ТОР 5 статей: Методические подходы к анализу финансового состояния предприятия Проблема периодизации русской литературы ХХ века. Краткая характеристика второй половины ХХ века Характеристика шлифовальных кругов и ее маркировка Служебные части речи. Предлог. Союз. Частицы КАТЕГОРИИ:
|
БЕЛАРУСКАЯ ЛІТАРАТУРНАЯ КАЗКАСлавяна Шамякіна Літаратурная казка – жанр складаны, шматпланавы і, на жаль, малавывучаны, асабліва на постсавецкай прасторы. Азначэнні жанру – літаратурная, ці аўтарская, ці пісьменніцкая казка – указваюць на адну з яго галоўных асаблівасцей, па якой яго адрозніваюць ад казкі фальклорнай: наяўнасць аўтара-пісьменніка, прысутнасць у тэксце аўтарскага пачатку, індывідуальнага стылю пісьменніка-творцы. Літаратурная казка, па-сутнасці, бярэ пачатак у казцы народнай, але індывідуальны аўтарскі вымысел, супрацьпастаўлены фальклорнай традыцыі, істотна адрознівае адпаведныя жанры ў фальклоры і літаратуры. З’яўленне першых прыкладаў літаратурнай казкі можна аднесці яшчэ да Антычнасці (напрыклад, устаўная казка пра Амура і Псіхею ў рамане Апулея “Залаты асёл”) ці нават раней, за некалькі тысяч год да нашай эры, калі лічыць казкамі, скажам, некаторыя ўстаўныя гісторыі ў індыйскім эпасе “Махабхарата”, што прыпісваецца творчасці мудраца В’ясы. Але станаўленне літаратурнай казкі як асобнага жанру, са сваімі асаблівымі рысамі, уласцівасцямі, пачынаецца з эпохі Асветніцтва ў Еўропе – менавіта да гэтага перыяду адносіцца творчасць выдатнага французскага казачніка Шарля Перо. Акрамя яго, у той час да казкі звярталіся Л.дэ Віландрон, графіня д’Ануа, К.М.Віланд, І.К.Музэус, творы якіх у нас, на жаль, амаль невядомыя. Канчаткова сфарміраваўся і дасягнуў росквіту жанр літаратурнай казкі ў эпоху рамантызму. Якраз казка – адзін з жанраў, які найлепшым чынам дапамагае выявіць эстэтыку рамантызму. Гэта і апора на фальклор, і асаблівая ўвага да ўсяго цудоўнага, незвычайнага, фантастычнага, а менавіта гэта з’яўляецца, бадай, самай галоўнай рысай казкі – як літаратурнай, так і фальклорнай. Адзін з галоўных прынцыпаў рамантызму – прынцып двухсвецця, проціпастаўлення рэальнага свету і свету мроі – па-сутнасці мае пачатак у народнай чарадзейнай казцы, якая, як мы ўжо казалі, была асновай казкі аўтарскай. У наш час гэты прынцып дасягнуў найбольшага росквіту ў літаратуры фэнтезі, дзе наяўнасць паралельных рэальнасцей з’яўляецца адной з самых істотных прыкмет жанру. Яшчэ адна істотная рыса рамантызму – змяшэнне, сінтэз раней існаваўшых жанраў, і яна таксама вельмі ярка выявілася ў літаратурнай казцы. Сінтэз найперш тычыцца фальклорных жанраў, творамі з якіх натхняліся і літаратурна апрацоўвалі пісьменнікі-казачнікі, пачынаючы з эпохі Асветніцтва і да нашага часу. Справа ў тым, што літаратурныя казкі могуць быць падобнымі не толькі да фальклорных казак (чарадзейных, анімалістычных, сацыяльна-бытавых, авантурна-прыгодніцкіх, кумулятыўных), але і да легенд і паданняў, былічак, бывальшчын, анекдотаў і жартаў. У адной і той жа казцы могуць таксама змешвацца прыкметы некалькіх фальклорных жанраў. Возьмем для прыкладу казку Змітрака Бядулі “Скарб”. У ёй спачатку апавядаецца пра тое, што недзе ля рэчкі жыве хохлік (у беларускім фальклоры – маленькі чорцік), які валодае незлічонымі скарбамі і хавае іх у розных мясцінах па ўсёй акрузе. Далей жа ідзе расповед аб тым, як хлопчык Саўка, які наслухаўся гісторый пра хохліка і яго скарбы, у Купальскую ноч ідзе ў лес шукаць гэтыя скарбы. Адбываецца яго сустрэча і размова з хохлікам. Падобныя сюжэты, у якіх звычайны чалавек сустракаецца з нячыстай сілай, характэрныя для фальклорнага жанру бывальшчыны. У “Казцы пра мядзведзя” Максіма Танка даецца тлумачэнне таго, якім чынам мядзведзі трапілі ў скамарохі да цыган (маецца на ўвазе вядомая ў даўнія часы з’ява, калі цыгане вадзілі вучоных мядзведзяў, прымушаючы іх выступаць з нумарамі накшталт цыркавых). Тлумачэнні паходжання рэальных з’яў характэрныя для паданняў, прычым падобны сюжэт можа быць аднесены да культуралагічнага падання – аб паходжанні розных вынаходніцтваў чалавека. Казка-верш Якуба Коласа “Дзед і мядзведзь” больш за ўсё нагадвае народны анекдот ці жарт – у ёй з дасціпным гумарам апавядаецца пра смешнае здарэнне, калі дзед “асядлаў” мядзведзя, прыняўшы яго за кабылу. Яшчэ адна рыса рамантызму, якая трывала захоўваецца ў літаратурных казках да нашага часу, – вылучэнне на ролю галоўных герояў творчых асоб, людзей мастацтва. У аўтарскіх казках такія людзі не проста ставяцца вышэй за натоўп, – у адпаведнасці з асаблівымі рысамі жанру яны могуць надзяляцца звышнатуральнымі магчымасцямі. Так, у паэме-казцы Максіма Танка “Казка пра музыку” галоўны герой меў цудоўную “жывую” жалейку, якая іграла настолькі цудоўна, што ўсе людзі, слухаючы яе, рабіліся шчаслівымі, і нават дрэвы, вецер і зоры смяяліся і пускаліся ў скокі. Паслы злога цара скралі ў Музыкі жалейку, але ні ў каго больш не атрымоўвалася іграць на ёй так цудоўна – на гэта быў здольны толькі Музыка. Значыць, чароўнай была не сама жалейка – гэта Музыка ажыўляў яе сваім талентам. У паэме прама падкрэсліваецца цудоўная сіла героя: “Вось які быў з Музыкі Мастак-Чарадзей!” (падкрэслена мною – С.Ш.) [1, с.44]. Гэткія ж здольнасці героя абазначаны ўжо ў самой назве казкі Раісы Баравіковай “Пра цуда-мастака і Блакітную Вежу”. У гэтым творы мастак меў здольнасць маляваць карціны ў паветры – тое, пра што ён марыў, што ён сабе ўяўляў, рабілася бачным і іншым людзям. Для складвання аўтарскай казкі як асаблівага жанру вялікае значэнне мела таксама цікаўнасць пісьменнікаў-рамантыкаў да псіхалагізму. Псіхалагічныя партрэты персанажаў, матывіроўкі іх паводзін, цікаўнасць да душэўных перажыванняў і памкненняў – рыса, якая моцна адрознівае пісьменніцкую казку ад народнай, у якой персанажы з’яўляюцца стабільнымі, замацаванымі традыцыяй тыпамі, дзе няма псіхалагічных характарыстык. Ярка акрэсленыя псіхалагічныя тыпы характэрны для выдатнай казкі Змітрака Бядулі “Сярэбраная табакерка”. Такім чынам, вельмі многія пісьменнікі-рамантыкі звярталіся ў сваёй творчасці да літаратурнай казкі: у Германіі гэта былі знакамітыя браты Грым, Наваліс, Л.Цік, К.Брентана, Шамісо, Э.Т.А.Гофман, В.Гауф; у Францыі – Ш.Надье, Ж.Санд, Л. дэ Лефевр, графіня дэ Сегюр. Што тычыцца беларускай літаратуры, дык да гэтага перыяду – першай паловы.ХІХ стагоддзя – можна аднесці Яна Баршчэўскага з яго творамі “Шляхціч Завальня” і “Драўляны дзядок і кабета-інсекта”, якія непасрэдна звязаны з беларускім фальклорам. Многія гісторыі, што расказваюць госці шляхціча Завальні, з’яўляюцца перапрацоўкамі народных казак і легенд і могуць лічыцца ўстаўнымі казкамі ў структуры рамана. Рамантызм спрыяў афармленню аўтарскай казкі як жанру і аказаў вялікі ўплыў на яе далейшае развіццё. Гэта выявілася, напрыклад, у тым, што пісьменнікі больш позняга часу, у тым ліку і ў нашы дні, звяртаючыся да жанру казкі, часта пачынаюць працаваць па-сутнасці ў рэчышчы традыцый рамантызму, выкарыстоўваюць паэтыку гэтага напрамку, у цэлым рамантычны метад. У згаданых вышэй беларускіх пісьменнікаў ХХ-ХХІ стагоддзяў М.Танка, Р.Баравіковай творы маюць выразныя рысы рамантызму. Яскравым рамантыкам быў і Уладзімір Караткевіч – адзін з класікаў разглядаемага жанру ў беларускай літаратуры. На першых этапах развіцця рамантызму пісьменніцкія казкі былі вельмі падобныя да народных, многія з’яўляліся па-сутнасці проста літаратурнымі апрацоўкамі фальклорнага матэрыялу (гэта тычыцца, напрыклад, казак братоў Грым). Але ў позні этап развіцця рамантызму, напачатку складвання рэалізму, літаратурная казка ўсё больш адыходзіць ад свайго фальклорнага “прататыпа”, набывае рэалістычныя рысы, насычаецца бытавымі падрабязнасцямі, усё больш выяўляе індывідуальны аўтарскі пачатак. Адбываецца таксама парушэнне структуры сюжэта, характэрнай для казак народных, з’яўляюцца нехарактэрныя для фальклору вобразы. Нарэшце з’яўляюцца казкі, зусім не падобныя па сваім сюжэце і па вобразах да казак народных. Гэтая тэндэнцыя з цягам часу працягвае развівацца. Сёння на падставе падобнасці ці не падобнасці да фальклорных жанраў магчыма вылучыць наступныя тры віды літаратурных казак: 1. Амаль поўнае супадзенне аўтарскай казкі з канкрэтнай народнай казкай ці шэрагам казак на аднолькавыя матывы, якія сустракаюцца ў многіх народаў свету. Пры гэтым назіраецца поўнае запазычанне структуры сюжэта, матываў, вобразаў. Разыходжанне можа быць ў форме – даволі частым выпадкам з’яўляецца перапрацоўка аўтарам казкі ў вершаваную, рыфмаваную форму (фальклорныя казкі – творы празаічныя і ў вершаванай форме не сустракаюцца). Казцы таксама можа надавацца выразна дыдактычны, выхаваўчы сэнс – з дапамогай ўвядзення ў канец твора маралі. Заўважым, што фальклорныя казкі па форме маюць эстэтычную, забаўляльную функцыю, мараль у іх ніколі прама не выказана, яна хаваецца ў падтэксце. Пісьменнікі ж парушаюць гэтае правіла. Яшчэ адно разыходжанне з фальклорным “прататыпам” можа заключацца ва ўвядзенні ў казку пейзажных замалёвак ці разгорнутых партрэтных і псіхалагічных апісанняў персанажаў. Да прыкладу, казка Максіма Танка “Журавель і чапля” з’яўляецца вершаванай перапрацоўкай знакамітай рускай народнай казкі з такой жа назвай, дзе журавель ідзе на другі канец балота сватацца да чаплі, яна яму адмаўляе, потым шкадуе аб гэтым, ідзе да яго, ён з яе кпіць, а затым таксама шкадуе, ідзе за ёй, і так яны ходзяць бясконца адзін да аднаго праз усё балота. Казка Якуба Коласа “Гарошак” па сваім сюжэце і вобразах амаль супадае з распаўсюджаным фальклорным казачным сюжэтам “Кацігарошак”. Адрозненне назіраецца толькі ў некаторай перабольшанасці псіхалагічных матывіровак стану персанажаў, накшталт: “Зірнулі яны адзін на аднаго і маўчаць, як бы напужаліся адзін аднаго” ці “Змей аж пачырванеў, так яму моташна стала, што знайшоўся чалавек яшчэ дужэйшы за яго” [1, с. 14]. Казка Уладзіміра Дубоўкі “Хто дужэйшы” заснавана на вельмі распаўсюджаным у многіх народаў матыве, калі розныя прыродныя стыхіі і аб’екты, што дзейнічаюць у якасці персанажаў (Сонца, Мароз, Вецер, Гара, Лес) просяць у чалавека вырашыць спрэчку – хто з іх самы моцны. У розных варыянтах фальклорных твораў гэтая спрэчка можа вырашацца па-рознаму, у пісьменніка ж робіцца выснова, што чалавечая праца мацнейшая за ўсе прыродныя стыхіі. Казка гэтая таксама напісана ў вершаванай форме. 2. Другі выпадак – частковае супадзенне літаратурнай казкі з фальклорным матэрыялам, частковае запазычанне. Літаратурная казка можа пераймаць з фальклору толькі тыповую структуру сюжэта, агульную спецыфіку вобразнай сістэмы, часам – тыпова народныя моўныя канструкцыі. Канкрэтнае ж напаўненне сюжэта і вобразаў будзе такім, якое ў фальклоры не сустракаецца. Прычым такая з’ява можа назірацца ў рознай ступені выяўленасці – ад выкарыстання ў казцы персанажаў, нетыповых для народных твораў (па сваім сацыяльным статусе – прыгадаем разгледжаныя вышэй казкі, дзе галоўны герой мастак; па характары), парушэння характарыстык ці ўзаемаадносін персанажаў, структуры сюжэта, да перанясення часу дзеяння ў нашы дні (пры захаванні агульных характарыстык адпаведных фальклорных жанраў) ці проста ў канкрэтна абазначаны час і месца дзеяння, чаго ў фальклорных творах не бывае. Таксама сюды можна аднесці тыя ж адзнакі, што былі разгледжаны ў першым відзе казак, але ў большай ступені выяўленасці, калі адпаведная з’ява становіцца не маленькім парушэннем, а адной з істотных прыкмет твора. Так, калі проста ўвядзенне ў казку маралі можна лічыць невялікім адступленнем ад фальклорнага канону, дык змяненне структуры сюжэта, увядзенне нетыповых дзеянняў, разважанняў, псіхалагічных характарыстык персанажаў з мэтай надаць казцы выразна дыдактычны, выхаваўчы сэнс робіць адпаведны твор мала падобным на фальклорныя жанры. Вельмі вялікая ўвага да псіхалогіі персанажаў ці шмат апісанняў прыроды таксама складае істотнае адрозненне адпаведнай літаратурнай казкі ад народных. Асаблівую групу складаюць казкі, частка дзеяння якіх цалкам супадае з канкрэтным фальклорным сюжэтам, а другая частка зусім непадобная да яго, з’яўляецца аўтарскім пераасэнсаваннем адпаведнага сюжэта. Прывядзем прыклады беларускіх аўтарскіх казак, у якіх назіраюцца вышэй прыведзеныя рысы. Яскравым прыкладам апошняга выпадку з’яўляецца казка Алеся Якімовіча “Першае яечка”. Цэнтральная яе частка амаль цалкам супадае са знакамітай народнай казкай “Курка-рабка”: у творы ёсць менавіта так названая курка, што нясе бабе з дзедам яечка, якое потым разбівае хвастом мышка, бабка ж з дзедам пачынаюць плакаць. Але пачынаецца казка з таго, што дзед хадзіў на паляванне і злавіў курачку ў лесе, першае яечка было не залатым, а звычайным, а калі яно разбілася, шкадавалі не толькі дзед з бабай, а ўвесь народ падняў лямант. Канчаецца ж усё тым, што курка, пакуль усе бядуюць, спакойна нясе другое яечка, з якога бабка гатуе яешню – прычым яешні гэтай хапае ўсім. Напісана казка асаблівай рыфмаванай прозай, што таксама адрознівае яе ад фальклорнага адпаведніка. Казка Андрэя Федарэнкі “Мужыкі і пан” вельмі нагадвае народную сацыяльна-бытавую казку, але ў ёй назіраецца амаль нехарактэрнае для фальклору размеркаванне роляў: пан тут добры і разумны, а адзін з персанажаў-сялян дурны і нахабны. У фальклоры звычайна ўсё наадварот. У казцы Якуба Коласа “Зайчыкі” асноўны матыў такі, які сустракаецца і ў народных казках пра жывёл – нейкая маленькая жывёла-персанаж (у дадзеным выпадку – зайчыкі) бядуе, што яна вельмі слабая і вымушана ўсіх баяцца, але потым сустракае яшчэ больш маленькую і слабую істоту (жабку) і разумее, што ёсць жывёлы, якія баяцца і яе, што яе супакойвае. Але ж амаль чвэрць гэтай казкі прысвечана апісанню прыроды. Цікавае і вельмі істотнае адрозненне ад фальклорных казак назіраецца ў вершаванай казцы Віктара Гардзея “Школа касманаўтаў”: жывёлы ў лесе вырашылі арганізаваць школу касманаўтаў і выбіраюць тых жывёл, якія па сваіх характарыстыках падыходзяць для палётаў у космас (заяц прабягае хутка стометроўку, вавёрка насушыла грыбоў для прыпасаў і г.д.), спрачаюцца. Дзеянне ў гэтым творы перанесена ў наш час і персанажы займаюцца зусім нехарактэрнай для фальклору справай, але структура сюжэта, пры якой розныя звяры хваляцца сваімі якасцямі, спрачаюцца па нейкай прычыне, ў прынцыпе характэрная для народных казак пра жывёл. Казка Уладзіміра Караткевіча “Вужыная каралева” сюжэтна вельмі блізкая да казкі “Эгле – каралева вужоў”, што з’яўляецца як бы галоўна-нацыянальнай, знакавай у фальклоры і літаратуры літоўцаў. Некалькі варыянтаў народнай казкі пра замужжа дзяўчыны з каралём (царом) вужоў зафіксавана і на тэрыторыі Беларусі. Пры гэтым Караткевіч значна белетрызуе архаічны сюжэт, дадае дыялогі, надзвычай маляўнічыя пейзажныя апісанні, напрыклад: “Падплыў да берага дубовы човен, аплецены белаю лілеяю, і павезлі яе цераз раку, цераз межатокі дрыгвяныя, дзе толькі аднаму вузкаму палескаму чоўну плысці. К захаду сонца прыплыў човен на далёкую выспу. Уся яна пушчаю дрымучай абрасла, хмелем перавілася, павуціннем пераблыталася. І пасярод гэтага царства мёртвага, бязладдзя суворага стаіць палац закінуты з дзевяццю вежамі, а вакол яго па ставу нячутка плаваюць чорныя лебедзі. І ўсё як быццам сон здушыў: ціха, як на могілках” [2, с. 41]. Назіраецца тут і згаданая вышэй рыса – змяшэнне прыкмет некалькіх фальклорных жанраў. Названы сюжэт – казачны, але ў канцы твора пісьменнік засяроджвае ўвагу дзяцей-чытачоў на тым, што чалавечыя характары Дуба, Бярозы, Яліны і Асіны (дзяцей галоўнай гераіні Яліны ад вужынага цара) абумовілі ўласцівасці адпаведных дрэў, у якія яны ў канцы казкі ператварыліся. Такія тлумачэнні характэрныя для этыялагічных паданняў. 3. Трэці від літаратурных казак – творы, якія амаль цалкам непадобныя да фальклорных жанраў. У іх іншая структура сюжэта і яго канкрэтнае змястоўнае напаўненне, іншая вобразная сістэма, часта нават – іншы характар казачнай неверагоднасці, фантастычнасці. Пра такія творы можна сказаць, што гэта літаратурная казка ў чыстым выглядзе – аўтарская дзіцячая ці алегарычна-філасофская літаратураэпічнага роду з устаноўкай на вымысел і неверагоднасць. Супадзенне з фальклорным матэрыялам, калі яно ўвогуле ёсць, носіць у іх эпізадычны характар – гэта асобныя вобразы, некаторыя другарадныя матывы. Напрыклад, існуе шмат аўтарскіх казак, галоўнымі персанажамі якіх з’яўляюцца жывёлы – як і ў народных казках пра жывёл – але гэта адзінае, што звязвае адпаведныя літаратурныя і фальклорныя творы. Напрыклад, у вершы-казцы Рыгора Барадуліна “Ці пазяхае бегемот” персанажамі з’яўляюцца розныя звяры (заяц, кот, крот, бугай, бегемот) і аўтар-апавядальнік. Твор вершаваны, структура сюжэта ў ім нетыповая для народных казак пра жывёл (разгортванне сюжэта ў большай частцы твора адбываецца не ў дзеяннях персанажаў, а праз іх дыялог паміж сабой), аўтарскі пачатак выяўлены надзвычай моцна – аповед у творы ідзе ад першай асобы. Змест казкі – некалькі незразумела-камічнае жаданне звяроў даведацца аб тым, ці пазяхае бегемот – таксама абсалютна нехарактэрны для фальклору. Персанажы-звяры ў творы Барадуліна не выяўляюць нейкіх тыпаў характараў (што характэрна для народных анімалістычных казак). Тым ні менш, на падставе неверагоднасці сітуацыі – жывёлы, якія размаўляюць, а потым выпраўляюцца ў падарожжа, і наяўнасці сюжэта, што адносіць твор да эпічнага роду, гэта – казка. Заўважым, што напісана яна яўна ў традыцыях казак К.Чукоўскага. У народных казках жывёлы з’яўляюцца разумнымі і размаўляюць, даволі рэдка сустракаюцца выпадкі, калі такімі ж адзнакамі валодаюць расліны і прыродныя стыхіі. У літаратурных казках назіраецца як бы далейшага развіццё такога анімістычнага погляду на свет – у іх адушаўлёнымі галоўнымі персанажамі могуць з’яўляцца рэчы. У фальклорных чарадзейных казках чароўныя рэчы могуць мець некаторыя прыкметы адушаўлёнасці, але яны ніколі не з’яўляюцца галоўнымі героямі (акрамя выпадкаў, калі рэч на некаторы час замяняе сабою галоўнага героя – калі чалавек магічным чынам ператвараецца ў рэч, але гэта зусім іншае). Самыя яскравыя прыклады прадстаўлены ў казках знакамітага дацкага казачніка Г.Х.Андарсана, творчасць якога адносіцца якраз да пераходнага перыяду паміж рамантызмам і рэалізмам. У яго казках адбываецца перанясенне на неадушаўлёную ў рэальнасці рэч – алавянага салдаціка, іголку – усіх адзнак галоўнага героя твора, з выяўленне асабістых душэўных якасцей, характару, з галоўнай роляй у развіцці сюжэта і г.д. У казках беларукіх пісьменнікаў больш распаўсюджаным з’яўляецца матыў адушаўлення прыродных з’яў: раслін, крынічак, асобных кропелек, лісцікаў, сонечных промняў ды воблачкаў. Калі ў фальклоры гэтая з’ява рэдкая, дык у аўтарскай казцы наадварот – вельмі частая. Прычым творы менавіта з такімі матывамі ў беларускай літаратуры нагадваюць своеасаблівыя казкі-прытчы: па форме яны з’яўляюцца казкамі (эпічнымі творамі з праявамі неверагоднага), але ідэйны змест іх – выразна філасофскі ці сацыяльна-палітычны. Менавіта такімі з’яўляюцца “Казкі жыцця” Якуба Коласа (магчыма, ад яго і пайшла гэтая традыцыі), а таксама, напрыклад, “Калінавая рукавічка” Алены Васілевіч, “Сінявочка” Аляксея Дударава. У ХХ-ХХІ стагоддзях жанр літаратурнай казкі працягвае развівацца ў некалькіх напрамках. Гэта, па-першае, ужо згаданая вышэй тэндэнцыя адыходу ад фальклорнага матэрыялу, узмацненне аўтарскага пачатку. Па-другое, моцнае развіццё атрымалі вершаваныя казкі. У прынцыпе, гэтую тэндэнцыю можна лічыць адной з праяў першай, таму што, як ужо было сказана вышэй, фальклорныя казкі вершаванымі не бываюць. Яшчэ адна прыкметная з’ява – ускладненне сюжэту аўтарскіх казак, павелічэнне іх памеру. Калі фальклорныя казкі – творы невялікага памеру і, звычайна, з адной сюжэтнай лініяй, дык літаратурныя казкі могуць нагадваць аповесці – мець вялікі памер, некалькі сюжэтных ліній, мноства другарадных і эпізадычных персанажаў. Своеасаблівым далейшым развіццём літаратуры казачна-фантастычнага характару можна лічыць фэнтезі – адзін з самых папулярных у наш час літаратурных напрамкаў, які складаецца на сённяшні дзень ужо з мноства жанраў і відаў. Прычым, адным з папулярных у пісьменнікаў фэнтезі прыёмаў з’яўляецца пераасэнсаванне вядомых фальклорных казачных сюжэтаў. Казачныя матывы пры гэтым дапаўняюцца рэалістычнымі рысамі, фэнтезі па-сутнасці пераасэнсоўвае казачную рэальнасць як рэалістычную (у рэчышчы рэальнасці Другаснага Свету, які ствараецца пісьменнікам у творы). У беларускай літаратуры таксама існуюць прыкметы абазначаных тэндэнцый. Напрыклад, казкі Раісы Баравіковай не маюць амаль нічога агульнага з фальклорам. Да вершаваных казак звярталіся ў сваёй творчасці ўвогуле вельмі многія беларускія пісьменнікі – Максім Танк (казкі “Чарапаха і кабан”, “Казка пра мядзведзя”, “Казка пра музыку” і інш.), Васіль Вітка (“Генерал верабей”, “Казка пра зязюлю”, “Казкі і краскі” і інш.), Анатоль Грачанікаў (“Казка пра Івана-ганчара і пачвару-цара”), Уладзімір Дубоўка (“Цудоўная знаходка”, “Мілавіца” і інш.) і многія іншыя. Прыкладам пераасэнсавання фальклорных казачных сюжэтаў у рэчышчы літаратуры фэнтезі могуць быць творы беларускай рускамоўнай пісьменніцы Вольгі Грамыка “О бедном Кащее замолвите слово” і “Кому в Навьем царстве жить хорошо”. Беларуская літаратурная казка мае працяглую гісторыю развіцця і налічвае даволі шмат аўтараў, творы многіх з іх валодаюць вялікай мастацкай вартасцю. На жаль, у бытаванні гэтага цікавага жанру на Беларусі можна адзначыць і негатыўныя рысы. Так, у нас фактычна няма вялікіх па памеру твораў. Беларускія літаратурныя казкі не прапагандуюцца за межамі краіны і мала даследаваны на радзіме. Хацелася б спадзявацца, што калі-небудзь гэтыя негатыўныя праявы будуць пераадолены.
Літаратура:
1. Казкі беларускіх пісьменнікаў: Для мал. шк. узросту / Маст. М.Дз. Рыжы. – Мн.: Юнацтва, 1999. – 334 с. 2. Караткевіч У. Вясна ўвосень. – Мн., 2000.
Не нашли, что искали? Воспользуйтесь поиском:
|