ТОР 5 статей: Методические подходы к анализу финансового состояния предприятия Проблема периодизации русской литературы ХХ века. Краткая характеристика второй половины ХХ века Характеристика шлифовальных кругов и ее маркировка Служебные части речи. Предлог. Союз. Частицы КАТЕГОРИИ:
|
Таленавіты камандзірФёдар Фаміч Сухаў нарадзіўся 5.9.1920 г. ў пас. Малая Чуракоўка Кустанайскага краю ў сям'і селяніна. Член КПСС з 1945 г. Скончыў БДУ імя У. I. Леніна (1957). У 1937-1940 гг. працаваў настаўнікам у Кустанайскай вобласці. 3 1940 г. ў Чырвонай Арміі. У чэрвені 1941 г. на фронце. 3 вясны 1942 г. ў партызанах, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў 425-га партызанскага атрада: у красавіку — кастрычніку 1943 г. камандзір атрада. 3 кастрычніка 1943 г. па люты 1944 г. камандзір 425-га партызанскага палка. Узнагароджаны двума ордэнамі Чырвонага Сцяга, медалямі. Жыве ў Мінску. Вёскі Лубянка і Рэзкі на Быхаўшчыне сталі першым прытулкам ваеннаслужачых Ф. Сухава, А. Скокава, Р. Чарнышова, якія разам з астатнімі таварышамі па службе, што не здолелі прарвацца за лінію фронту і размясціліся ў суседніх вёсках, вырашылі працягваць барацьбу ў тыле ворага. Хутка Фёдар Сухаў, чалавек жвавы і таварыскі, стаў душой тутэйшай моладзі. Фёдар і яго сябры пабывалі ў навакольных вёсках, пазнаёміліся з многімі людзьмі. Пачалі збіраць зброю, разведалі абстаноўку. У пачатку мая 1942 г. група Сухава выйшла ў лес і пачала дзейнічаць. Хутка яна папоўнілася патрыётамі з в. Залатва на чале з Карпам Адасёвым. Партызаны разграмілі Гарадзецкую воласць, вызвалілі ваеннапалонных, якія далучыліся да Сухава. Аб'яднаная група ў чэрвені 1942 г. аформілася ў атрад. Неўзабаве пасля разгрому гарнізона ў в. Гарадзец у атрадзе здарылася няшчасце — трагічна загінулі Аляксандр Скокаў, Рыгор Чарнышоў, Аляксандр Цыгіб, лепшыя сябры Сухава. Партызанам стала вядома, што ў в. Касічы схоплена моладзь для адпраўкі ў Германію. Вызваляць іх папрасіліся Скокаў, Чарнышоў, Цыгіб. Уначы яны знялі вартавых і выпусцілі нявольнікаў. Радасныя вярталіся хлопцы з задання. У канцы вёскі іх сустрэў мужчына з вінтоўкай-дзесяцізарадкай і папрасіў узяць з сабой у партызаны. Параіўшыся, хлопцы далі згоду. Каля в. Уюн партызаны зайшлі ў гумно, каб адпачыць. Тут іх сонных паздрадніцку і забіў з дзесяцізарадкі фашысцкі агент. Трагічная смерць сяброў у пачатку барацьбы многаму навучыла народных мсціўцаў. Потым былі жорсткі бой з карным атрадам Барчыка ў в. Кучын, разгром гарнізонаў у вёсках Падзевічы, Ямнае, засады на шашы і бальшаках, дыверсіі на чыгунцы. I заўсёды ў крытычны момант, у самым «гарачым» месцы апынаўся кулямётны ўзвод Сухава. Асабліва вызначыўся Фёдар пры разгроме гарнізона ў в. Пашкава 11 лютага 1943 г. У аперацыі ўдзельнічала некалькі атрадаў. Усё ішло па плану. I раптам замінка — з акна камендатуры ярасна ўдарыў кулямёт. Партызаны заляглі. Нельга было марудзіць ні мінуты. Сухаў кінуўся да акна. Сарваўшы з галавы шапку, ён сунуў у яе руку, схапіў распаленае дула кулямёта і з усяе сілы рвануў яго на сябе. За акном толькі мільганулі рукі, не здолеўшыя ўтрымаць кулямёт. Фёдар кінуў гранату і пасля выбуху ўскочыў у дом. Аглянуцца часу не было, але ён быў упэўнены — сябры не адстануць. Яму ж неабходна было, пакуль вораг не апамятаўся, захапіць хоць бы яшчэ адзін пакой. Сухаў кінуўся ўперад. Дзверы! Ён так ударыў у іх нагой, што, не ўтрымаўшыся, разам з імі ўляцеў у другі пакой. Гэта і выратавала яго — аўтаматная чарга прайшла над галавой. У наступны момант ён ужо страляў па ўцякаючых фашыстах. У гэтай схватцы Сухаў прыкончыў каменданта гарнізона, яго памочніка і двух кулямётчыкаў. А ў канцы бою быў сам паранены ў руку.
Грышынцы Мікалай Іванавіч Масквін, нарадзіўся ў снежні 1915 г. ў с. Троіцкае Навасільскага раёна Арлоўскай вобласці ў беднай сялянскай сям'і. Член КПСС з 1938 г. 3 1937 г. ў Чырвонай Арміі, служыў на Далёкім Усходзе, удзельнік баёў на возеры Хасан. У 1940 г. скончыў з адзнакай Горкаўскае ваенна-палітычнае вучылішча, быў накіраваны ў Беларускую Асобую ваенную акругу, перад вайной палітрук батарэі артылерыйскага палка. На фронце з першых дзён вайны. Зводны дывізіён цяжкіх гармат, камісарам якога быў М. I. Масквін, прымаў удзел у разгроме нямецкай авіяцыі на Віцебскім аэрадроме ў ноч на 18 ліпеня 1941 г. Пасля акружэння пры спробе перайсці лінію фронту з рэшткамі дывізіёна быў цяжка паранены і з групай байцоў застаўся на акупіраванай тэрыторыі. Пасля папраўкі ў лістападзе 1941 г., аб'яднаўшы групу ваеннаслужачых, якія не выйшлі з акружэння, Масквін у другі раз — і зноў няўдала — спрабаваў выйсці за лінію фронту. У снежні 1941 г. ў час разведкі на чыгунцы Смаленск — Віцебск М. I. Масквін трапіў у аблаву і быў адпраўлены ў рабочы лагер на ст. Гранкі. Пры спробе ўцячы злоўлены і прыгавораны да смерці. У ноч перад пакараннем разам з двума байцамі ўдалося збегчы. 3 вясны 1942 г. ў партызанскім атрадзе С. У. Грышына. У верасні — лістападзе 1942 г. камісар, з лістапада 1942 г. да мая 1944 г. камандзір 1-га батальёна, у чэрвені — ліпені 1944 г. камандзір 1-й брыгады партызанскага злучэння «Трынаццаць». У пасляваенны час на партыйнай і савецкай рабоце. М. I. Масквін выбіраўся дэлегатам XXII з'езда КПСС. Аўтар кніг «Партызанскімі сцежкамі»(1967), «Дарогамі баявога брацтва» (1986). Узнагароджаны 4 ордэнамі. Ганаровы грамадзянін Быхава. 3 1976 г. пенсіянер саюзнага значэння. Пётр Іванавіч Звяздаеў, нарадзіўся 6 жніўня 1919 г. ў станіцы Паўладольская на Паўночным Каўказе. Член КПСС з 1940 г. У 1934 г. паступіў у чыгуначны тэхнікум. Пасля працаваў у дэпо Мінеральныя Воды, дзяжурным на ст. Кіславодск. У 1938 г. прызваны ў Чырвоную Армію, адкуль быў накіраваны ў ваеннае вучылішча. Пасля сканчэння вучылішча ў 1940 г. служыў камандзірам артылерыйскага ўзвода ў г. Калініне. 3 першых дзён вайны ў складзе 19-га артылерыйскага палка ўдзельнічаў у баях за Віцебск і Оршу. На Салаўёвай пераправе цераз Дняпро быў паранены. Жыхары в. Першамайская Дарагабужскага раёна, рызыкуючы жыццём, схавалі і вылечылі яго. Пасля папраўкі ўзначаліў арганізаваную групу з мясцовай моладзі і акружэнцаў, якая ў лістападзе 1941 г. пачала свае дзеянні. У снежні 1941 г.група ўвайшла ў атрад С. У. Грышына. П. I. Звяздаеў быў камандзірам узвода, роты, з чэрвеня 1942 г.—3-га батальёна. У чэрвені — ліпені 1944 г.камандзір 3-й партызанскай брыгады злучэння «Трынаццаць». Пасля злучэння з часцямі Чырвонай Арміі ў чэрвені 1944 г. П. I. Звяздаеў быў накіраваны на перападрыхтоўку ў Вышэйшую афіцэрскую школу. Прымаў удзел у разгроме японскіх захопнікаў. 3 1946 г. П. I. Звяздаеў на савецкай і гаспадарчай рабоце. Узнагароджаны ордэнам Леніна (1942), ордэнам Айчыннай вайны I ступені. Ганаровы грамадзянін Быхава. 3 1975 г. на пенсіі. Іван Трафімавіч Мацяш, нарадзіўся 4 кастрычніка 1922 г. ў с. Юскаўцы Лохвіцкага раёна Палтаўскай вобласці. Пасля сканчэння Харкаўскага пяхотнага вучылішча ў чэрвені 1941 г. ў званні лейтэнанта прыбыў на месца службы. 3 першых дзён вайны на фронце. Пры адступленні пад Смаленскам трапіў у акружэнне. Вырваўшыся, спрабаваў разам з чырвонаармейцамі прабіцца да сваіх. Са студзеня 1942 г. ў партызанах: камандзір роты, у маі 1943 г.— чэрвені 1944 г. камандзір 5-га батальёна, у чэрвені — ліпені 1944 г. камандзір 5-й брыгады партызанскага злучэння «Трынаццаць». У пасляваенны час на савецкай рабоце, у органах унутраных спраў Смаленска. У 1955 г. I. Т. Мацяш у ліку трыдацітысячнікаў працаваў старшынёй калгаса ў Ельніцкім раёне, потым дырэктарам саўгаса. 3 1969 г. на савецкай рабоце ў Смаленску. Узнагароджаны трыма ордэнамі. Ганаровы грамадзянін Быхава. Сяргей Пятровіч Скварцоў, нарадзіўся 27 мая 1918 г. ў в. Муралёўская Шатурскага раёна Маскоўскай вобласці. Член КПСС. Да прызыву ў армію працаваў планавіком-эканамістам. У 1940 г. пасля сканчэння палкавой школы старшы сяржант Скварцоў быў накіраваны ў 13-ы мотастралковы полк 13-й танкавай дывізіі. 3 27 чэрвеня 1941 г. ў складзе палка ваяваў на Заходнім фронце. Удзельнічаў у баях пад Барысавам, Оршай, Ярцавам. Пры адступленні палка арганізаваў пераправу цераз Днепр параненых чырвонаармейцаў і камандзіраў, штабных дакументаў, за што быў прадстаўлены да ордэна Чырвонага Сцяга. 3 уцалелых байцоў палка пад Вязьмай, пасля няўдалай спробы злучыцца з часцямі Чырвонай Арміі, Скварцоў разам з іншымі таварышамі прыняў удзел у арганізацыі партызанскага атрада. Адбылося гэта ў лістападзе 1941 г. каля в. Фаміно Дарагабужскага раёна. У чэрвені 1942 г. С. П. Скварцоў начальнік штаба 1-га батальёна палка «Трынаццаць», са снежня 1943 г,— начальнік штаба палка, у чэрвені 1944 г.— начальнік штаба злучэння «Трынаццаць». Вялікую Айчынную вайну закончыў у складзе 8-й гвардзейскай арміі 1-га Беларускага фронту. Звольнены ў запас з радоў Савецкай Арміі ў І961 г., пераехаў у Курск. Узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, многімі медалямі. С. П. Скварцоў памёр у 1983 г. Марк Давыдавіч Максімаў, партызанскі паэт, нарадзіўся 21 студзеня 1918 г. ў г. Шчорс Чарнігаўскай вобласці. У 1940 г. скончыў літаратурны факультэт Кіеўскага педагагічнага інстытута імя Горкага. У Айчынную вайну на фронце, стралок-аўтаматчык. Потым у партызанах — палітрук коннай разведкі партызанскага палка «Трынаццаць», пазней — рэдактар палкавой газеты «Смерть врагам». Удзельнік Боўкінскай абароны, незабыўным дням якой прысвяціў паэму «У краі маўчання». У пасляваенны час выдаў шэраг кніг. Тэма ваеннага брацтва, дружбы народаў нашай краіны, пераемнасці пакаленняў пранізвае ўсе творы паэта. Яго пяру належаць праўдзівыя нарысы пра верных сяброў-партызан, легендарнага камандзіра партызанскага злучэння «Трынаццаць» Героя Савецкага Саюза С. У. Грышына. Максімаў вядомы і як драматург: яго п'еса «Сям'я Бугровых» ставілася ў Маскве, ішла ў многіх тэатрах краіны. Ён аўтар сцэнарыя гісторыка-рэвалюцыйнага фільма «Асабіста вядомы» (1958).
Не нашли, что искали? Воспользуйтесь поиском:
|