Главная

Популярная публикация

Научная публикация

Случайная публикация

Обратная связь

ТОР 5 статей:

Методические подходы к анализу финансового состояния предприятия

Проблема периодизации русской литературы ХХ века. Краткая характеристика второй половины ХХ века

Ценовые и неценовые факторы

Характеристика шлифовальных кругов и ее маркировка

Служебные части речи. Предлог. Союз. Частицы

КАТЕГОРИИ:






Успамінаў Емяльяна Мітрафанавіча Пазнякова, удзельника грамадзянскай вайны, ураджэнца в. Усходняя




Было гэта ў памятным 1918 годзе. Контррэвалюцыйныя сілы белагвардзейцаў і інтэрвентаў рабілі адчайную спробу задушьщь Савецкую ўладу. Асабліва небяспечным было становішча на Усходнім фронце. Па закліку партыі 126 кавалерыстаў з 1-га Быхаўскага чырвонагвардзейскага атрада выказалі жаданне добраахвотна паехаць на Усходні фронт. У жніўні з Чэрыкава нас накіравалі пад Казань, а адтуль - у 2-ю зводную дывізію. Яе фарміраваў беларус У. М. Азін з асобных атрадаў Чырвонай гвардыі і партызан розных нацыянальнасцей: рускіх, украінцаў, беларусаў, латышоў, літоўцаў і інш. Фарміраванне ішло хутка, а вось узбраенне чырвонаармейцаў затрымлівалася. Іжэўскі і Воткінскі зброевыя заводы знаходзіліся ў руках белагвардзейцаў. Іх трэба было як мага хутчэй вызваліць. Такі быў загад Леніна.

У канцы кастрычніка наша дывізія штурмам авалодала вёскай Нечкіна і выйшла да чыгункі Агрыз — Іжэўск. Днём 5 лістапада канаводы кармілі асядланых коней, а мы грэліся каля кастра. Пад'ехаў камандзір эскадрона, наш зямляк Мікіта Ліпскі. У руках ён трымаў лістоўку.

- Усе да мяне! - паклікаў ён усхваляваным голасам. - Атрыман загад Рэўваенсавета...

Сціхла гамонка. Мы слухалі загад, затаіўшы дыханне. «Таварыш Ленін просіць члена Рэў­ваенсавета т. Гусева, які вярнуўся з Масквы, перадаць, - чытаў Ліпскі, - што да ўрачыстага дня гадавіны рабоча-сялянскай улады ў Расіі ён чакае данясення аб узяцці Іжэўска. Рэўваенсавет упэўнен, што чырвонаармейцы апраўдаюць надзеі таварыша Леніна і дадуць магчымасць паслаць 7 лістапада на ўрачыстае пасяджэнне Усерасійскага з'езда Саветаў экстран­ную тэлеграму аб узяцці Іжэўска». Заданне было не з легкіх. Вораг намнога пераўзыходзіў нашы сілы, быў добра ўзброены. Але на нашым баку былі вялікая праўда і давер'е Ільіча. У дзень першай гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі чырвонаармейцы Жалезнай дывізіі пайшлі ў бой. Нашаму эскадрону было загадана за-хапіць плаціну і турму. Імклівым ударам кавалерысты выканалі гэту задачу, не далі ворагу магчымасці ўзарваць плаціну і завод зброі, вызвалілі сотні палітзняволеных, а на станцыі захапілі больш двух дзесяткаў вагонаў з ваенным рыштункам, многа палонных. Байцы Жа­лезнай дывізіі выканалі свой абавязак, парадавалі дарагога Уладзіміра Ільіча сапраўды свя­точным падарункам - вызваленнем Іжэўска. Тады ж рабочыя завода на вінтоўцы-сувеніры зрабілі надпіс: «Вялікаму пралетарскаму правадыру т. Леніну на памяць аб узяцці Іжэўска ад 2-й Жалезнай дывізіі і Рэвалюцыйнага грамадзянскага Савета Іжэўска. 7.11.1918 г.» Гэта быў асабісты падарунак Ільічу.

Раніцай 8 лістапада кожнаму байцу была ўручана лістоўка-тэлеграма У. I. Леніна, у якой ён віншаваў са святам і перамогай.

 

 

Камандзір 152-га Быхаўскага…

Якаў Васілевіч Шэко - кавалер двух ордэнаў Чырвонага Сцяга, герой грамадзянскай вайны - быў асобай легендарнай. Яму споўніўся 21 год, калі пачалася першая сусветная вайна. Малады афіцэр праявіў выдатныя здольнасці камандзіра. У 1917 г. ён меў чын штабс-капітана. У чэрвені 1918 г. Якаў Васілевіч назаўсёды звязаў свой лёс з Чырвонай Арміяй. Ён быў прызначаны памочнікам камандзіра 5-гa Быхаўскага палка, а праз некалькі месяцаў камандзірам 152-га стралковага палка 17-й стралковай дывізіі, у які ўліліся быхаўскія чырвонагвардзейскія атрады. Гэта злучэнне вельмі многае зрабіла для абароны Савецкай улады на Беларусі. Полк граміў акупантаў пад Быхавам і Магілёвам, пад Рагачовам і Бабруйскам, пад Калінкавічамі і на поўначы Украіны. Ён разам з іншымі войскамі спыніў прасоўванне пятлюраўцаў да граніц Беларусі. Палкі 17-й стралковай дывізіі вылвалялі Бабруйск і Нясвіж, Мір і Вільню. Хутка чырвоны камандзір Я. В. Шэко быў накіраваны на вучобу, а пасля ў Першую Конную армію як ваенны карэспандэнт. Так ён стаў адным з першых савецкіх ваенных журналістаў. Неўзабаве камандаванне Першай Коннай прызначыла яго камандзірам для асобых даручэнняў Рэўваенсавета арміі, а крыху пазней, начальнікам штаба 6-й кавалерыйскай дывізіі. У кровапралітных баях за Крым вызначыўся і Я. В. Шэко. У загадзе Рэўваенсавета рэспублікі № 182 ад 29.5.1921 напісана: «Узнагароджваюцца ордэнам Чырвонага Сцяга па 1-й Коннай Арміі... начштаба 6-й кавалерыйскай дывізіі тав. Шэко Якаў Васілевіч за узяцце ў 1920 г. на ўрангелеўскім фронце двума пешымі эскадронамі станцыі Завады, две былі ўзарваны ўсе пуці і адрэзаны бронепаязды праціўніка, чым адначасова было дасягнута і забяспечана значнае ўмацаванне ў агульным становішчы Коннай Арміі».

22.2.1933 г. Рэўваенсавет СССР за выключную храбрасць, мужнасць і ўмелае кіраўніцтва баявымі дзеяннямі ў гады грамадзянскай вайны ордэнам Чырвонага Сцяга ўзнагародзіў групу камандзіраў, сярод іх Я. В. Шэко. Гэта быў яго другі opдэн Чырвонага Сцяга.

Пасля грамадзянскай вайны Якаў Шэко вучыўся ў Акадэміі Генеральнага штаба, скончыў яе i быў прызначаны начальнікам інспекцыі кавалерыі Чырвонай Арміі. Пазней камандаваў 1-й Томскай дывізіяй. быў памочнікам камандзіра 16-й і 20-й стралковых дывізій, а потым памочнікам камандуючага войскамі Маскоўскай ваеннай акругі. Калі Мангольская Народная Рэспубліка пачала ствараць свою армію, Я. В. Шэко быў накіраваны ў брацкую рэспубліку саветнікам ваеннага міністра. Ён быў узнагароджаны некалькімі вышэйшымі мангольскімі баявымі ордэнамі. У 2-й палавіне 1930-х гадоў Я. В. Шэ­ко знаходзіўся на камандных пасадах у ІІаўночна-Каўказскай ваеннай акрузе.

У перыяд культу асобы Сталіна быў незаконна рэпрэсіраваны і загінуў у канцы 1930-х гадоў.

М. Ф. Мельнікаў

Сын рэвалюцыі

У 1917 г. ў родную вёску Новы Быхаў пасля працяглай і нялёгкай флоцкай службы прыехаў Спірыдон Карпавіч Дзергачоў. Было яму 35 гадоў, меў трох сыноў і бацькаву хаціну ў людным мястэчку.

Калі Быхаўскі павет акупіравалі германскія войскі, Дзергачоў арганізаваў з сялян нава-кольных вёсак чырвонагвардзейскі атрад. Сме­лымі налётамі, дзёрзкасцю і згуртаванасцю вылучаўся ён. Страх перад дзергачоўцамі і іх камандзірам-матросам прымусіў акупантаў, што стаялі ў Новым Быхаве, выліць пару бочак дзёгцю на мост цераз Дняпро і спаліць яго дашчэнту. Пазней шматсоценны чырвонагвардзейскі атрад Дзергачова ўліўся ў Чырвоную Армію, стаў касцяком 152-га палка 17-й страл­ковай дывізіі, а Спірыдон Карпавіч камісарам палка. У кнізе «Рэвалюцыйныя камітэты БССР (лістапад 1918 г.- лінень 1920 г.)» (1961) змешчаны дакументы, падпісаныя ваенкомам С. К. Дзергачовым.

У канцы 1920 г. сын прывёз параненага ў ногі Спірыдона Карпавіча дадому. Адляжаўся Дзергачоў, трохі ачуняў. Стаўшы на ногі, з галавой акунуўся ў сялянскія справы. Ён, бядняк з беднякоў, прагнуў новага жыцця. Быў Спірыдон Карпавіч надзіва здольным арганізатарам. Першая партыйная ячэйка пры Навабыхаўскім сельсавеце, таварыствы па сумеснай апрацоўцы зямлі і крэдытаванню, камбед - ён іх арганізоўваў. Неўзабаве з сям'ёй перабраўся ў в. Вотню. У 1922 г. разам са сваімі паплечнікамі-чырвонагвардзейцамі стварыў камуну. Назву выбралі светлую і гордую - «Пралетарская рэспубліка». Дзергачова выбралі старшынёй. Спірыдон Карпавіч недзе змог раздабыць надзвычай рэдкія для таго часу рэчы - трактар і нафтарухавік, пабудавалі млын, пачалі будаваць лесапільню, сталоўку, сыраварню. Камуна «Пралетарская рэспубліка» праіснавала сем гадоў. Некаторыя з камунараў успаміналі: «І не снілася нам раней такое жыццё, як у камуне. «Заможнікамі сталі». Як і заўсёды ў жыцці, сустракалася і смешнае. Той жа Спірыдон Карпавіч, нацэлены на «сусветны камунізм», шумеў па прастаце сваёй душэўнай: «Нe абагуліце пчол - прастрэлю ўсе вуллі». А наогул у камуне жылі дружна і даволі заможна для таго часу. У часы калектывізацыі разгарнуўся арганізатарскі талент С. К. Дзергачова. Кажуць, што прамоўца ён быў рэдкі. Мог словам прымусіць слухачоў плакаць, мог кінуць у нястрымны смех. I справа не ў тым, што гаварыў ён «як па пісанаму». Вера ў будучыню, камуністычная перакананасць, яснае ўсведамленне мэт і задач партыі, веданне душы кожнага селяніна - вось чым браў Дзергачоў. Ён заўсёды і ва ўсім быў прыкладам, ніколі нікога не падводзіў; наабяцаў - зробіць, дасць параду - як у заўтрашні дзень зазірне, дапамагаў людзям чым мог, і яго паважалі, верылі яму.

У сваёй камуне стварыць калгас яму было прасцей, там яго падтрымлівалі былыя баявыя сябры. Куды цяжэй у навакольных вёсках. Толькі 12 навабыхаўскіх гаспадарак з 320 аб'ядналіся ў арцель «Чырвоны баец» у 1929 г. - былы партызан Мітрафан Альховік, удава Настасся Петруленка, бацька дзесяці дзяцей Патап Іваноў, настаўнік Барыс Тамашоў, яго калегі Андрэй Голубаў і Сяргей Шутаў, яшчэ некаторыя сем'і. У двары настаўніка Голубава была калгасная ферма з 12 кароў, у двары Яўмена Карпісонава - насенны фонд. Зімовай ноччу гумно з насеннем успыхнула.

Toe, што з такім напружаннем ствараў Дзер­гачоў i яго сябры-камуністы, іншы раз бурылася раптоўна. У жніўні 1933 агонь праглынуў арцельнае сена. У наступным годзе ахутаўся по­лымем дом настаўніка Тамашова. Тым жа часам конь прывёз з прастрэленай галавой калгасніка Апанаса Альховіка, пасланага ў Быхаў за насеннем.

Мала спаў тады Дзергачоў. У сцюжу, завею, глухой ноччу хадзіў Спірыдон Карпавіч праз пусты сасоннік у Новы Быхаў і ніякага «чорта» з абрэзам не баяўся. Насіў (па «модзе» тых трывожных гадоў) у кішэні кажушка маўзер страшэннага калібру. Але каб давялося калі страляць, то, напэўна, доўга размотваў бы метровы шнурок-раменьчык, якім абкручваў тую сваю «артылерыю». На перасцярогі жонкі дабрадушна пасмейваўся: «Мяне заб'юць? Эге, колькі такіх Дзергачовых мае Савецкая ўлада!»

Пазней Спірыдон Карпавіч займаў яшчэ некалькі пасад. Але партыйная работа, работа з людзьмі, была і заставалася для яго любімай і асноўнай. Чалавек неабсяжнага аўтарытэту і ўплыву, ён стаў для людзей прыкладам справядлівасці і правільнасці жыцця. А жыў ён сумленна і сціпла, каб не сказаць беднавата - пры ўсёй сваей значнасці і пашане, якой быў акружаны. Ішлі да яго людзі штодня - хто за парадай, хто за дапамогай, хто проста пагутарыць ці паслухаць разумнага чалавека.

Перад Айчыннай вайной Дзергачоў хварэў: разбалеліся раны. Ды і далёка не малады ўжо быў - шэсць дзесяткаў гадоў пражыў. А калі на­палі фашысцкія захопнікі, не верыў стары бальшавік, што далёка прасунуцца яны па нашай зямлі. I толькі калі ўжо зашугаў небасхіл блізкім крывава-пунсовым заравам, узяў Спірыдон Карпавіч падарожны кіёк і самым апошнім з мясцовых камуністаў адправіўся ў горкі шлях.

Не склаў крылы стары сокал. Як яго ў такіх гадах і пры такім здароўі прынялі ў армію - невядома. Але ваяваў Спірыдон Карпавіч яшчэ некалькі гадоў, абараняў ад фашыстаў сваю родную ўладу літаральна да апошняй кроплі крыві: памёр ён ў 1944 г. ў адным са шпіталяў Саратаўскай вобласці ад ран і старых і новых.

Выгадаваў Спірыдон Карпавіч мужнымі і дастойнымі сваіх дзяцей. Два яго сыны-франтавікі - Еўдакім і Фёдар - аддалі жыццё за Радзіму, Загінула, ратуючы баявога таварыша, і дачка-партызанка Жэня. Лёс быў літасцівы толькі да аднаго Івана Спірыдонавіча - старэйшага сына, таксама франтавіка.

Чысты ленінец, заўзяты камуніст – такое можна пачуць пра Дзергачова ў яго родных мясцінах. Людзі з удзячнасцю ўспамінаюць светлага чалавека, які пакінуў за сабой глыбокі жыццёвы след.

І. Патапаў

 

 

СІДАР ІГНАТАВІЧ ГАЎРЫЛЕНКА

Удзельнік Кастрычніцкай рзвалюцыі, грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў. Нарадзіўся ў 1897 г., жыў у в. Хачынка Быхаўскага р-на. Добраахвотна ўступіў у Чырвоную гвардыю і Чырвоную Армію. Змагаўся з ворагамі Савецкай улады на Украіне. Камандзір узвода 86-га стралковага палка Гаўрыленка вызначыўся ў 1920 годзе ў баях на польскім фронце, калі са сваім узводам разграміў атрад белапалякаў, што прабраўся ў тыл наступаючых савецкіх войск. За гэты гераічны ўчынак Гаўрыленка быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга. Пасля грамадзянскай вайны вярнуўся на радзіму і ўключыўся ў барацьбу за новае, сацыялістычнае жыццё. У пачатку 1930-х гадоў С. I. Гаўрыленка разам з іншымі аднавяскоўцамі стварыў калектыўную гаспадарку імя Галадзеда (старшынёй калгаса быў выбраны С. I. Гаўрыленка). У пачатку Вялікай Айчыннай вайны камандзір запасу старшы лейтэнант С. І. Гаўрыленка на фронце, выходзячы з акружэння, трапіў у фашысцкі палон, адкуль уцёк і пайшоў у партызаны. 3 1942 г. ён у 45-м партызанскім атрадзе «За Радзіму». Неаднаразова хадзіў у разведку, удзельнічаў у разгроме варожых гарнізонаў. Загінуў у баі 14 снежня 1942 г. на Браншчыне.

 

ДЗМІТРЫЙ РАМАНАВІЧ ЕМЯЛЬЯНАЎ-ЕЛКІН

Удзельнік грамадзянскай вайны, барацьбы за Савецкую ўладу. Нарадзіўся ў 1888 г. ў в. Сядзіч Быхаўскага р-на. Член КПСС з 1918 г. 3 сялян. Рэвалюцыйная біяграфія яго пачалася на крэйсеры «Петрапаўлаўск» Балтыйскага флоту. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. прыexaў на Быхаўшчыну, дзе праводзіў рэвалюцыйную работу сярод сялян павета і салдат шматлікага ў той час Быхаўскага гарнізона, а таксама войск, якія следавалі ў эшалонах па чыгунцы. Напярэдадні 1 Мая 1917 г. па ініцыятыве бальшавікоў М. Л. Рудкоўскага і Дз. Р. Емяльянава-Елкіна ў Быхаве былі разбураны 2 помнікі цару Аляксандру II і выве­шаны чырвоныя сцягі. Агітацыя рэвалюцыянераў-бальшавікоў прынесла свой плён: вайсковыя часці гарнізона былі pacпрaпaгандаваны, і ўрад Керанскага вывеў іх з Быхава. Калі ў Быхаўскі павет былі ўведзены часці польскай дывізіі з корпуса Доўбар-Мусніцкага, Дз. Р. Емяльянаў-Елкін і іншыя бальшавікі разгарнулі сярод салдат і малодшых афіцэраў растлумачальную работу. Увосень 1917 г. ў Сядзіцкай школе польскія афіцэры праводзілі сход салдат, на які з'явіліся Емяльянаў-Елкін і Рудкоўскі. Салдаты патрабавалі даць слова бальшавікам. Іх выступленні былі сустрэты з вялікай увагай. Сімпатыі салдат былі на баку бальшавікоў, таму афіцэры не адважыліся іх адкрыта арыштаваць, а зрабілі засаду, каб забіць іх па дарозе ў Быхаў. Аб гэтым даведалася настаўніца Пабядзінская і папярэдзіла бальшавікоў-агітатараў аб небяспецы. Пазней Емяльянаў-Елкін - баец матроскага атрада, якім камандаваў П. Я. Дыбенка, удзельнічаў у разгроме контррэвалюцыйнай Стаўкі ў Магілёве, уваходзіў у склад Быхаўскага павятовага ваенна-рэвалюцыйнага камітэта, змагаўся за ўсталяванне Савецкай ўлады ў Быхаўскім павеце. У канцы сакавіка 1918 г. пад націскам кайзераўскіх і белапольскіх войск Чырвоная гвардыя вымушана была пакінуць Быхаў. Да гэтага бальшавік Емяльянаў-Елкін і іншыя чле­ны рэўкома арганізавалі падпольныя групы для работы у тыле ворага, устанавілі месцы явак, прынялі меры, каб са станцыі Быхаў былі выведзены на Оршу паравозы і вагоны, узарвалі чыгуначны мост на рацэ Макранцы. Потым Дз. Р. Емяльянаў-Елкін ваяваў на франтах гра­мадзянскай вайны, працаваў у органах ВЧК. Памёр у 1965 г.

 

 

АЛЯКСАНДР АЛЯКСЕЕВІЧ ЖДАН

Удзельнік грамадзянскай вайны. Нарадзіўся ў 1894 г. ў г. Быхаў. У сакавіку 1919 г. буксірны параход «Кур'ер», на якім А. А. Ждан працаваў старшым машыністам, увайшоў у склад Дняпроўскай ваеннай флатыліі. Ждан удзельнічаў у баях з бандамі пад Трыполлем, Чарнобылем, Чаркасамі. 17.8.1919 г. «Кур'ер» быў адрэзаны во­рогам ад асноўных часцей. Камандаванне прыняло рашэнне затапіць бронепараход. А. А. Ждан разам з таварышамі па варожых тылах прабраўся да сваіх і зноў працягваў службу на флоце. 1.12.1919 г. прызначаны механікам захопленага ў ворага бронепарахода «Добраахвотнік» (пазней называўся «Пралетарый», кананерская лодка «Згубны»). Вясной 1920 г. ўдзельнічаў у баях супраць флатыліі белапалякаў на Прыпяці, 27.4.1920 г. ў баі лодка загінула. А. А. Ждан выратаваўся i ў складзе пераходнай роты флатыліі працягваў ваяваць. Пасля грамадзянскай вайны працаваў механікам Дняпроўскага параходства на параходах «Пераяслаў», «Кіеў», «Чаркасы» і інш. Памёр у 1959 г.

І. Я. Краўцоў.

 

 

ЯКАЎ УЛЬЯНАВІЧ ІНДЗЮКОЎ

Удзельнік грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў. Нарадзіўся ў 1899 г. ў в. Трасцівец Быхаўскага р-на. 3 сялян. Член КПСС з 1923 г. 3 13 гадоў паступіў вучнем ў прыватную друкарню і авалодаў прафесіяй наборшчыка. У час 1-й сусветнай вайны ўключыўся ў рэвалюцыйную работу. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі набіраў газету «Известия Быховского ревкома». 3 1919 г. ў Чырвонай Арміі, удзельнічаў у баях з войскамі генерала Юдзеніча над Петраградам, потым на Заходнім фронце супраць белапалякаў, быў паранены. Пасля дэмабілізацыі ў 1922 г. вярнуўся ў Быхаў, адкуль павятовы камітэт партыі накіраваў яго ў Рэчыцкую савецка-партыйную школу. Пасля яе заканчэння працаваў наборшчыкам спачатку ў Рэчыцкай, потым у Гомельскай чыгуначнай друкарнях. У 1930-1940-я гады на савецкай і партыйнай рабоце, у студзені 1940 г. па рашэнню ЦК КПБ накіраваны ў Брэсцкую вобласць сакратаром Высокаўскага райкома партыі па кадрах.

У гады Вялікай Айчыннай вайны Я. У. Індзюкоў на фронце, потым у тыле праціўніка ў Мінскай вобласці, дзе арганізоўваў падпольныя райкомы партыі, удзельнічаў у аперацыях па разгрому гітлераўскіх гарнізонаў. У красавіку 1943 г. Індзюкоў адкліканы ў распараджэнне БШПР. Пасля вайны працаваў першым сакрата­ром Дзівінскага райкома партыі. У 1947 г. вы-лучаны кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР. Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны I ступені, медалямі. Памёр Я. У. Індзюкоў 26 верасня 1947 г. пасля цяжкай хваробы.

 

 

СЦЯПАН СЦЯПАНАВІЧ КАНДРАЦЬЕЎ

Удзельнік Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі і грамадзянскай вайны на Беларусі. Нарадзіўся ў 1891 г. ў Быхаве. Член КПСС з 1917 г. У гады 1-й сусветнай вайны марак Балтыйскага флоту. 3 1918 г. ў Чырвонай Арміі: камісар санчасці, шпіталя, ваенком усеагульнага ваеннага навучання ў Петраградзе, камісар 10-й стралковай дывізіі. Вызначыўся 3-4.11.1919 г. ў баях пад Гдовам і 14—17.11. 1920 г. пры разгроме бандаў Булак-Балаховіча ў Рэчыцкім павеце. Пасля грамадзянскай вайны ваенком 2-га стралковага корпуса. 3 1924 г. на адміністрацыйна-гаспадарчай рабоце. Узнага­роджаны 2 ордэнамі Чырвонага Сцяга. Памёр С. С Кандрацьеў у 1956 г.

 

 

ФЕАКЦІСТ РЫГОРАВІЧ КАРАВАЦКІ

Удзельнік грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў. Нарадзіўся ў 1900 г. ў в. Глухі Быхаў­скага р-на. 3 сялян. Член КПСС. У 1919-1921 гг. у складзе 3-й арміі ўдзельнічаў у грамадзян­скай вайне на Заходнім фронце. Пасля працаваў у мясцовых савецкіх і партыйных органах, быў старшынёй выканкома сельсавета, з 1940 г.— інструктар Быхаўскага райкома партыі. У Вялікую Айчынную вайну на фронце. Пасля вайны Ф. Р. Каравацкі на розных пасадах у народнай гаспадарцы. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР. Памёр 20 жніўня 1979 г.

 

КАНСТАНЦІН ЛЯВОНЦЬЕВІЧ КЛЕПІК

Удзельнік грамадзянскай і Вялікай Айчын­най войнаў. Нарадзіўся ў 1902 г. ў в. Мокрае Быхаўскага раёна. Член КПСС з 1926 г. Скончыў фельчарскую школу. У 1918 г. добраахвотнікам уступіў у Чырвоную Армію, служыў фельчарам. У адным з баёў быў кантужаны. 3 лістапада 1919 г. лекарскі памочнік на кананерскай лодцы «Гарачы» Дняпроўскай ваеннай флатыліі. У 1926 г. скончыў Неўскую артылерыйскую школу, займаў розныя камандныя пасады ў берагавой ахове Ціхаакіянскага флоту, пасля выкладаў у шэрагу ваенна-марскіх вучылішчаў. 3 1954 г. звольнены ў запас, палкоўнік. Працягваў работу па ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі. Адзін з аўтараў кнігі нарысаў пра Герояў Савецкага Саюза - ураджэнцаў Кіеўскай вобласці «Баявыя зоркі кіяўлян». Узнагароджаны ордэнам Леніна, двума ордэнамі Чырвонага Сцяга, многімі медалямі. Памёр у 1983 г.

І. Я. Краўцоў.

 

 

АДАМ ЦІМАФЕЕВІЧ МАМАЕЎ

Удзельнік барацьбы за Савецкую ўладу на Быхаўшчыне. Нарадзіўся ў 1892 г. ў в. Новы Быхаў Быхаўскага р-на. 3 сялян. У 1-ю сусветную вайну знаходзіўся на германскім фронце. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ваенны камісар першага Быхаўскага павятовага рэўкома па Нава-быхаўскай воласці, праводзіў мабілізацыю ў Чырвоную Армію. У 1918-1921 гг. у Чырвонай Арміі. Пасля дэмабілізацыі на розных пасадах у Новым Быхаве, з 1930 г. працаваў настаўнікам у пачатковых школах раёна. У гады Вялікай Айчыннай вайны партызан 810-га партызанскага палка. З сакавіка 1944 г. пасля вызвалення левабярэжжа раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў загадваў аддзелам сацыяльнага забеспячэння Быхаўскага райвыканкома, у 1946 - 1962 гг. працаваў дырэктарам Няражскай, Чырвонабярэжскай пачатковых школ. Удастоен шасці ўрадавых узнагарод. Памёр А. Ц. Мамаеў 7 ліпеня 1978 г.

 

 

ПАВЕЛ ІВАНАВІЧ МІЧУКОЎ

Удзельнік грамадзянскай вайны, нарадзіўся ў 1905 г. ў Гельсінгфорсе (цяпер Хельсінкі) у сям'і ваеннага марака. У 1917 г. сям'я Мічуковых пераехала на Быхаўшчыну ў в. Баркалабава, адкуль быў родам бацька. Пасля смерці бацькоў Паўла забраў да сябе дзядзька, які працаваў у Кіеве ў рачным параходстве. П. I. Мічукоў стаў плаваць на параходах, зарабляючы сабе на пражыццё. Калі над Савецкай Украінай навісла пагроза, ён добраахвотна пайшоў у рады абаронцаў рэвалюцыі, быў кулямётчыкам спачатку на браняпоездзе 7-й стралковай дывізіі, а потым на браніраваным параходзе «Мукамол» (пазней кананерская лодка «Грамавы»). П. I. Мічукоў мужна змагаўся з белагвардзейцамі і інтэрвентамі пад Екацярынаслаўлем (цяпер Днепрапятроўск), абараняў дняпроўскія рубяжы, хадзіў у разведку. Пасля грамадзянскай вайны служыў на вартавых караблях «Громкі» і «Геройскі», удзельнічаў ў разгроме розных бандаў. У 1921 г. былы юнга вярнуўся у Баркалабава, уключыўся ў работу па ўмацаванню Савецкай улады на вёсцы, наладжванню калектыўнай формы вядзення сель­скай гаспадаркі, стаў селькорам і арганізатарам самадзейнасці. У 1934 г. ён паехаў на асваенне далёкаўсходніх зямель. Там захварэў і памёр.

 

 

ЯФРЭМ ТРАФІМАВІЧ МУЖЫЧКОЎ

Удзельнік грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў. Нарадзіўся ў 1898 г. ў Быхаве. 3 сялян. Член КПСС з 1943 г. У 1-ю сусветную вайну салдат, курсант, прапаршчык, камандзір узвода маршавага батальёна і камандзір роты 405-га Льгоўскага палка на Паўднёва-Заходнім фронце. У 1917 г. з радасцю сустрэў Кастрычніцкую рэвалюцыю, стаў актыўным змагаром за ўладу Саветаў. У Чырвонай Арміі вёў барацьбу з дэзерцірамі, потым на Заходнім фронце камандаваў ротай у 152-м стралковым палку, сфарміраваным з чырвонагвардзейскіх атрадаў Быхаўшчыны. Пасля грамадзянскай вайны працаваў у сель­скай гаспадарцы. У 1939 г. ўдзельнічаў у вызваленчым паходзе Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь. 3 першых дзён Вялікай Айчыннай вайны на фронце. Пасля вайны працаваў у народнай гаспадарцы. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі «За абарону Масквы», «За узяцце Кёнігсберга», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941 — 1945 гг.». Памёр Я. Т. Мужычкоў у 1970 г.

 

 

РАМАН ІВАНАВІЧ НІКІЦІН

Удзельнік барацьбы за ўстанаўленне Савецкай улады на Быхаўшчыне. Нарадзіўся у 1886 г. ў г. Слаўгарад (былы Прапойск) Магілёўскай вобл. 3 ранніх гадоў працаваў на кафельным заводзе, юнаком стаў на шлях рэвалюцыйнай барацьбы з царскім самадзяржаўем. За ўдзел у рэвалюцыі 1905-1907 гг. быў на 5 гадоў сасланы ў Сібір. Пасля ссылкі мабілізаваны ў царскую армію. У жніўні 1917 г. выбраны ў Савет салдацкіх дэпутатаў ад запаснога палка, які знаходзіўся ў Рослаўлі на Смаленшчыне. Вясной 1918 г. вярнуўся на радзіму і актыўна ўключыўся ў барацьбу за ўстанаўленне Савецкай улады ў неакупіраваных вёсках Быхаўскага павета. У ліпені 1918 г. выбраны дэлегатам на 5-ы Усерасійскі з'езд Саветаў, на якім слухаў выступленне У. І. Леніна; прымаў удзел у разгроме леваэсэраўскага мяцяжу ў Маскве. 10.1.1919 г. як член рэўкома Р. I. Нікіцін удзельнічаў у рабоце Быхаўскага павятовага з'езда Саветаў. Вясной 1920 г. прыфрантавы Быхаўскі павет перажыў цяжкія дні, у некаторых валасцях павета пачаліся кулацкія паўстанні. Член Быхаўскага павятовага камітэта, выканкома, калегіі зямельнага аддзела P. І. Нікіцін рашуча выкараняў супраціўленне кулакоў. Забіты ворагамі Савецкай улады 20.5.1920 г. ў в. Доугі Мох. Пахаваны ў Быхаве. Імем Р. I. Нікіціна названы вуліца, завулак і спуск у Быхаве.

 

 

МАЦВЕЙ ЛЯВОНЦЬЕВІЧ РУДКОЎСКІ

Удзельнік Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі і грамадзянскай вайны, барацьбы за Савецкую ўладу на Быхаўшчыне. Нарадзіўся ў 1894 г, ў в. Мокрае Быхаўскага р-на. 3 сялян. Член КПСС з 1917 г. Вясной 1917 г. партыя накіравала марака Балтыйскага флоту М. Л. Рудкоўскага з Петраграда на радзіму для рэвалюцыйнай работы. Удзельнічаў у стварэнні ў Быхаве бальшавіцкай арганізацыі, вёў агітацыю сярод сялян. У верасні 1917 г. вярнуўся ў Петраград, дзе ўдзельнічаў у Ка­стрычніцкай рэвалюцыі, потым у складзе зводнага чырвонагвардзейскага атрада прымаў удзел у ліквідацыі контррэвалюцыйнай Стаўкі ў Магілёве. М. Л. Рудкоўскі многае зрабіў па умацаванню Савецкай улады ў Быхаўскім павеце і стварэнню чырвонагвардзейскіх атрадаў. 3 1918 г. ў Чырвонай Арміі, удзельнічаў у вызваленні тэрыторыі Беларусі ад нямецкіх акупантаў і польскіх легіянераў. Пасля грамадзянскай вайны да 1924 г. працаваў старшынёй валвыканкома у Доўску і Жлобіне, у 1924— 1926 гг. старшынёй Быхаўскага райвыканкома і інструктарам Магілёўскага акрвыканкома, у 1930-1940 гг. на гаспадарчай рабоце ў Мінску. У гады Айчыннай вайны ў эвакуацыі ў Тамбоўскай вобласці. Пасля вайны працаваў у Міністэрстве лясной прамысловасці БССР. Памёр М. Л. Рудкоўскі ў 1957 г.

 

 

РАМАН ВАРФАЛАМЕЕВІЧ САВІЦКІ

Удзельнік Лютаўскай буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі, грамадзянскай і Вялікай Ай­чыннай войнаў. Нарадзіўся у 1895 г. ў в. Кароўчына Быхаўскага раёна. У 1915 г. прызваны на флот, служыў на Балтыцы. Удзельнічаў ва ўзброеным паўстанні ў ноч з 28 лютага на 1 сакавіка 1917 г. ў Кранштаце. 3 красавіка 1917 г. машынны ўнтэр-афіцэр на мінаносцы. У лютым 1918 г. дэмабілізаваўся, вярнуўся дамоў, працаваў настаўнікам валасной школы. 3 восені 1919 г. ў Чырвонай Арміі, спачатку ў 3-м Гомельскім крапасным стралковым палку, потым пераведзены на Дняпроўскую ваенную флатылію. Вясной 1920 г. прызначаны машыністам кананерскай лодкі «Меткі», удзельнічаў у баях пад Кіевам, у абароне Лоева. Пасля таго як у баі ў ноч з 1 на 2 чэрвеня 1920 г. лодка затанула, Р. В. Савіцкі быў прызначаны машыністам другой кананеркі «Гарачы». У лістападзе 1920 г. звольнены ў запас. Да 1930 г. працаваў слесарам на металургічным заводзе ў Каменскім (цяпер Днепрадзяржынск), пасля электраманцёрам гарбарнага завода ў Магілёве. У Вялікую Айчынную вайну сувязны партызанскага атрада. Пасля вызвалення Магілёўшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў прызваны на фронт. Пасля вайны працаваў лесніком. Памёр 23.12.1979 г.

І. Я. Краўцоў.

 

 

ЦІМОХ ІВАНАВІЧ САРОКІН

Удзельнік барацьбы за Савецкую ўладу на Быхаўшчыне. Нарадзіўся ў 1886 г. ў в. Студзёнка Быхаўскага р-на. 3 сялян. Член КПСС з 1917 г. У 1906-1911 гг. працаваў у кравецкай майстэрні ў Кіеве, потым качагарам на параходзе акцыянернага таварыства, у 1912-1914 гг. чаляднікам у кравецкай майстэрні ў Петраградзе. У 1914 - 1917 гг. у царскай арміі, удзельнічаў у 1-й сусветнай вайне (Заходні фронт), Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. У дні Кастрычніка быў выбраны старшынёй ваенна-рэвалюцыйнага камітэта 64-й інжынернай дружыны. У снежні 1917 - 1918 гг. на радзіме ўдзельнічаў у 1-м з'ездзе Саветаў Быхаўскага павета, выбраны чле­нам павятовага выканкома, вёў падпольную рабо­ту на тэрыторыі акупіраванай кайзераўскімі войскамі правабярэжнай часткі Быхаўскага па­вета, стварыў падпольную партыйную арганізацыю ў в. Студзёнка, партызанскі атрад і кіраваў ім. Удзельнічаў у партыйнай канферэнцыі падпольных арганізацый і быў выбраны старшынёй Быхаўскага падраённага падпольнага камітэта РКП (б). Пасля вызвалення Быхава ад інтэрвентаў Ц. I. Сарокін у саставе Быхаўскага рэўкома. У студзені 1919 г. на 1-м агульна-павятовым з'езде Саветаў выбраны членам выканаўчага камітэта і прызначаны загадчыкам камунальнага пададдзела пры Быхаўскім павятовым зямельным аддзеле. У 1919 г. арганізаваў у в. Сарочына на Быхаўшчыне адну з першых на Беларусі сельскагаспадарчую камуну імя Карла Лібкнехта, быў яе старшынёй. Пасля грамадзянскай вайны член бюро павятовага камітэта партыі ў г. Старадубе (тады Гомельскай губерні, цяпер Бранскай вобл.), потым вярнуўся на радзіму і працаваў у камуне, пазней выбраны старшынёй Акруговай зямельнай камісіі Акрземаддзела ў Магілёве. У 1928-1930 гг. на гаснадарчай рабоце ў Оршы і Віцебску. Пасля заканчэння ў 1931 г. Вышэйшай калгаснай шко­лы ў Маскве працаваў у Мінску ў органах Наркамзема БССР. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны пакінуў Мінск і пайшоў на ўсход, разам з узброенай групай перайшоў лінію фронту і прыбыў у г. Бялёў Тульскай вобл., у 1942 г. па хваробе эвакуіраваны ў г. Горкі, дзе і памёр 9 мая 1942 г.

 

 

МІКАЛАЙ ІГНАТАВІЧ CIBAКOЎ

Удзельнік грамадзянскай вайны. Нарадзіўся ў 1897 г. ў в. Праточнае Быхаўскага р-на. 3 сялян. У 1-ую сусветную вайну служыў радавым на Заходнім фронце. У канцы 1917 г. вярнуўся на радзіму. У 1918 г. добраахвотна ўступіў у Чырвоную Армію, служыў у коннай разведцы 150-га палка 18-й стралковай дывізіі. У 1920 г. ўдзельнічаў у вызваленні Мінска ад белапалякаў. У 1920 г. быў узнагароджаны вы­шэйшай адзнакай Рэспублікі - ордэнам Чырвонага Сцяга.

Пасля грамадзянскай вайны М. I. Сівакоў вяр­нуўся ў родныя мясціны, займаўся сельскай гаспадаркай і працаваў на лесараспрацоўках. Вясной 1927 г. арганізаваў першы ў былым Чачэвіцкім раёне калгас «Чырвоныя ўсходы», быў яго старшынёй. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны гітлераўцы разрабавалі калгас «Чырвоныя ўсходы», спалілі вёску і грамадскія пабудовы. М. I. Сівакоў пайшоў у партызаны.

Пасля вайны працаваў у саўгасе «Кіпячы». Памёр М. I. Сівакоў у 1985 г.

 

 

3 ЗАГАДА РВС РЭСПУБЛ1КІ АБ УЗНАГАРОДЗЕ ОРДЭНАМІ ЧЫРВОНАГА СЦЯГА ВАЕННАСЛУЖАЧЫХ 150-ГА ПАЛКА 18-Й СТРАЛКОВАЙ ДЫВІ3ІІ ЗА БАЯВЫЯ ПОСПЕХІ Ў БАЯХ ПАД Г. ПОЛАЦКАМ

№ 32 28 студзеня 1920 г.

Утверждается присуждение на основании приказа РВСР 1919 г. за № 511 Реввоенсоветом 16-й армии ордена Красного Знамени.

... Стрелку команды конных разведчиков тов. СИВАКОВУ Николаю Игнатьевичу - за то, что в бою под м. Прозороки 2 ноября 1919 г. он, будучи посыльным ординарцем при 2-м батальоне и несмотря на сильный пулеметный и ружейный огонь противника, неоднократно доставлял донесения и словесные приказания ротным командирам на передовую линию, чем подавал в бою пример остальным своим товарищам-красно­армейцам.

 

Заместитель председателя Революционного

Военного Совета Республики

Э. Склянский

 

Главнокомандующий всеми вооруженными

силами Республики

С. Каменев

 

Член Революционного Военного Совета

Республики

Курский

 

 

АЛЯКСЕЙ ПЯТРОВІЧ СТАРАСЦЕНКА

Удзельнік барацьбы за Савецкую ўладу на Быхаўшчыне, чэкіст. Нарадзіўся ў 1886 г. 3 сялян. Бальшавік. У 1918 г. ўдзельнічаў у стварэнні чырвонагвардзейскіх атрадаў, якія аказвалі рашучае супраціўленне акупантам на тэрыторыі Быхаўскага павета. Пасля вызвалення Быхаўшчыны ад інтэрвентаў А. П. Старасценка - член Быхаўскага павятовага камітэта РКП (б), старшыня Быхаўскай павятовай надзвычайнай камісіі, арганізоўваў камітэты беднаты, першыя сельскія Саветы. У 1918 г. ўдзельнічаў у рабоце 5-га Усерасійскага з'езда Саветаў у Маскве, у студзені 1919 - на 1-м аб'яднаным павятовым з'ездзе Саветаў выбраны намеснікам старшыні з'езда і членам павятовага выканкома. Ворагі Савецкай улады неаднаразова рабілі замах на яго жыццё, і ў ліпені 1920 г. А. П. Старасценка быў забіты.

 

 

МЕЧАСЛАЎ СТАФАНОЎСКІ

Удзельнік Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі ў Маскве. Нарадзіўся ў 1897 г. ў фальварку Банькоў Быхаўскага павета. Бальшавік. У час рэвалюцыі служыў у тэлеграфна-пражэктарным палку, быў выбраны членам ваенна-рэвалюцыйнага штаба раёна і камандзірам палка, на чале якога М. Стафаноўскі ўдзельнічаў у ачышчэнні цэнтра Масквы ад юнкераў. У кастрычніку 1917 г. ў час штурму тэлефоннай станцыіі быў цяжка паранены. Памёр ад ран у лістападзе 1917 г. Пахаваны на Краснай плошчы каля Крамлёўскай сцяны.

Удзельнікі кастрычніцкіх баёў у Маскве ўспаміналі пра М. Стафаноўскага: «Салдат 4-й роты, ён адзін з першых, паказваючы прыклад іншым, з'явіўся ў ваенна-рэвалюцыйны штаб Благуша-Лефортаўскага раёна Масквы і працаваў з такой самаадданасцю, што многія радаваліся і здзіўляліся. У час бою за тэлефонную станцыю Стафаноўскі выбег на сярздзіну двара і, стоячы, пачаў расстрэльваць контрыкаў, якія паяўляліся ў версе (на дахах дамоў – рэд.). Але хутка забіты падае». На самай справе ён паранены. Яго прозвішча значыцца ў спісе параненых Мясніцкага лазарэта № 1610, апублікаваным 9.11.1917 г. газетай «Утро России». У другім архіўным дакуменце пра М. Стафаноўскага паведамлялася: «20 гадоў, халасцяк, памер ад ран». У снежні 1917 г. ў прывітанні Благуша-Лефортаўскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў першаму тэлеграфна-пражэктарнаму палку гаварылася: «У слаўныя дні рэвалюцыйнай барацьбы супраць ворагаў народа ў Маскве наш полк першы з нашага раёна даў мужных байцоў за народную справу. Імёны загінуўшых з іх тав. Стафаноў­скага і іншых заўсёды будуць жыць у нашай памяці».

Да 1-й гадавіны Вялікага Кастрычніка было вырашана паставіць помнік загінуўшым у кастрычніцкіх баях камуністам-лефортаўцам - Стафаноўскаму і рабочаму Шчарбакову. Аднак з пачаткам грамадзянскай вайны і з-за цяжкага становішча краіны паставіць помнік не ўдалося.

 

 

ІЛЬЯ ІЛЬІЧ ФЕАКЦІСТАЎ

І. І. Феакцістаў нарадзіўся ў 1895 г. ў г. Слаўгарад (тады мястэчка Прапойск Быхаўскага павета). 3 дзяцінства прывучыўся ён да цяжкай сялянскай працы, бачыў і разумеў пакуты пра-цоўных.

Восенню 1915 г. Феакцістаў быў прызваны ў армію, але на фронце заставаўся нядоўга, праз год быў дэмабілізаваны па стану здароўя. Год жыцця ў акопах не прайшоў дарэмна. Ён стаў для салдата вялікай палітычнай школай. Яшчэ большы ўплыў на светапогляд Ільі зрабіў яго старэйшы брат Дзмітрый, які ўступіў у партыю бальшавікоў у 1908 г. Працаваў Дзмітрый Ільіч у Петраградзе. Ён дапамог брату ўладкавацца рабочым. У Петраградзе Феакцістаў стаў членам ленінскай партыі, прымаў актыўны ўдзел у падрыхтоўцы Кастрычніцкага ўзброенага паўстання.

У красавіку 1918 г. па заданню партыі ён прыехаў на Быхаўшчыну як агітатар. Першым яго крокам было наладжванне сувязей з мясцовымі камуністамі. 3 іх дапамогай ён арганізоўваў партызанскія атрады для барацьбы з акупантамі. Пешшу Ілья Ільіч абышоў дзесяткі вёсак, вы-ступаў на сходах сялян. Калі ў Прапойску быў створаны Быхаўскі павятовы камітэт партыі, у яго ўвайшоў і І. I. Феакцістаў. Крыху пазней, на павятовым з'ездзе Саветаў, таварыш Феакцістаў быў выбраны членам павятовага выканкома і прызначаны намеснікам старшыні павятовай надзвычайнай камісіі. Разам са старшынёй гэтай камісіі Аляксеем Пятровічам Старасценкам Феакцістаў праводзіў работу па ачышчэнню органаў Савецкай улады ад эсэраў і меншавікоў, вёў барацьбу з контррэвалюцыяй. І. І. Феакцістаў і член павятовага камітэта РКП (б) П. П. Лагуцёнак двойчы (у верасні і кастрычніку 1918 г.) пабывалі на акупіраванай тэрыторыі павета і ўстанавілі трывалыя сувязі з падпольнымі арганізацыямі камуністаў, аказалі ім практычную дапамогу.

Пасля вызвалення Быхаўскага павета ад нямецкіх акупантаў на аб'яднаным з'ездзе Саветаў, які адбыўся 10 студзеня 1919 г., Феакцістаў быў уведзены ў састаў павятовага рэўкома, выбраны членам павятовага выканкома.

У гэты час маладая Савецкая рэспубліка вя­ла цяжкую барацьбу супраць унутраных і знеш­ніх ворагаў. Большасць камуністаў уступіла ў Чырвоную Армію. Нягледзячы на дрэнны стан здароўя пайшоў на фронт і Феакцістаў, стаў палітработнікам 47-й стралковай дывізіі Заходняга фронту. У студзені 1920 г. Ілья Ільіч захварэў на тыф. Пасля лячэння ў шпіталі атрымаў дадатковы водпуск і прыехаў у Прапойск. Прыфрантавы Быхаўскі павет перажываў цяжкія дні. На вызваленую тэрыторыю Беларусі засыла­ліся банды тэрарыстаў. Адна з такіх бандаў справакавала кулацкі мяцеж у Баханскай, Прапойскай і Даўгамошскай валасцях. Мяцеж быў хутка ліквідаваны, аднак многія камуністы загінулі ў барацьбе з ворагамі рэвалюцыі. 11 сакавіка 1920 г. па-геройску загінуў: у гэтай барацьбе і верны сын партыі I. I. Феакцістаў.

 

 

МІКАЛАЙ КАНСТАНЦІНАВІЧ ЦІТОВІЧ

Удзельнік грамадзянскай вайны. Нарадзіўся ў 1891 г. ў г. Быхаў. Працаваў настаўнікам. У 1915 г. скончыў скарочаны курс ваеннага вучылішча, з лютага 1917 г. штабс-капітан, пасля камандзір роты, батальёна. Са снежня 1918 г. камандзір 20-гa Украінскага савецкага палка, з лютага 1919 г. - 9-га Украінскага са­вецкага палка, з 1.5.1919 г. - памочнік начальніка 1-й брыгады караблёў Дняпроўскай ваеннай флатыліі, а 3.8.1919 г. начальнік штаба флатыліі, пасля начальнік дэсантнага атрада Дняпроўскай ваеннай флатыліі, начальнік штаба зводнага дэсантнага атрада Азоўскага узбярэжжа, началь­нік штаба Марской зкспедыцыйнай дывізіі. 6.2.1921 г. прызначаны начальнікам атрада суднаў воднай аховы Дняпра Kieўскай ваеннай акругі, 13.11.1922 г.- памочнікам начальніка штаба 14-га стралковага корпуса РСЧА. У перыяд культу асобы Сталіна быў рэпрэсіраваны, загінуў у 1938 г.

І. Я. Краўцоў.

 

 

ПАВЕЛ ЯКАЎЛЕВІЧ ЦІХАНАЎ

Удзельнік грамадзянскай вайны. Нарадзіўся ў 1902 г. ў в. Чырвоная Слабада Быхаўскага р-на. 3 сялян. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі П. Я. Ціханаў разам са сваімі аднавяскоўцамі са зброяй у руках абараняў яе заваёвы, быў у партызанскім атрадзе. 3 1918 г. ў Чырвонай Арміі, разведчык 4-й роты 150-га палка 17-й дывізіі, удзеільнічаў у задушэнні стракапытаўскага мяцяжу ў Гомелі, потым ваяваў супраць пятлюраўцаў і белапалякаў на Пінскім баявым участку, каля Маладзечна, у раёне Полацк - Лепель, каля р. Бярэзіна. Камандзір аддзялення разведчыкаў П. Я. Ціханаў здзейсніў нямала смелых рэйдаў па тылах ворага, даставіў важныя звесткі свайму камандаванню. Пра адзін з яго подзвігаў і ўзнагароду ў загадзе Рэўваенсавета Заходняга фронту гаварылася: «Узнагародзіць ордэнам Чырвонага Сцяга разведчыкаў чацвёртай роты 150-га палка Паўла Якаўлевіча Ціханава і Трафіма Васілевіча Васільева за тое, што ў ноч з 13 на 14 студзеня 1920 года яны ў час разведкі ў занятай праціўнікам весцы Вілы абяззброілі і ўзялі ў палон 9 легіянераў, якія далі каштоўныя звесткі камандаванню аб сілах праціўніка». Загінуў П. Я. Ціханаў у кра­савіку 1920 г.

Ордэн героя быў перасланы праз год яго бацьку. У час нямецка-фашысцкай акупацыі той жыў у в. Чырвоная Слабада. Калі восенню 1943 г. фронт наблізіўся да Быхаўшчыны, Якаў Ігнатавіч прымацаваў сынаў ордэн да грудзей і падаўся ў лес. Суседзям сказаў: «Паспрабую перайсці лінію фронту». Але гэта яму не ўдалося. Ён трапіў у блакіраваны лес і загінуў ад рук карнікаў.

 

 

ФЁДАР КАЛІНКАВІЧ ШЫЧКО

Удзельнік грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў. Нарадзіўся ў 1899 г. з сялян. Член КПСС. З 1917 г. у Чырвонай гвардыі, радавы Мінскай рзвалюцыйнай дружыны, потым начальнік коннай разведкі 1-га кавалерыйскага палка 8-й дывізіі. Пасля грамадзянскай вайны удзельнічаў ва ўсталяванні Савецкай улады на Беларусі, быў арганізатарам вытворчасці. У Вялікую Айчынную вайну камандаваў партызанскім атрадам «За Савецкую Беларусь», які дзейнічаў на акупіраванай тэрыторыі Магілёўскай вобласці. Пасля дэмабілізацыі ў 1944 г. знаходзіўся на гаспадарчай рабоце ў Гомельскай вобл., а з 1948 г. на Грудзінаўскім спіртзаводзе. 3 1963 г. на пенсіі. Узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга (1967). Памёр Ф. К. Шычко 27.2.1971 г.

 

 






Не нашли, что искали? Воспользуйтесь поиском:

vikidalka.ru - 2015-2024 год. Все права принадлежат их авторам! Нарушение авторских прав | Нарушение персональных данных