпякае! Сваю будову мурашкі начынаюць зьнізу. Хто з вас ня бачыў круглых кучак, падобных да горкі зямлі, насыпанай наўмысьля? Гэта мурашкі. Мурашкі працуюць удзень бесьперастанку.

§ 18. Правапіс злучнікаў і дапаможнікаў.

 

ПРАВІЛА 49. 1) Складаныя злучнікі пішуцца зьлітна, напр.: абы (=а+бы), або (=а+бо), ажно (=а+ж+но), ато (=а+то), аднож (=ад+но+ж), нібыта (=ні+быць+то), нібы (=ні+бы), альбо (=аль+бо), каб (=ка+б), быццам (=дзеяслоў “быць” з зваротным займеньнікам “ся”), нашто (=на+што), зашто (=за+ што), затым (=за+тым), затое (=за+тое), штоб (=што+б), прынамсі (=пры+нам+сі), чымсі (=чым+сі)—апошнія два злучнікі з прыстаўною часткаю “сі”; у неазначальным займеньніку будзе “ся” (чымся— займеньнік).

2) Складаныя злучнікі: нашто, зашто, затым, затое, штоб— трэба адрозьніваць ад займеньнікаў з прыназоўнікамі або дапаможнікамі, бо займеньнікі пішуцца асобна ад другіх слоў; напр.: “нашто дарма траціцца”— „на што паставіць лямпу”. “ Затым казак гладак, што пад’еў ды набак”.—“За тым домам быў вялікі сад”. “Кося, кося, штоб толькі злавіць удалося”. “ Што-б ты даў за гэта?” У першых сказах словы: нашто, затым, штоб— злучнікі; а ў другіх сказах словы: на што, за тым, што-б— займеньнікі і дзеля таго напісаны асобна ад прыназоўнікаў “на”, “за” і дапаможніка “б” (бы), прычым “што-б” напісана з злучком, бо:

3) дапаможнікі б—бы, ж—жа, то, небудзь—нібудзь, абы, быля пішуцца з папярэднім словам з злучком, напр.: добра было-б, каму-б гэта даць; рад-бы, пайшоў-бы, а мой-жа ты суседзька! Ды куды-ж ты, дуб зялёны, пахінаешся? Ці-то птушка кінула зярнё, ці-то ветрам занясло яго? Што-то будзе, што-то будзе? Што-небудзь, хто-небудзь, якое-нібудзь, каторая-небудзь, дзе-небудзь, калі-небудзь, абы-хто, абы-што, быля-хто, быля-што і г. д.

4) Калі-ж гэтыя дапаможнікі сходзяцца разам, то яны паміж сабою злучком ня зьвязваюцца; напр.: куды-ж бы мне пайсьці? вот быў-бы ж рад! то-то б была радасьць!

 

Увага. Дапаможнікі “о”, “ж” стаяць посьля галосных, а “бы”, “жа”—посьля зычных; напр.: які-б, чаму-ж; ён-бы пайшоў, дай-жа мне і г. д.

 

5) Дапаможнік “няўжо” сустракаецца ў форме “няўжо-ж” і “нёж”, напр.: Пойдзеш ты куды?— Няўжо-ж не! (=Нёж не!).

Практыкаваньне 61. Сьпісаць і заўважыць правапіс слоў, надрукаваных звычайным шрыфтам.

Ці-то птушка тая кінула зярнё, ці-то заняслося бураю яно? Сам ня ведаю, чым мілы, чым вы сэрцу любы, выхаванцы веку, сілы, маладыя дубы! Чымся мілым, чымся родным ад вас павявае, аж мне сэрца ў сьпеў лагодны ціха ахінае (Я. Кол.). Які-б то быў крук, каб выпусьціў з рук. Чымсі з благім квасам, дык лепей з вадою, абы не з бядою. Хоць з вадою, абы не з бядою. За што купіў, эа тое і прадаў. І паху яго штоб ня было тут! Каб-жа то была праўда! Калі-ж бы я што калі каму якое, а то я ніколі нікому нічога,—дык за што-ж мне тое? Каму за шутку прымаюць, а другому за тое-ж скуру зьдзіраюць. Касіць-бы касіў, калі-б хто косу насіў. Лепей лычны мір, чымсі раменная справа. Ня тут-то было. Нібы-то была жывая вада. Сьвініна—псіна, дрозд—саланіна, да калі-б к гэтаму дразду да кусок сала, то-то-б была патрава. Цешыўся старац, што перажыў марац, ажно ў маю нясуць яго да гаю. Што-б было з нашаю чайкай, калі-б мы ехалі ў ёй подчас буры па моры? Вагар стаў-бы пералівацца цераз край, і нам не ўдалося-б вярнуцца пад бераг, асабліва, калі недалёка ад берагу ёсьць падводнае каменьне. Разгарыся, вячэрняя зорка, перад раньняю, разгарыся! Расхадзіся, наша гаспадынька, перад жнейкамі, расхадзіся! Адмыкай-жа высокія церамы залатымі ключмі, адмыкай-жа! Засьцілай-жа тонкімі абрусамі цясовыя сталы, засьцілай-жа! Да вітай-жа першую жнейку-пастацяначку, да вітай-жа! Адтаго мы пагалелі, што соладка пілі і елі. Ад таго месца да места пяць вёрст. Што нам да таго, што ён няўзоркі. А датаго, ён яшчэ ня ў сталых гадох. Тады-то і было, як па вадзе плыло. Ці ўсё-то спажыць, што ў чужой клеці ляжыць! Нашто козамі сена травіць? Нашто ў клець ісьці па муку, калі торба вісіць на круку? У ёй і крупы драныя, і кускі ламаныя. Грошы круглы, адтаго і коткі. Дай свае табакі, ато ад чужое нос баліць (прыказка). Высока над зямлёю чуваць маркотны крык жураўлёў; борзда ляцяць яны з поўначы на поўдзень і сваім крыкам быццам шлюць нам сваё апошняе разьвітаньне. Хоць-бы дзе кусьціка рэдкая цень!

 

§ 19. Правапіс складаных слоў.

 

ПРАВІЛА 50. 1) У складаных словах злучальныя гукі о—е чуваць выразна толькі пад націскам, напр.: куродым, сыровадка, сухедні; не пад націскам будзе ая, напр.: сенакос, пустацьвет, ліхалецьце, зямлятрус *) і г. д.

У правапісе складаных слоў трэба кіравацца наступнымі правіламі:

2) Калі націск прыходзіцца на другую часьць складанага слова, то кожная часьць яго пішацца так, як яна пісалася-б асобна (падобна складаным лічэбнікам, бач. § 13), г. зн., што як у першай, так і ў другой часьці складанага слова застаюцца тыя самыя галосныя, што стаяць у васнове, калі слова ўжываецца асобна; напр.: бажаволіць (ад “бажаць-хацець”), белабокі, белабрысы, белагаловы, белапаясы, Беларусь; вестаноша, ветрагон, вялікадворац, вялікалюд, вялікаселец, вярбалоз; галавасек, голабокі, галаледзіца, голапяты, гарбаносы, горладзёр, гэтарочны (гэтага году); дзеньгубіць, дзеньдзівірыць (гультайстваваць), добрадзей, домаверка (аканомка), доўгавязы, доўгагрывы, доўганосы, доўгатрывалы, дробнарэзка; жоўтабрушка; касавокі, кашаланоша; Малібожка, (фамілія), марнатраўнасьць, мовазнаўства, новабранец, нямаведзь; пакацігарошак, паласказуб (паласкаць зубы,) прадзеньгубіць, прыродазнаўства, роўналетак, роўнапраўны; саломарэзка, самасейка, сарвігалава, сенажаць, сіваваронка, словавытварэньне, старарэчча, старцавод, сыраежка (грыб), сэрдабольны; табаканюх, торбатрос; чарваточына, чорнабыль, чорнагалоўка (трава), чорнабрывы, чорназём, чорнакніжнік; штодзенны, штодня; церасьсядзельнік.

Словы, зложаныя з “поў”, “паў” ці “палу”, ня маюць злучальных гукаў і беспасярэдна далучаюцца адно да другога: паўгода, паўчварта рублі, паўпята, паўшасты вярсты, паўвасьма, паўсяма, паўчвартаста, паўпудовік; “зажурыўся малойча ў паўдарожкі едучы”; “за маладога поўзалатога”; але гэтыя словы пішуцца з “а”, як— палукашак, палудзень, палуднаваць, дзе першая часьць мае форму “палу”, бо і “поў” асобна рэдка ўжываецца.

3) Калі націск прыходзіцца на першую часьць складанага слова або на злучальны гук, то другая часьць падлягае аканьню (е застаецца, як заўсёды, пасьля націску ў аснове), напр.: поўнач, поўгада, поўдзень, дабранач, дабрыдзень, ягомасьць, імасьць, палукашак, пакацігара, сыровадка, як “непагадзь” (непагода).

4) Калі ў тэй ці другой часьці складанага слова адбыліся фонэтычныя (гукавыя) зьмены, то такое складанае слова падлягае аканьню, напр.: галялёд (з “голалёд”), галаледзіца, санажаць (з “сенажаць”), бадай (“бог дай”), сваволя, сваволіць (але своявольнік), канавал, канавод (з “каня вадзіць”), кажамяка (вельмі старое слова, калі “ж” было яшчэ мяккае), селядоршы (другі пасьля старэйшага брата); начлег, мядзьведзь або вядзьмедзь; сюды трэба аднесьці словы: сяголета, сягодня, сягоньня, сёньня ці сёньні, бо слова “сей” цяпер асобна ніколі ня ўжываецца, а таксама: каламазь, чартапалох, Багдановіч, кашаплёт і падобн., бо тут складаныя часткі слова не выклікаюць прадстаўленьня цэлых слоў.

5) Калі складанае слова зложана з цэлых слоў, што азначаюць назву аднаго якога-небудзь прадмета, то гэтыя словы пішуцца з злучком; напр.: айцец-маці, айцец-матка (=бацькі), браточкі-сакалочкі, вясельле-разгул, груша-сіраціна, Дунай-рака; каліна-маліна, клён-дзярэўца; малодкі-лябёдкі, малыш-каратыш; папараць-кветка, пацеха-забава, песьня-дума, песьня-весялушка, паміж пустак-балот, пушча-лес; размай-зельле, рута-мята, рыба-плотка; салавей-птушка, струны-самагуды, сын-сірата, срэбра-злота; траўка-мураўка, трын-трава; узьвей-вецер; хвоя-веліч, хлеб-соль, хлопцы-малойцы; шатавіла-матавіла, шура-бура, шчучка-рыба і інш.

6) Таксама з злучком пішуцца:

а) падвойныя фаміліі: Дунін-Марцінкевіч, Лабко-Лабаноўскі, Дуж-Душэўскі, Сьвятаполк-Мірскі;

б) складаныя прыметнікі: сьнежна-белы, цёмна-сіні;

в) два дзеясловы, калі выражаюць адно дзеяньне: пацяклі-паплылі, узбудую-узьвяду, падхапілі-ўзялі;

г) складаныя прыназоўнікі: з-за стала, з-пад лому, па-над морам (бач. прав. 20, Б, 4);

і д) складаныя выклічнікі: ха-хаха! ого-го! дзын-дзын! іга-га-га! бом-бом!

 

§ 20. Правапіс чужаземных слоў.

 

ПРАВІЛА 51. 1) Словы чужаземныя, узятыя з чужое мовы даўно і вядомыя шырокім народным масам, як свае родныя, падлягаюць нашаму правапісу і пішуцца так, як гэта чуваць у штодзенным ужытку: літара, дарэктар, адукацыя, аканом, або аконам, арганісты, паляруш, калідор, леварвэр, камісія, камітэт, сакратар, самінарысты, а таксама— камуністы, сацыялісты, як беларускія прыметнікі.

2) Словы чужаземныя (інтэрнацыянальныя, або міжнародныя), што ўжываюцца ў кніжках і ў кніжнай мове і да народу не дайшлі або дайшлі нядаўна, пішуцца так, як у тэй мове, адкуль яны запазычаны: тэлеграф, тэлеграма, монолёг, тэатр, рэволюцыя, коопэрацыя, політычная экономія, дынастыя, партыя, інспэктар, рэдактар *), дыктаваць, дыктант, дыктоўка і г. д.

Пры гэтым, у правапісе чужаземных слоў інтэрнацыянальных, або міжнародных, трэба трымацца наступных правіл, каб зблізіць іх вымову (фонэтыку) з вымовай родных слоў:

а) Заместа падвойных зычных пішуцца простыя: каса, маса, сума, тэлеграма, комунізм, Фінляндыя, Голяндыя, процэс, профэсар, граматыка, тэрыторыя, ілюстрацыя, ілюмінацыя, бэлетрыстыка і г. д., а ня касса, масса, сумма, тэлеграмма, коммунізм, Фіннляндыя, Гольляндыя і г. д.

Толькі ў некаторых словах застаецца падваеньне: Ганна, манна, ванна, бонна, Мекка, Будда, мадонна і некат. іншыя.

б) Чужаземнае l перадаецца мягкім “ль”, як гэта чуваць у пераважнай большасьці абеларушаных чужаземных слоў; трэба пісаць і гаварыць: Лёндон, лёзунг, монолёг, філёлёг, філёзофія, лёяльны, колёквіум, Голяндыя, Фінляндыя, як— лямпа, клямка, пляц, плястыр, кляс(а), пляшка і інш., але такія словы, як капітал, адмірал, артыкул, мускул, тытул, формула, пратакол, канікулы, фістула, карбункул і інш., маюць цьвёрдае л на канцы.

в) Чужаземнае і пасьля зубных (д, т, з, с) і зацьвярдзелых (ж, ш, ц, ч, р) перадаецца літараю ы, напр.: дыплёмат, дынастыя, дыктоўка, тып, тыран, актыў, актыўны, позыцыя, пасыў, пасыўны, унівэрсытэт, асыстэнт, сынтакс, нацыя, рацыя, констытуцыя, коопэрацыя, рэжым, шыфрованы, аварыя, Баварыя і г. далей, як магазын, Сымон, тыфус, даць дыхту і інш.; пасьля іншых зычных будзе і, напр.: міністар, маніфэст, архіў, капітан, капітал, пірат, навігацыя і г. д. Словы “Сібір”, “сібірны”, “азіят”, пішуцца “і”, адгэтуль: Азія, аказія, фантазія, рэцэнзія, поэзія, колізія, дзе пасьля з пішам і.

г) Гук ф у словах кніжных ці запазычаных нядаўна перадаецца літараю ф, напр.: форма, географія, факт, фронт, фортуна, філёзоф, маніфэст, Афон, фамілія, фабрыка, Францыя і г. д.

Але калі запазычанае слова з гукам ф ужываецца ў нашай мове даўно, то яно абеларусілася, і ў такіх абеларушаных словах гук “ф” падмяніўся гукамі х, п, хв, напр.: Піліп, Язэп, хунт, хвароба, кахля, хваля, картопля (бульба), шупляда, Хама, Хвёдар, Апанас і іншыя.

д) Чужаземны гук th (θ) заўсёды перадаецца гукам т, напр.: каталік, катэдра, Тодар, Агата, Тамаш, арытмэтыка, артографія, міт, лёгарытмы, патос, Атэны, Пітагор і шмат інш.

е) Чужаземнае “е” перадаецца гукам э, як гэта чуваць у штодзенным ужытку (фэст, пасэсар, аптэка, сэсія), напрыклад: маніфэст, тэатр, тэхніка, тэлеграф, рэспубліка, рэдактар, пэдагог, бібліотэка, канцэлярыя, унівэрсытэт і г. далей, а таксама на пачатку слоў: этыка, элегія, экватар, эволюцыя, этымолёгія, элемэнт, эфэкт, Эўропа, Эгіпэт. Але пасьля чужаземнага г (лацін. g) і к трэба пісаць літару е, як у словах абеларушаных (ангельскі, гестка, банкет, кецка, кірмаш з—кермаш), кілішак (з—келіх—келішак), кірунак (з—керунак), напр.; альгебра, геолёгія, геомэтрыя, географія, геодэзія, Гедымін, Ягела (Ягайла), Германія, агент, рэгент, лагер, генэрал, легенда, генэза, геніяльны, інтэлігенцыя, анкета, анкер, букет, банкет і іншыя.

З прычыны блізкага падабенства ў вымаўленьні гукаў г і й даўней поплеч з г пісалі й, напр.: рэгестррэестр (рэйестр), лёгіка—лёіка (лёйіка), географія—еографія, геомэтрыя—еомэтрыя і г. д. Прыведзеныя словы можна пісаць гэтак і цяпер.

ж) Чужаземныя іа, іе, іо, (лац. літары) перадаюцца злучэньнямі ія, іе, іо, пасьля зацьвердзелых —ыя, ые, ыо, напрыклад: геніяльны, спэцыяльны, нацыянальны, рацыянальны, матэрыял, фіялка, варыянт, піетызм, гігіена, эмбрыон, бібліотэка, бібліографія, бібліобар’ер, кар’ера, ар’ергард і іншыя.

з) Чужаземны дыфтонг au (лацін. літары) перад зычным перадаецца злучэньнем аў, напр. аўтар, аўдыторыя, аўтэнтык, аўдыенцыя, аўкцыон, браўнінг, фаўна, лёкаўт, фэўдальны і інш., але перад галосным будзе ау, напрыклад: Шопэнгауэр, Бауэр, Ауэрбах і інш.

Мяккі знак (ь) у чужаземных словах пішацца пасьля мяккіх л, н, перад ётавым галосным, напр.: Нью-Ёрк, рэльеф, мільён, барэльеф, мэдальён, Вільям і інш.

Пасьля чужаземных прыставак ад—, кон—, об—, суб —перад ётавымі галоснымі ставіцца апостроф (‘), а ня мяккі знак, напр.: кон’юнктура, ад’ютант, об’ект, суб’ект, кон’югацыя і іншыя, а таксама пасьля р: кур’ер, бар’ер, кар’ера, ар’ергард, і іншыя.

к) У правапісе чужаземных уласных іменьняў могуць быць адступленьні ад некаторых, вышэй пералічаных правіл, каб дакладней перадаць гукавы склад гэтага слова, а дзеля гэтага ў некаторых уласных іменьнях могуць пісацца падвойныя зычныя (Эдда, Тассо, Мэкка, Мільлер, як Ганна, бонна), а літара і можа пісацца пасьля зубных і зацьвярдзелых, напр.: Люзітанія, Кадікс, Шіраз і іншыя.

Беларускія іменьні людзей найлепш пісаць так, як гавораць у народзе кожнае мясцовасьці, напр., Язэп, Якуб, Апанас, Лукаш, Тамаш, Грыгор, Мікола, Грышка, Тодар і Хвёдар, Кастусь і Канстантын, Юрка, Антось, Ігнась, Міхась, Міхал і Міхайла, Янка, Сьцёпка, Паўлюк; Ганка, Марыля і Марыся, Наста, Юста і Юстына, Зося, Алеся, Кася, Катарына і Кацярына, Амілія, Магда і Магдалена і г. д.

л) Вульгарызованыя формы некаторых сучасных чужаземных слоў у літаратурнай мове не дапускаюцца; напр., трэба пісаць і гаварыць: доктар, адвокат, фэльдшэр і фэльдшар, доктрынэр, гувэрнэр, вакзал, экзамэн, аэроплян, вэлёсыпэд, інспэктар, а ня іначай.

м) У чужаземных словах дапускаюцца такія злучэньні, як бю, кю, гю, невядомыя беларускай мове, напр.: бюро, бюджэт, Кюрі, Гюго, Бельвю, Дэ-Бюсі, Мюзэта, Жюрі і падобн.

Практыкаваньне 62. Сьпісаць і чужаземныя словы падчыркнуць.

“Пролетары ўсіх краёў, злучайцеся!”—пролетарскі лёзунг. Маркс і Энгельс напісалі “Комуністычны Маніфэст”. Праганяйце багоў з нябёс, а капіталістых—з зямлі! Соцыялістычная філёзофія абсолютна несумяшчальна з рэлігійнымі ідэямі. Хрысьціянскі соцыялізм—антысоцыялізм. Беларускае Коопэрацыйна-Выдавецкае Таварыства. У Заходняй Беларусі ляжыць цэнтр Эўропы. Гіпотэнуза, катэт і пэрпэндыкуляр. Пачатковы курс політычнае экономіі. Лёндон—сталіца Англіі. Нацыянальнае пытаньне. Студэнты Беларускага Пэдагогічнага Тэхнікуму разьехаліся на летнія вакацыі. Мілітарызм і імпэрыялізм. Тэлеграфная станцыя. Навуковы соцыялізм. Курляндыя і Ліфляндыя—сумежныя паміж сабою. Тэхніка і супрацоўніцтва ў соцыялістычным грамадзтве. Пролетарская ідэялёгія і ідэялёгія буржуазных кляс. Клясавая барацьба. У Фінляндыі ёсьць прыгожы вадаспад Іматра. Сумаю называецца агульны лік пры складаньні. Прамыслова-капіталістычны грамадзянскі лад. Рэволюцыя і эволюцыя. Беларускі Дзяржаўны Унівэрсытэт. Соцыяльная рэволюцыя і соцыяльная рэформа. Конфіскацыя прыватнай уласнасьці. Псыхолёгічныя падставы панаваньня пролетарыяту.

Практыкаваньне 63. Сінія хвалі шумяць і бурляць. Хвядос пайшоў да нябёс (дым). Сястра стаяла на ганку. Хата пакрыта гонтамі. Фабрычныя работнікі забаставалі. У нашым горадзе шмат фабрык. Антоля купіла сіняе хварбы. На рэчцы бывае вагар. Вагар перавярнуў човен. Хмаркі ахварбаваліся ў залаты колер. Андрэй Кузьме родны Хвёдар. Агата гуляла з Тодарам. Кніжкі ляжалі ў шуплядзе. Трапіў, як куляй у плот. Гэты дубец вельмі разгаты. Жыта пасеялі на картаплянішчы. Картопля—заморская расьліна. Ня бразгайце дзьвярыма! Выскачыў, як Піліп з канапель. Дзяўчынка пашыла сабе беленькі хвартушок. Хама з Апанасам пайшлі на рынак. Мы вучыліся арытмэтыцы. Брату купілі новыя галёшы. У нас кахляная печ. Язэп купіў пяць хунтаў цукру. Пранук пайшоў у хвальварак. Тамаш вучыўся заграніцай. Наша Хацім’я хоча капусты і бацьвіньня. Малако стаяла ў гарнушку. Яўхім прынёс бярэмя дроў. Ня фігуруйся, Грышачка! На дварэ стаялі хурманкі. Паліто было на хутры.

 






Не нашли, что искали? Воспользуйтесь поиском:

vikidalka.ru - 2015-2024 год. Все права принадлежат их авторам! Нарушение авторских прав | Нарушение персональных данных