Главная

Популярная публикация

Научная публикация

Случайная публикация

Обратная связь

ТОР 5 статей:

Методические подходы к анализу финансового состояния предприятия

Проблема периодизации русской литературы ХХ века. Краткая характеристика второй половины ХХ века

Ценовые и неценовые факторы

Характеристика шлифовальных кругов и ее маркировка

Служебные части речи. Предлог. Союз. Частицы

КАТЕГОРИИ:






Як выдумляюцца страхі.




 

Страхі найчасьцей здараюцца ўночы. Уночы чалавек кепска бачыць і часта самую пустую рэч прымае за страх. Апрача таго, неразумныя людзі страшаць маленькіх дзяцей цемнатою, усялякімі дзядамі з торбамі, каторыя быццам бяруць плаксівых, нягодных дзяцей. Памаленьку, незаметна для нас самых, у нашую душу засяваецца зерня страху, ад каторага чалавеку потым трудна збавіцца. Незразумелае і страшнае для нас усё тое, чаго прычыны мы ня ведаем.

Ішла раз уночы баба. Дарога праходзіла паміж могілак і карчмы. Карчма стаяла па сярэдзіне дарогі. Напроці карчмы, крокаў за сто, стаялі могілкі—цёмныя, старыя, з хваёвымі крыжамі. Могілкі з іх старою драўлянаю капліцаю, з некалькімі тоўстымі хвоямі і зялёнымі клёнамі, карчма з гнілою, аброслаю мохам страхою—рабілі ўсё месца страшным і дзікім.

Як толькі баба падышла пад карчму, то пачула, што на могілках нешта плакала, як дзіця. Гэта пугач ці сава сьвістаў у гнілой капліцы. Баба перапалохалася на сьмерць ды няпрытомна кінулася бегчы. Прыбегшы да вёскі, яна расказала пра невядомы плач. З гэтага часу простыя людзі і сапраўды сталі што-небудзь бачыць або чуць, калі здаралася ісьці аднаму ўночы паміж карчмы і могілак, хоць там і нічога ня было.

Болей навукі—меней страху!

 

Жыта.

 

Неспакойна зашумела жыта маладое,

Зранку самага трывожна шэпча зеляное.

Каласочкі на саломках галоўкай качаюць,

Каплі роскі на іх лісьці чыстым срэбрам зьзяюць.

 

Што шуміш так неспакойна, жыцейка, у полі?

Ці ня чуеш, што пад градам зьляжаш ў роўным доле?

Ды і сонца ў цёмных хмарах твар свой закрывае.

Ой, відаць, на навальніцу зранку прыпякае!

 

“Што-то будзе, што-то будзе?” ў межах шэпча жыта.

Даль няласкава туманам-смагаю закрыта.

Ой, няхай лепш хмара з градам зьнікне ў чыстым полі!

Няхай жыта, нашу ўцеху, не кране ніколі!

 

Ня шумі-ж ты гэтак сумна,

Маладзенькі колас,

Бо нам ў сэрцы смутак родзіць

Шуму твайго голас!

Якуб Колас.

 

Ластаўкі.

Прыляцела ластаўка з далёкага выраю. Села яна на страху старога гумна ды зашчабятала. Вясёленькая песенька яе так і пасыпалася па ўсім дварэ мілым шчэбетам. Уляцела яна ў гумно даведацца свайго даўнейшага леташняга доміка. А ён за зіму абсыпаўся, абвіс павуціньнем, і толькі камячок гразі дзяржаўся каля сахі, на каторую апіралася страха гумна. Туды прыляцела і другая ластаўка. Пашчабяталі яны ў дзьвёх, парадзіліся ды давай папраўляць сваю хатку. Ачысьцілі яны яе ад павуціньня і пылу. Кожны дзень па некалькі разоў прыляталі яны ў гумно, насілі ў дзюбках клейкую гразь, замазвалі дзіркі ды далей рабілі гнязьдзечка, каб яно было глыбейшае і большае. Доўга працавалі ластаўкі, і вылепілі яны харошанькае кругленькае гнязьдзечка. Тады сталі насіць пёрцы ды высьцілаць імі дно. Самічка-ластавачка несла там свае маленькія рабенькія яечкі.

Цераз тыдні два з яечак вышлі голенькія маленькія птушачкі з жоўценькімі роцікамі. У тое гумно часта прыходзіў гаспадарскі сын Пятрусь. Любіў ён, лёгшы на саломе, пазіраць як турбаваліся старыя ластаўкі, носячы корм сваім маленькім дзеткам. А маладзенькія ластавачкі садзіліся ў гнязьдзе ў рад і разьзяўлялі роцікі, як толькі прылятала да іх каторая-небудзь старая ластаўка. Старыя клалі корм кожнай па чарзе. Пятрусь любіў на гэта пазіраць і лежачы ціха сам сабе сьмяяўся.

 

Лета.

 

Прышло і лета. Куды ні глянь—усюды зелена, усё расьце, усё сьпее, усё наліваецца. Лісьце на дрэвах вырасла ва ўвесь свой рост і весела трапечацца на сонцы. Весела пазірае стары лес, што расьце за сялом ды цягнецца па краёх поля, як разак, пастаўлены зубамі ўгару. Кусты арэшніка, верабіны, чаромхі густа разрасьліся ды далёка параскідалі свае зялёныя галіны. Так зелена, так густа скрозь, што, здаецца, не пралезеш у лес! Птушкі аж глушаць сваімі галасамі, сваім шчэбетам. Некаторыя, раньнія, ужо вывелі дзетак ды клапатліва шчабечуць каля сваіх гнязьдзечак, як нянькі каля калысак. Колькі красак, колькі ўсялякіх матылёчкаў, мошак і пчолак! У паветры стаіць бясконца шум і звон ад іх крыльляў.

Поле пакрылася зяленівам. Ужо выплыў авёс, ячмень. Цягнуцца палоскі гароху з харошанькімі чырвоненькімі і сіненькімі кветкамі. Там відаць зялёненькія стужкі лёну з сіненькімі галоўкамі; бялее грэчка, наліваецца жыта, і ціха шарасьціць яно ў полі сваімі срэбнымі каласкамі. Як слаўна глядзець на гэтыя вузкія палоскі-стужкі сялянскага збожжа, калі сьвежы ветрык калыша іх і вядзе з імі невядомыя спакойныя размовы! Жаваранкі рассыпаюцца над імі песьнямі, круцячыся ў небе.

 

Вучыся.

 

Вучыся, нябожа: вучэньне паможа

Змагацца з нядоляй, з няволяй;

Што мучыць сягоньня, што думкі трывожыць,

Зьбяжыць і ня прыдзе ніколі.

 

Жаль згіне, як мара; ня будзеш няздарай,

Нідзе і ні ў чым не заблудзіш;

Ты праўду ў няпраўдзе, як сонца між хмараў,

Спазнаеш, як цёмен ня будзеш.

 

Такая прынука, як праца й навука,

Ці-ж можа нам сіл не дадаці?

З такімі сябрамі, знай, будзе ня штука

І гора сваё зваяваці.

 

Крыўдзіцеляў зможаш, сьлед вечны праложыш

І к долі, і к волі, і к славе,

Адно ты прачніся, вучыся, як можаш,

Ці дома, ці на школьнай лаве.

 

Ўсе людзі значэньне пазналі вучэньня,

Адзін толькі ты ані дбаеш.

Цямней ты, нябожа, як ночка асеньня,

І шчасьце такое ты маеш!

Я. Купала.

 

Горы.

 

Горы, як волаты, падымаюцца к небу. Гор у дзьве-тры вярсты ёсьць шмат, але пападаюцца горы і ў сем, у восем, нават у дзесяць вёрст увышкі. Унізе гары цёпла, а чым вышэй, тым робіцца халадней. Дзеля таго на горах і расьліны розныя. Унізе расьце вінаград, розныя сады, вышэй—лясы дубу і ясеню; потым растуць вольха, рабіна, бяроза; а яшчэ вышэй, за воблакамі, ідуць кусты, лугі з дзіўнымі краскамі. Там толькі горныя пастухі пасуць свае стадкі. Яшчэ вышэй—мох ды голы камень, а на самым версе—лёд ды сьнег. Там толькі арлы лётаюць.

Шмат рэк пачынаюцца ад сьнягоў, што растаюць у горах. Яны цякуць уніз гаманлівымі ручаямі і вадаспадамі. Па дарозе падмываюць груды лёду і сьнегу, каторыя часамі абвальваюцца ды засыпаюць цэлыя вёскі.

Горы рэдка стаяць паасобку. Яны цягнуцца доўгімі хрыбцінамі то вышэй, то ніжэй. Паміж гор ляжаць долы, чарнеюць правалы. Густыя туманы поўзаюць па вузкіх горных праходах. Горы часта закрыты воблакамі і толькі ў ясныя дні здалёку віднеюцца сваімі сьнегавымі белымі верхавінамі.

 

Ідуць крыгі.

 

Моцна сьпіць шырокая рака. Глядзіш—і здаецца, яна мёртвая. Але гэта толькі здаецца: пад ковамі лёду ідзе работа, кіпіць жыцьцё. Жыве рака.

А перавальчыкі не перастаюць бубнець і крычаць пра новае жыцьцё. На лёдзе там і сям паказаліся палонкі, прагрэтыя сонцам. Варушыцца рака, падымаюцца яе грудзі. Чуе і яна ўжо вясну новага жыцьця. Трасе яна сваімі плячыма, і лёд покае, трашчыць. Не задзяржаць ракі гнілому ланцугу расколатага лёду. Прабіваецца яна на вольны сьвет, выходзіць з берагоў, ломіць і крышыць усё, што хоча стрымаць яе волю.

А крыгі—астача сьцюжы—з глухім шумам і выцьцём, як дзікія зьвяры, злосна скрыгічуць старымі гнілымі зубамі, як праціўнікі шчасьця людзкога.

 

Прышла вясна.

 

Ужо прайшла зіма цяжкая—

Мароз, мяцеліца ліхая!

Паплыў з вадою крыгаў лёд,

І сьнег ад сонца тае ўлёт.

Ужо вады паўны разоркі,

І зачарнеліся узгоркі.

А зьнізу лёгкі ветрык вее,

І сонейка так цёпла грэе.

Бор неяк весела шуміць;

Трава на лузе зеляніць.

Аджылі дробныя мурашкі,

Чарвякі і матылькі, а пташкі

Шчабечуць, звоняць і пяюць,

Людзям ахвоты дадаюць.

Жавараначка ў прасторы

Шчабеча, як у сінім моры;

Плыве і бусел, і жураў,

І дрозд запеў і засьвістаў.

Гудзе лятучы тоўсты жук;

Балбоча ёмка цецярук;

Пішчаць дзесь чайкі на балоце;

Пліска хвастом трасе на плоце;

Турчыць працяжна жабін хор,

І дзеці рвуцца з хат на двор.

Стары Ўлас.

 






Не нашли, что искали? Воспользуйтесь поиском:

vikidalka.ru - 2015-2024 год. Все права принадлежат их авторам! Нарушение авторских прав | Нарушение персональных данных