Главная

Популярная публикация

Научная публикация

Случайная публикация

Обратная связь

ТОР 5 статей:

Методические подходы к анализу финансового состояния предприятия

Проблема периодизации русской литературы ХХ века. Краткая характеристика второй половины ХХ века

Ценовые и неценовые факторы

Характеристика шлифовальных кругов и ее маркировка

Служебные части речи. Предлог. Союз. Частицы

КАТЕГОРИИ:






З успамінаў П. Р. Бажэнава, былога партызана 1-й Быхаўскай партызанскай брыгады




У чэрвені 1942 г. наш партызанскі лагер размяшчаўся каля вёскі Дабужа. Аднойчы з заставы каля Гарбатага моста дазорныя прывялі чарнявага хлопца год шаснаццаці. Быў ён у пашарпаным паліто, з якога даўно вырас, у кароткіх штанах і кірзавых ботах. На плячах вісеў нямецкі аўтамат, на рамяні два падсумкі з патронамі, з кішэні тырчала рукаятка гранаты. Гэта нас зацікавіла.

Ты хто такі? — спытаў яго камандзір атрада Памятнёў.

Саша Салянін... з Вейна...

Ну, а чаго прыйшоў?

Дык... кругом фашысты... вось прыйшоў... абмяняцца думкамі, як жыць далей,— прамовіў хлопец.

Мы не ўтрымаліся ад смеху.

— Абмяняцца думкамі, гаворыш? — Памятнёў узяў Сашу за плечы.— I, мяркуючы па тваёй экіпіроўцы, нашы думкі, мне здаецца, супадаюць?..

...На вайне мужнеюць хутка. Праз тры месяцы Саша Салянін ужо быў кулямётчыкам. У вераснёўскіх баях з карнікамі ён разам з кулямётным разлікам Паўла Завалішына вёў бой на трылесінскім могільніку. Тры гадзіны яны стрымлівалі націск карнікаў з боку вёскі Красніцы. Толькі расстраляўшы ўсе патроны, кулямётчыкі адышлі па балоце ў лес. Потым быў прарыў блакады і рэйд атрада ў Клятнянскія лясы на Браншчыне. Не раз Саша Салянін трапляў, здавалася б, у бязвыхаднае становішча, але адвага і кемлівасць выратоўвалі партызана.

...Сцюдзёная марозная раніца 1943 года. Чацвёра партызан — Шчалкуноў, Гарчакоў, Жыткоў і Салянін — ідуць на заданне. На ўскрайку лесу прытулілася невялікая вёсачка, да якой вяла надзейная вузкакалейка. У вёсцы заўсёды знаходзіўся пост суседняй брыгады, і партызаны смела ішлі па вузкакалейцы. Калі падышлі да крайніх хат, заўважылі вялікую групу людзей у маскхалатах. Гэта былі фашысты. Разведчыкі кінуліся назад. Саша бег па чыгуначным палатне, астатнія — па глыбокім снезе. Фашысты адкрылі агонь, білі па нагах, каб параніць і ўзяць у палон. Саша ўжо быў у некалькіх кроках ад драўлянага мосціка, за якім пачынаўся лес, як з-пад яго выскачылі два нямецкія аўтаматчыкі. I адразу чарга ва ўпор. Кулі прасвісталі каля твару. Саша ўпаў і прыкінуўся забітым. Да яго падышоў фашыст, паклаў на снег аўтамат і пачаў здымаць з «забітага» партызана валёнкі. I раптам атрымаў удар нагамі ў жывот і паляцеў з насыпу. Саша імгненна схапіў варожы аўтамат і кароткай чаргой «прашыў» гітлераўца, а сам кінуўся ў лес...

Узрыў моста быў апошняй аперацыяй, у якой я ўдзельнічаў разам са знаходлівым юнаком. Пад моцным агнё'м варожых кулямётаў партызаны ўварваліся на насып. Сярод першых быў і семнаццацігадовы кулямётчык Саша Салянін. Закідаўшы бункеры і дзоты гранатамі, партызаны замініравалі мост. Праз некаторы час ён узляцеў у паветра.

Потым нашы партызанскія шляхі разышліся, і я да канца вайны не ведаў пра лёс адважнага беларускага камсамольца.

Восенню 1945 г. да мяне на кватэру ў Маскве зайшоў рослы шыракаплечы марак з ордэнскай планкай на грудзях і а перавязанай рукой. Пакуль я напружваў памяць, дзе бачыў гэтага чалавека, марак прагудзеў басам: «Вось прыйшоў... абмяняцца думкамі... як жыць далей...».

Гэта быў Саша Салянін! Узмужнелы, амаль удвая шырэй і вышэй таго юнака, якога я памятаў. Пасля злучэння з часцямі Чырвонай Арміі ў канцы 1943 г. Саша трапіў на Чарнаморскі флот, ваяваў на тарпедным катэры. А калі той быў патоплены, Саша пайшоў у марскую пяхоту. I амаль год цяжкіх баёў, хвацкіх матроскіх атак. Апошні раз Саша біўся з фашыстамі на Дунаі. У час начнога пошуку «язык» на нейкае імгненне апярэдзіў Сашу і разрадзіў у яго аўтамат. Маракі вынеслі да сваіх беспрытомнага сябра і здалі ў медсанбат. Пачаліся доўгія вандраванні па шпіталях. Раны зажылі, а з рукой справы абстаялі горш — кулі раздрабілі косць ад пляча да локця. Рука пасля лячэння стала карацей.

Некалькі дзён спатрэбілася на ўспаміны пра партызанскае жыццё, загінуўшых сяброў у той першы Сашын прыезд.

...Ідзе час. Усё менш і менш застаецца баявых сяброў. I ўсё болей хвалююся, калі чую ў тэлефоннай трубцы родны голас з Магілёва і словы: «Трэба... абмяняцца думкамі...».

 

Юныя героі

Колькі іх было на той вайне, хлопчыкаў і дзяўчынак, піянераў і зусім юных камсамольцаў, што нароўні з дарослымі пераносілі цяжар ваенных будняў. Разведчыкаў, сувязных, падрыўнікоў... Сваімі гераічнымі дзеяннямі, адвагай і мужнасцю яны выклікалі павагу і любоў старэйшых таварышаў.

...У Віці Рудкоўскага маці была партызанскай сувязной. Паліцаі схапілі яе ў Быхаве, дзе яна выконвала заданне. Маці расстралялі, а хату спалілі. Віця прыйшоў у 425-ы партызанскі полк. Стаў разведчыкам. Яго адразу палюбілі партызаны за смеласць і знаходлівасць. Віця бездакорна выконваў баявыя заданні. У 1944 г. юны разведчык загінуў у няроўнам баі з гітлераўцамі. Пахаваны В. Рудкоўскі ў в. Замошша Быхаўскага раёна, на магіле пастаўлены абеліск.

...Да вайны Лёня Бегуноў скончыў тры класы Быхаўскай сярэдняй школы № 3. У перыяд акупацыі ўся іх сям'я падтрымлівала сувязь з партызанамі. У верасні 1943 года гітлераўцы расстралялі брата Лёні Валодзю, а ў кастрычніку схапілі і расстралялі бацьку. Лёня разам са старэйшым братам Васілём пайшоў у партызаны, стаў разведчыкам 11-й Быхаўскай брыгады. Удзельнічаў у баях, праяўляў кемлівасць і адвагу ў разведцы.

У лютым 1944 невялікая група разведчыкаў наскочыла на засаду. Варожая куля трапіла хлопчыку ў нагу, зачапіла косць. Лёня ўпаў тварам на пачырванелы ад крыві снег. Ён яшчэ чуў, як да яго наблізіліся гітлераўцы і нехта з іх прамовіў: «Кіндэр капут», а потым хлопец страціў прытомнасць. Праз некалькі гадзін яго падабралі баявыя таварышы. Лёня доўга лячыўся ў партызанскім шпіталі. Цяжка яму было пасля вайны, але ён не здаваўся. Каб не быць абузай для маці, на руках якой заставаліся меншыя дзеці, хлопец едзе ў Караганду. Там ён вучыцца ў вячэрняй школе, працуе на шахце. Лёня скончыў завочна Днепрапятроўскі горны інстытут, стаў інжынерам...

Піянерка Наташа Гадунцова ў вайну была сувязной Быхаўскай ваенна-аператыўнай групы. Кемлівая дзяўчына дзейнічала заўсёды рашуча і смела. У час баявой аперацыі па разгрому гарнізона на станцыі вызначылася і Наташа. Праз чыгуначны пераезд, які пільна ахоўваўся, ёй неабходна было пранесці баявы загад групе Федзячэнкі. Дзяўчыне параілі перабінтаваць нагу і схаваць ў бінце загад. Але яна запярэчыла: «Бінт мяне адразу выдасць». Узяла хлебны мякіш, загарнула ў яго загад, потым прыляпіла да нагі і завязала бруднай анучай. Партызаны ёй не пярэчылі, іх здзівіла разважлівасць і жыццёвая знаходлівасць юнай сувязной. 3 вялікайтрывогай усе чакалі ўмоўнага сігналу — гарматнага стрэлу. I ўздыхнулі з палёгкай, калі пачулі яго. Загад быў атрыманы. Наташа была ўзнагароджана медалямі «За адвагу» і «Партызану Айчыннай вайны» II ступені. Ёй прысвяціла верш паэтэса Раіса Баравікова.

...Наташа, Наташа... Была сувязною,

Усяму навучыла вайна.

У атрадзе яе называлі дачкою

— Наташа, дачушка, дачка.

I недзе цяпер, калі водар духмяны

Узяў у абдымкі зямлю,

Успомняць Наташу сябры-партызаны,

Дачку, сувязную сваю.

 

...Піянер Барыс Кільчыцкі з Быхава амаль цэлы год быў сувязным 425-га партызанскага палка. Перадаў шмат вінтовак, гранат, патронаў. Выконваў адказныя заданні па разведцы абстаноўкі на чыгуначнай станцыі, у бліжэйшых вёсках. Калі ж хлопец пачынаў прасіцца ў атрад, яму адказвалі: «Рана. У Быхаве ты патрэбней. Ды і маленькі яшчэ, кволы. «Карандаш», адным словам». Мянушка Карандаш так і прыліпла да хлопца. Аднойчы піянера напаткала бяда. Перадаўшы чарговае данясенне, ён вяртаўся ў Быхаў. Каля вёскі Язвы яго схапілі карнікі. Жорстка збілі і кінулі ў хлеў. Ноччу ўдалося падкапацца пад сцяну і ўцячы. На досвітку хлопец дабраўся да Быхава. Доўга хварэў. Ачуняўшы, пайшоў у лес. Адмовіць яму на гэты раз не маглі. Так з верасня 1943 па май 1944 Барыс Кільчыцкі быў разведчыкам 425-га палка. Вельмі чакаў сустрэчы з Чырвонай Арміяй. Але з-за хваробы яго адправілі на Вялікую зямлю. Пасля папраўкі спрабаваў уцячы на фронт. Вярнулі ў дзіцячы дом. Потым было чыгуначнае вучылішча ў Мінску, работа на вагонарамонтным заводзе, Мінскай дыстанцыі грамадзянскіх збудаванняў... Барыс Давыдавіч Кільчыцкі залічаны ў атрад беларускіх арлянят.

 

Слова аб медыках






Не нашли, что искали? Воспользуйтесь поиском:

vikidalka.ru - 2015-2024 год. Все права принадлежат их авторам! Нарушение авторских прав | Нарушение персональных данных