Главная

Популярная публикация

Научная публикация

Случайная публикация

Обратная связь

ТОР 5 статей:

Методические подходы к анализу финансового состояния предприятия

Проблема периодизации русской литературы ХХ века. Краткая характеристика второй половины ХХ века

Ценовые и неценовые факторы

Характеристика шлифовальных кругов и ее маркировка

Служебные части речи. Предлог. Союз. Частицы

КАТЕГОРИИ:






Мемуарная літаратура навейшага часу.




Агульная характарыстыка. У розных працах крыніцазнаўчага характару можна сустрэць вызначэнне мемуарнай літаратуры як віду гістарычных крыніц выключна асабістага паходжання. Нельга згадзіцца з такім сцвярджэннем цалкам. Мемуары непазбежна з'яўляюцца адлюстраваннем пэўнай эпохі. На мемуарную літаратуру аказвае безумоўны ўплыў час напісання. Апошнюю акалічнасць даследчык ніколі не павінен пакідаць па-за ўвагай. Крыніцы навейшага (савецкага) часу ярка акрэсліваюць той факт, што на працягу свайго жыцця ў розны час тыя ці іншыя дзеячы па-рознаму ацэньвалі падзеі, асэнсоўвалі мінулае. Таму, нягледзячы на магчымасць розных падыходаў да класіфікацыі мемуарнай літаратуры навейшага часу, вызначым яе дзяленне па наступных перыядах:

1) 1917-1927;

2) канец 1920-х – 1930-я гг.;

3) перыяд Вялікай Айчыннай вайны (1941-1945) і першае пасляваеннае дзесяцігоддзе;

4) сярэдзіна 1950-х – сярэдзіна 1980-х гг.;

5) з канца 1980-х па сучасны перыяд.

 

Разам з тым, можна адзначыць шэраг агульных заўваг у дачыненні да вывучэння мемуараў навейшага часу. Заўважна рэзкае скарачэнне колькасці дзённікаў. Няцяжка растлумачыць, чаму такая папулярная раней форма запісу сваіх перажыванняў, пачуццяў як дзеннікі ў рэвалюцыянераў, у партыйных і савецкіх работнікаў не выклікала цікавасці. Па-першае, у іх існавала пэўная перадузятасць у адносінах да такой формы (успомнім словы У.Маякоўскага, што "голос единицы тоньше писка"), дададзім да таго цвердую перакананасць у тым, што сентыментальнасць не павінна быць характэрна камуністу. Для творчай жа інтэлігенцыі, якая ўзрасла на глебе "беларусізацыі" да канца 1920-х гг., пісаць дзеннікі стала небяспечна. Рэпрэсіі, а пасля вайна перадвызначылі рашэнне многіх аўтараў, што не час зараз пісаць дзеннікі.

Многія з дайшоўшых да нас дзеннікаў навейшага часу (як сведчыць характар запісаў у іх) вяліся аўтарамі для памяці, для таго, каб не забыць нічога істотнага і пасля на аснове запісаў аднавіць падзеі больш шырока; у іх адсутнічае такая характэрная рыса дзеннікавых запісаў як эмацыянальная насычанасць.

Вывучаючы ўспаміны патрэбна разумець, што пісаліся яны часцей зусім у іншых умовах. Неабходна выдзяляць два перыяды ў жыцці мемуарыста: 1) да апісваемых падзей, уключаючы апошнія; 2) ад часу падзей да часу стварэння ўспамінаў. Значэнне першага перыяду зразумела, значэнне ж другога істотнае таму, што перажытае мемуарыстам пасля апісваемых ім падзей часам міжвольна накладвае на трактоўку мінулага асаблівы адбітак. У дачыненні да іх у большай ступені, чым да іншых пісьмовых крыніц, патрэбна вызначыць пабуджальныя матывы, пэўны "сацыяльны заказ".

Успаміны, напісаныя праз невялікі тэрмін, больш дакладныя. І не толькі таму, што тыя ці іншыя дэталі яшчэ не сцерліся ў памяці мемуарыста. Справа яшчэ і ў тым, што жывыя сведкі гэтых падзей, іх вялікая колькасць прымушае аўтара да самаправеркі, самакантролю. Безумоўна, апошняе не пазбаўляе даследчыка ад неабходнасці супастаўляць звесткі мемуарных са сведчаннямі дакументальных крыніц.

У навейшы час істотна павялічваецца колькасць такіх відаў мемуарных крыніц як біяграфічныя анкеты, аўтабіяграфіі, стэнаграфічныя запісы ўспамінаў і інш.

Біяграфічныя анкеты (ці анкеты біяграфічнага характару) найчасцей мелі афіцыйнае прызначэнне і пераважна утрымлівалі пэўныя, рэгламентаваныя звесткі. У савецкі час гэты від дакументаў набыў асаблівае значэнне, паколькі партыйна-дзяржаўны апарат імкнуўся кантраляваць жыццё сваіх грамадзян. Дзесяцігоддзямі спецыяльныя службы распрацоўвалі анкетныя фармуляры, сачылі за дакладнасцю іх інфармацыі. Анкеты абавязкова запаўняліся ў выпадках, звязаных са зменай сацыяльнага становішча чалавека. Рэгламентаванасць зместу біяграфічных анкет перадвызначае імкненне многіх даследчыкаў адносіць іх не да жанру мемуарнай літаратуры, а да матэрыялаў справаводства пэўных устаноў, у выніку дзейнасці якіх яны адклаліся.

Аўтабіяграфіі адрозніваюцца ад анкет не толькі тым, што іх змест вызначаецца самім аўтарам, але і большым аб'ёмам. На змест аўтабіяграфіі вялікі ўплыў аказвала іх прызначэнне (уступленне ў камсамол, у партыю, паступленне на працу і г.д.). У той час як істотная частка іншых відаў мемуарнай літаратуры навейшага часу апублікавана[89], біяграфічныя анкеты, аўтабіяграфіі, стэнаграфічныя запісы ўспамінаў захоўваюцца ў архівах і яшчэ толькі чакаюць сваіх даследчыкаў.

У дачыненні да першага з азначаных перыядаў (1917-1927) можна адзначыць, што ў гэты час пераважаюць мемуары удзельнікаў рэвалюцыйнага руху, грамадзянскай вайны. Невялікія па аб'ёму яны друкаваліся па старонках часопісаў, газет, а таксама асобных зборнікаў, прысвечаных 10-годдзю кастрычніцкіх падзей. Іх асаблівасцю было тое, што цікавасць ўяўляла не столькі асоба аўтара, колькі падзея ці асоба, аб якіх пісаў мемуарыст. Самі аўтары ў найменьшай ступені будавалі свае звесткі ў адпаведнасці з кан'юктурнымі меркаваннямі. Але падбор успамінаў да публікацыі быў безумоўна тэндэцыйным[90].

У гэты ж перыяд з'яўляюцца і асобныя ўспаміны беларускіх нацыянальных дзеячаў. Часам яны былі прысвечаны сумным падзеям у нацыянальным жыцці. Так ў першыя ўгодкі смерці Івана Луцкевіча выйшаў зборнік, прысвечаны яго памяці[91]. Безумоўна, што ў гэтым зборніку утрымліваліся і спробы асэнсавання пройдзенага беларускім рухам этапу, якому І.Луцкевіч прысвяціў сваё жыццё. Шэраг матэрыялаў тут, безумоўна, далёкі ад біяграфічнага выкладання і, зразумела, усе аўтары следуюць вядомаму правілу: "аб памершых гавораць альбо добра, альбо нічога".

Наступны перыяд (канец 1920-х – 1930-х гг.) акрэсліваецца і якасцю і колькасцю мемуарнай літаратуры. Рэпрэсіі вымушалі многіх аўтараў гаварыць меней аб сабе, болей аб падзеях. Да таго ж падштурхоўвала і татальная ідэалізацыя. Мемуары нівеліруюцца, губляюць сваю індывідуальнасць і адметнасць. Яны не вельмі цікавыя для прачытання, але гэта не змяншае іх каштоўнасці як гістарычнай крыніцы. Асобна трэба сказаць аб мемуарнай літаратуры, што друкуецца па старонках шматлікіх перыядычных выданняў Заходняй Беларусі. У гэты ж час з'яўляецца і шэраг зборнікаў, прысвечаных асэнсаванню таго шляху, які прайшоў беларускі нацыянальны рух[92]. У сярэдзіне 1930-х гг. спачатку на замежных мовах, а пасля 1937 г. на беларускай мове друкуюцца ўспаміны вядомага тэатральнага дзеяча і драматурга Ф.Аляхновіча "У кіпцюрах ГПУ". Гэта першая публікацыя аб сталінскіх рэпрэсіях на Беларусі.

У час нямецка-фашысцкай акупацыі Беларусі аповесць Ф.Аляхновіча друкавалася ў калабарацыйных выданнях. Нешматлікасць мемуарнай літаратуры перадрукоўка ўжо выдадзеных матэрыялаў характарызуе гэты перыяд. Большасць запісаў вялася выключна для сябе (партызанскія дзеннікі і інш.). Вайна не спрыяла пашырэнню такой з'явы як мемуарная творчасць. Асобныя творы, што з'яўляліся ў гэты час хутчэй нагадваюць справаздачы, чым эмацыянальнае ўражанне аб пачутым і перажытым[93].

Не адбылося істотных змен у развіцці мемуарнай літаратуры і ў першае пасляваеннае дзесяцігоддзе. У пераважнай частцы той невялікай колькасці мемуарных твораў, што з'явіліся ў гэты час, пераважала ваенная тэматыка. Першыя партызанскія мемуары ствараліся па падабенству працы П.Панамарэнкі. Шэраг мемуарных крыніц, узнікшых ў перыяд вайны і першыя пасляваенныя гады адклаўся ў архівасховішчах. Да ліку апошніх можна аднесці апытальныя лісты ("опросные листы для возвратившихся на Родину из германской неволи"). Гэта унікальная крыніца па пытаннях вывазу беларускага насельніцтва ў Германію і наступнага іх вяртання на Радзіму (анкеты запаўняліся ў 1945-1946 гг., больш 8,5 тыс.анкет[94]).

Пачынаючы з другой паловы 1950-х гг. сітуацыя істотна змяняецца. Ваенная тэматыка захоўвае сваё значэнне, але кола жадаючых выказацца істотна пашыраецца. Велізарная хваля выданняў партызанскай літаратуры асабліва акрэсліваецца па БССР у 1970-х – пачатку 1980-х гг.[95]. Гэта не толькі ўспаміны кіраўнікоў Беларускага партызанскага руху (П.З.Калінін), але і мемуары сярэдняга звяна партызанскага руху – кіраўнікі партызанскіх брыгад і злучэнняў, дыверсійных груп і г.д.[96] Асвятленне падзей істотна залежала ад таго месца у іерархічнай лесвіцы, якое займаў той ці іншы аўтар пад час вайны. Пры гэтым вышэйшае кіраўніцтва мела магчымасць скарыстаць акрамя звестак сваёй памяці і іншыя крыніцы. Ва ўспамінах жа сярэдняга звяна партызанскіх кіраўнікоў падзеі, што адбываліся працяглы час, перададзены вельмі прыблізна. Асноўная ўвага ў азначаных мемуарных творах прысвечана найперш баявой дзейнасці. За невялікім выключэннем у іх не апавядаецца аб няўдалых баявых аперацыях і памылках партызанскіх камандзіраў. У адносінах да мірнага насельніцтва пераважна прыводзяцца толькі факты падтрымкі і супрацоўніцтва. Безумоўна, што вывучэнне азначаных твораў павінна праводзіцца пры абавязковым супастаўленні іх звестак (у найбольшай ступені гэта датычыцца вынікаў баявых дзеянняў – падрываў рэек, мастоў, знішчэння жывой сілы ворага і г.д.)[97].

У азначаны перыяд з'яўляюцца звесткі аб шэрагу падпольных арганізацыях і побач з успамінамі партызан усё часцей друкуюцца і мемуарныя творы падпольшчыкаў. Большасць публікацый выйшла да свята 40-годдзя вызвалення Беларусі, у прыватнасці два грунтоўныя зборнікі[98].

У 1960-я -- 80-я гг. пэўнае асвятленне ў мемуарнай літаратуры атрымоўваюць старонкі абарончых баёў на тэрыторыі Беларусі летам 1941 і яе вызвалення ў 1943-1944 гг. Яны закраналіся ва ўспамінах М.М.Воранава, Г.К.Жукава, І.М.Русіянава і інш.[99].

У 1970-х гг. з'яўляюцца і іншыя накірункі ў мемуарнай літаратуры. Выходзяць у свет ўспаміны тых, хто не прымаў непасрэднага ўдзелу ў ваенных дзеяннях. Колькасць успамінаў партыйных і савецкіх кіраўнікоў такога кшталту на Беларусі была невялікай, паколькі пры падборы кіруючага складу строга кіраваліся "партызанскім" прынцыпам. У шэрагу такіх мемуарных твораў нельга не адзначыць успаміны беларускага дыпламата К.В.Кісялёва[100].

Дарэчы прыжыццёвае і пасмяротнае выданні (Кузьма Венедзіктавіч памер 4 мая 1977 г.) істотна адрозніваюцца. Першае, больш эмацыянальнае, непасрэднае па свайму зместу, тут шмат гумару (нават анекдоты). У другім – асноўная ўвага канцэнтруецца на "хібах капіталістычнага ладу", станоўчае ва ўбачаным і пачутым за мяжой амаль знікае. К.В.Кісялёў імкнецца быць дакладным у фактах і ўсе ж многія з яго сведчанняў мэтазгодна (і вельмі цікава) спалучыць з вывучэннем дакументаў знешнепалітычнай дзейнасці БССР[101].

У 1970 – 1980-я гг. з'яўляюцца ўспаміны, у якіх адлюстроўваліся мерапрыемствы Савецкай улады ў Заходняй Беларусі, дзейнасць Кампартыі Заходняй Беларусі[102]. Пры гэтым асобныя з аўтараў (як і многія савецкія кіраўнікі) выкарыстоўваюць розныя архіўныя дакументы, друк, перапіску і г.д. У выніку такія мемуарныя творы набываюць рысы навуковых даследчыцкіх прац[103].

Характэрная рысай мемуарнай літаратуры перыяду другой паловы 1950-х – 1980-х гг. з'яўляецца выхад у свет зборнікаў успамінаў, прысвечаных пэўным асобам, выдомым дзеячам падпольнага і партызанскага руху, а таксама выдатным беларускім пісьменнікам і паэтам[104].

Успаміны саміх дзеячоў культуры ў гэты час з'яўляюцца ў розных формах -- ад невялікіх нарысаў (нашкалт "З жыццяпісу" У.Караткевіча) да грунтоўных выданняў у некалькіх кнігах (для прыкладу, мемуары З.І.Азгура "То, что помнится..."). Успаміны П.В.Мядзелкі (Сцежкамі жыцця. М., 1974) апавядаюць пра асобныя малавядомыя старонкі разгортвання нацыянальнага руху. Вывучаючы іх можна заўважыць і прысутнасць пэўнай унутранай цэнзуры ("внутреннего городового" па вобразнаму вызначэнню М.Е.Салтыкова-Шчадрына) і цэнзуры рэдактарскай, дзяржаўнай. З часу пераезду ў БССР у 1925 г. звесткі Паўліны Вінцэнтаўны становяцца занадта лаканічнымі, знікае эмацыянальнасць, вобразнасць ("са старонак мемуараў знікае жыццё").

Безумоўна, больш цікавыя звесткі ўтрымліваліся ў тых успамінах, якія пісаліся без аглядкі на цэнзуру. Але асобныя з іх (як рукапіс Ларысы Геніюш) не маглі быць апублікаваны. Іншыя ж публікаваліся толькі за мяжой.

Дарэчы, перыяд другой паловы 1950-х – 1980-х гг. сапраўды характарызуецца ўсплескам мемуарнай літаратуры дзеячаў беларускай эміграцыі. Я.Калубовіч, В.Рагуля, Я.Малецкі і многія іншыя імкнуліся асэнсаваць пройдзены нацыянальным рухам шлях, зрабіць пэўныя высновы і для сябе, і для нашчадкаў. Падабенства лёсу гэтых аўтараў перадвызначыла ў многім падабенства і накіраванасць іх твораў. І ўсе ж кожны з апошніх мае і сваё гучанне і свой асобны змест.

Так, успаміны Васіля Рагулі[105] (былы беларускі пасол і сенатар польскага сейма ў 1920 – 1930-х гг.), акрамя сваёй біяграфіі, канцэнтруе ўвагу чытача на падзеях у польскім парламенце міжваеннага часу. Ён дэтальна аналізуе тэхнічны бок (падрыхтоўка, фінансаванне выбарчай кампаніі), прыводзіць цікавыя характарыстыкі беларускіх паслоў, аналіз працы ў сойме і сенаце і інш.

У той жа час успаміны Я.Малецкага[106] утрымліваюць пераважна звесткі аб падзеях з часу уз'яднання Беларусі (1939 г.). Зразумела, што аўтар акрэслівае адносіны насельніцтва да Савецкай ўлады і асабліва дэтальна аналізуе дзейнасць бальшавікоў у Вільні, акрэслівае масавыя дэпартацыі. Апісанне Я.Малецкім падзей часу Вялікай Айчыннай вайны цікавае тым, што аўтар належаў да сярэдняга звяна калабарацыйнага руху і таму мог больш рэальна ацэньваць вынікі дзейнасці яго кіраўніцтва. У азначаным творы прыводзяцца цікавыя характарыстыкі Акінчыца, Р.Астроўскага, І.Ермачэнкі. Безумоўна, што партызаны для яго – "бандыты", салдаты Чырвонай Арміі – "азіяцкага паходжання".

Увогуле нельга лічыць, што творы дзеячоў беларускай эміграцыі, пазбаўленыя цэнзуры, утрымліваюць больш дакладную характарыстыку рэчаіснасці. Гэта толькі "праўда з аднаго боку", азначаныя аўтары жылі стэрыятыпамі свайго часу, настроямі таго асяродку беларускай эміграцыі, які характарызаваўся асаблівай псіхалогіяй і сваеасаблівымі адносінамі да мерапрыемстваў, што праводзіліся Савецкай уладай.

Урэшце, апошні перыяд (як ужо адзначалася вышэй) яшчэ толькі акрэсліўся у мемуарнай літаратуры. Галоўная яго рыса – публікацыя тых твораў, якія, безумоўна, не маглі быць надрукаваны раней. Сапраўднай падзеяй стала выданне рукапісу Ларысы Геніюш, што з лёгкай рукі Міхася Чарняўскага атрымаў назву "Споведзь". Сапраўды, Л.Геніюш можна назваць сумленнем нашай эпохі, сумленнем беларускай эміграцыі. Адданая справе, патрабавальная да сябе і да іншых, часам даволі рэзкая ў ацэнках, яна проста не магла жыць інакш. Л.Геніюш – таксама дзеяч беларускай эміграцыі, але паколькі яе ўспаміны пісаліся ў савецкіх умовах, то гэта абасабляе іх ад выдадзеных за мяжой. Але напісаны мемуары без абачлівасці на цэнзара, следчага, альбо стукача, гэта сапраўды споведзь – перад Богам, сучаснікамі, нашчадкамі. Ведаючы жыццё Л.Геніюш можна дараваць ёй за лішнюю падазронасць, якая знайшла адбітак і ў яе творы.

Сапраўды, на мяжы паміж жыццём і смерцю многія пераасэнсоўваюць мінулае, імкнуцца больш шчыра выказацца аб набалелым. Таму можна зразумець з'яўленне чарговых успамінаў П.Панамарэнкі (Неман. 1992. № 3-4), А.Карпюка (Там жа, "Прощание с иллюзиями").

Вельмі цікавымі ўяўляюцца ўспаміны аб дзейнасці беларускіх нацыянальных арганізацый у першыя пасляваенныя гады. У гэтым накірунку асаблівае значэнне мае выданне зборніка "Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў" (Глыбокае, Паставы. 1945-1947)[107].

Публікацыі ўспамінаў, безумоўна, павінны быць прадоўжаны. І не толькі аб дзейнасці нацыянальных груп. Павінна быць адлюстравана рэальнае жыццё тых пакаленняў, якія адчулі, што такое калектывізацыі і раскулачванне, якія аднаўлялі разбуранае вайной; жыццё не толькі кіраўнікоў, але і тых простых людзей, што самі пісаць успаміны не будуць ніколі. Памяць чалавека – крыніца мемуараў – памірае з яго носьбітам. І гэта накладвае вялікую адказнасць перад сучаснымі пакаленнямі не толькі гісторыкаў, архівістаў і музееведаў, але і ўсёй інтэлігенцыі.

 

 






Не нашли, что искали? Воспользуйтесь поиском:

vikidalka.ru - 2015-2024 год. Все права принадлежат их авторам! Нарушение авторских прав | Нарушение персональных данных