Главная

Популярная публикация

Научная публикация

Случайная публикация

Обратная связь

ТОР 5 статей:

Методические подходы к анализу финансового состояния предприятия

Проблема периодизации русской литературы ХХ века. Краткая характеристика второй половины ХХ века

Ценовые и неценовые факторы

Характеристика шлифовальных кругов и ее маркировка

Служебные части речи. Предлог. Союз. Частицы

КАТЕГОРИИ:






З архітэктурнай спадчыны




Горад Быхаў, вядомы з 14 стагоддзя пад назвай Стары Быхаў, узнік як умацаванае пасяленне на ўзвышаным правым беразе Дняпра пры ўпадзенні ў яго р. Макранкі (Сапежынкі). Высокі бераг Дняпра і шырокая заліўная пойма служылі натуральнымі перашкодамі, якія дапаўняліся штучнымі драўлянымі ўзмацаваннямі. Шчыльная драўляная жылая забудова размяшчалася на спакойным роўным плато надпоймавай тэрасы.

З 2-й палавіны 16 стагоддзя Стары Быхаў належаў магнацкаму роду Хадкевічаў. У 1590 – 1916 гг. гетман Вялікага княства Літоўскага Ян Караль Хадкевіч зрабіў тут сваю ўмацаванную жылую рэзідэнцыю і адначасова перабудаваў горад, ператварыўшы яго ў адну з найбольш магутных цытадэлей дзяржавы. Быхаў быў класічным прыкладам горадабудаўніцтва перыяду рэнесансу. Сістэму ўмацаванняў горада складалі земляныя валы з бастыёнамі, равелінамі і рвамі, якія ўтваралі ў плане амаль правільны паўкруг радыусам 400 м. Тэррыторыя горада-крэпасці была 25 га. Выцягнуты ўсходні 800 метровы дыяметр адпавядаў броўцы рэльефу, што крута паніжаўся да поймы Дняпра. Геаметрычным цэнтрам паўкруглага плана Старога Быхава і кампазіцыйнай дамінантай яго забудовы быў замак феадала, які дапаўняў усходні бок умацаванняў горада-крэпасці. Ад яго пачыналася вялікая (220х90 м) прамавугольная гандлёвая плошча. Яна падзялала тэрыторыю горада на дзве частки. Паводле плана Старога Быхава 1781 г. планіровачная структура горада была блізкая да рэгулярнай. Сетка ўзаемна перпендыкулярных вуліц утварала 32 жылыя кварталы. Шырыня галоўнай вуліцы была каля 10 м, астатнія былі вузейшыя, да 4 м. Галоўная вуліца перасякала гандлёвую площу пасярэдзіне яе выцягнутых падоўжаных бакоў. Кароткія канцавыя адрэзкі галоўнай вуліцы размяшчаліся радыяльна і крыху парушалі прамавугольную сетку вуліц. Яны вялі да сіметрычна размешчаных у поясе ўмацаванняў гарадскіх брам. Паўночная брама, якая адкрывала шлях на Магілёў, называлася Магілёўскай, паўднёвая - Рагачоўскай. Трэццяя брама называлася Падольнай і выводзіла з крэпасці да нізіннай поймы Дняпра, на Падол. Сярод жылой забудовы размяшчаліся каталіцкі кляштар, 2 праваслаўныя царквы, сінагога і яўрэйская школа, на гандлёвай плошчы – крамы. Пераважала драўляная забудова. Мураванымі былі толькі замак, гарадскія брамы і сінагога.

Замак з’яўляўся часткай умацаванняў горада-крэпасці і ў той жа час дзеля большай бяспекі феадала быў аддзелены ад горада дадатковым ровам і пад’ёмным мостам, меў уласныя абарончыя прыстасаванні. Ён ужо не быў падобны на традыцыйныя прыватнаўласніцкія замкі папярэдняга часу з магутнымі мураванымі абарончымі сценамі і баявымі вежамі. Пад уплывам рэнесансавага светапогляду, эстэтычнага і тэхнічнага ўздзеяння заходнееўрапейскага Адраджэння замкавае дойлідства Беларусі паступова ператварылася ў палацава-замкавае. Рысы гэтага працэсу відавочныя і ў архітэктуры замка ў Старым Быхаве (Быхаўскі палацава-замкавы комплекс збярогся часткова).Замкавы комплекс складаўся з некалькіх мураваных карпусоў, якія ўтваралі ў плане няправільны чатырохвугольнік памерамі 75х70 м. З поўначы ўнутраны двор замыкаўся мураванай сцяной з выхадам на гарадскі вал. Заходні бок замкавага комплексу, павернуты да гандлёвай.плошчы, быў забудаваны карпусамі казарм, меў пасярэдзіне ўязную браму з пад’ёмным мостам і фланкіраваўся па вуглах васьміграннымі абарончымі вежамі. На поўдзень ад вежы цягнулася мураваная сцяна, пазней замененая драўлянымі карпусамі. За імі размяшчаўся мураваны двухпавярховы службовы корпус, які прымыкаў да палаца. Выцягнуты будынак самога палаца галоўным падоўжаным фасадам быў арыентаваны на усход, да Дняпра, быў накрыты высокім двухсхільным чарапічным дахам, павышыні амаль роўным двум паверхам. Да сярэдзіны ўсходняга і тарцовага паўднёвага фасадаў палаца прылягаюць гранёныя вежы, якія раней былі пяціяруснымі і завяршаліся двух’яруснымі купалкамі - “банькамі” (уплыў архітэктуры нідэрландскага рэнесансу). Фасад палаца, павернуты ўнутр двара, быў аформелены двух’яруснай арачнай галерэяй з уваходамі ва ўнутраныя памяшканні. Аркада першага паверха была мураваная з крыжовымі скляпеннямі, на 2-м паверсе галерэя была драўляная. Пад будынкам размешчаны вялікія скляпеністыя падвалы. Першы паверх (таксама з магутнымі крыжовымі скляпеннямі) займалі службовыя памяшканні, каморы, майстэрні. Другі паверх, што прызначаўся для жылля гаспадароў, падзяляўся на дзве палавіны – жаночаю і мужчынскаю. На тарцы размяшчалася зала прыёмаў, у вежах – капліца, бібліятэка і кабінет гаспадара. Папярочныя мураваныя сцены рытмічна падзяляюць будынак на прыблізна аднолькавыя памяшканні, маюць анфіладную сувязь. Такія ж папярочныя нясучыя сцены, скляпеністыя перакрыцці і анфіладную сувязь памяшканняў мелі і іншыя мураваныя карпусы палацава-замкавага комплексу. На сённяшні дзень страчаны многія элементы дэкору будынкаў, завяршэнні вежаў, першапачатковая ўнутраная планіроўка.

Акрамя жылой рэзідэнцыі феадала абарончыя прыстасаванні мелі таксама гарадскія брамы (аб іх архітэктуры звестак не захавалася) і мураваны будынак сінагогі, які размяшчаўся непадалёку ад Магілёўскай брамы. Будынак быў пастаўлены ў пачатку 17ст; збярогся да нашых дзён. Збудаванне, у плане блізкае да квадрата (20х21м), падзялялася чатырма 8-граннымі, размешчанымі ў центры на дзевяць частак (палёў). Вуглаватыя часткі перакрыты крыжовымі, прамежкавыя ячэйкі – ціліндрычнымі з распалубкамі скляпеннямі. Лаканічны аб’ём будынка (вышыня 11м) завяршаўся дэкаратыўна абарончым атыкам з байніцамі, якія пазней былі замураваны. На паўднёвым рагу будынка размешчана круглая баявая вежа з вітой лесвіцай унутры. Даволі вялікія вокны з раструбамі ў абодва бакі маюць паўцыркульныя арачныя завяршэнні. Ордэрны дэкор фасадаў выкананы ў стылі рэнесансу. У вырашэнні інтэр’ера будынка выкарыстаны элементы барока. Центральнае поле паміж слупамі, якое выкарыстоўвалася для кафедры (біма), мела двух’ярусную кампазіцыю. Ніжні ярус быў перакрыты невялікім паўсферычным купалам, аздобленым ляпным раслінным арнаментам. На другім ярусе са скразнымі арачнымі праёмамі размяшчаўся ліхтар, што стварала своеасаблівую дынаміку асвятлення ў паўцёмным памяшканні з тоўстымі сценамі (1,75м) і масіўнымі скляпеннямі.

На плане Быхава канца 18ст. акрамя адзначаных мураваных пабудоў пачатку 17ст. нанесены больш познія мураваныя будынкі касцёла і крам на гандлёвай плошчы. Касцёл у стылі сталага барока пачатку 18ст. стаяў на поўнач ад замка, па-за ровам, быў абнесены мураванай сцяной.

У 19 ст. земляныя ўмацаванні горада скасаваны, што спрыяла яго больш свабоднаму развіццю. Былі перакладзены драўляныя тратуары, устаноўлена вулічнае асвятленне, гарадскі гадзіннік. Жылая забудова па-ранейшаму заставалася цалкам драўлянай. У сярэдзіне 19ст. сярод жылля пастаўлена драўляная Троіцкая царква з рысамі позняга класіцызму. Будынак чатырохзрубны, крыжападобны ў плане. Над сяродкрыжжам – вялікі светлавы васьмерыковы барабан, завершаны купалам. Алтарны і бакавы зрубы маюць гранёную форму. Цэнтрычнасць кампазіцыі парушае выцягнуты прамавугольны зруб бабінца, над якім пры ўваходзе надбудавана 2-ярусная васьмерыковая вежа-званіца, таксама з купальным завяршэннем. Вокны завершаны паўцыркульна. Сцены ашаляваны вертыкальна. Па сваіх традыцыйных формах, канструкцыях і дэкору царква – адзін з нямногіх помнікаў манументальнага драўлянага дойлідства ўсяго прыдняпроўскага рэгіёна.

У 1902г. на захад ад Бахава пралягла чыгунка, што абумовіла ў значнай ступені яго дальнейшае развіццё і сучаснаю планіровачную структуру. Развіццё горада ў савецкі перыяд адбывалася паводле генеральных планаў, распрацаваных у 1947-1968гг. у інстытуце Белдзяжпраект і праекта дэталёвай планіроўкі центра, распрацаванага ў 1947 г. у Мінскім філіяле ЦНДІПгорадабудаўніцтва. У 1983г. у БелНДІПгорадабудаўніцтва скарэкціраваны апошні генплан горада, адначасова там жа распрацаваны новы праект дыталёвай планіроўкі цэнтральнай часткі Быхава, паводле іх і вядзецца сучасная забудова.

Акрамя архітэктурных помнікаў Быхава на тэрыторыі таксама захавалася некалькі манументальных культавых збудаванняў, якія з’яўляюцца помнікамі архітэктуры.

У в.Балонаў-Сялец збераглася драўляная царква, пабудаваная ў сярэдзіне 19ст. будынак крыжападобны ў плане але пяцізрубны. Цэнтральны кубічны аб’ём вышэйшы за астатнія, накрыты чатырохсхільным шатром, завершаным барабанам з галоўкай. Унутры шатра ”схавана” самкнёнае скляпенне, якое ў інтэр’еры абапіраецца на восем слупоў. Да асноўнага аб’ёму прымыкаюць больш нізкія прамавугольныя зрубы бабінца, сіметрычных бакавых аб’ёмаў і пяцігранная алтарная апсіда. Над бабінцам надбудавана двух’ярусная званіца з шатровым завяршэннем, якое адпавядае пакрыццю асноўнага аб’ёму. Архітэктуры царквы ўласцівы шматпланавая аб’ёмна-прасторная кампазіцыя і выразны сілуэт.

За 1,5 км на паўночны ўсход ад в.Баркалабава ў маляўнічым куточку каля Дняпра захаваліся рэшткі старажытнага праваслаўнага манастыра, дзе быў створаны помнік беларускага летапісання – Баркалабаўская хроніка. Саборная царква гэтага манастыра была заснавана ў 1641 г. вядомым паборнікам праваслаўнай царквы Багданам Статкевічам і архімандрытам Іаілам Труцэвічам. У 1904 г. на галоўнай вуліцы вёскі Баркалабава была пастаўлена мураваная царква ў псеўдарускім стылі. Будынак падоўжана-восевай кампазіцыі багата аздоблены архітэктурнай пластыкай, мае праёмы разнастайнай формы з абрамленнямі ў выглядзе какошнікаў. Каля царквы пабудавана двухпавярховая манастырская гасцініца.

Выдатным у ахітэктурных адносінах з’яўляецца палацава-паркавы ансамбль у в. Грудзінаўка, створаны на працягу 19 ст. У цэнтры сядзібы, на ўзгорку, размешчаны мураваны палац пабудаваны ў стылі класыцызму.Яго асноўны двухпавярховы амаль кубічны аб’ём завершаны паўсферычным купалам.Сіметрычныя аднапавярховыя прыбудовы ствараюць франтальную кампазіцыю падоўжных фасадаў. Уваход аформлены адкрытай паўкруглай верандай з 6 калонамі, высокім мураваным ганкам. Бакавыя крылы будынка аднапавярховыя, накрытыя вальмавым дахам. Гарманічныя прапорцыі, стрыманы ордэрны дэкор надаюць палацу велічнасць і ўрачыстасть. Парк перад палацам закладзены ў 1-й палавіне 19ст. Мае рэгулярную планіроўку. Прамыя ліпавыя алеі змяняюцца на ўскраінах маляўнічымі ландшафтнымі кампазіцыямі. Упрыгожвае парк вялікі дэкаратыўны басейн з фантанамі, размешчаны перад верандай палаца. З захаду тэрыторыя парку абмежваецца сажалкай, поўначы – невялікім гаем з лістоўніцы еўрапейскай. У парку растуць елкі звычайныя, серабрыстыя, калючая блакітная, хвоя веймутава, туя заходняя, кедр сібірскі, дуб звычайны і пірамідальны, ясень пенсільванскі, таполя канадская, ліпа крымская і іншыя пароды дрэў і кустоў. Дзякуючы гарманічнаму спалучэнню архітэктуры і зялёных насаджэнняў сядзіба ў Грудзінаўцы з’яўляецца адным з наібольш каштоўных помнікаў садова-паркавага мастацтва ў рэспубліцы

Часткова збераглася драўляная царква ў в. Лубянка, пабудаваная ў пачатку 20 ст. Яна нагадвае простую сялянскую хату. Да асноўнага зруба, накрытага пакатым чатырохсхільным шатром, прылягаюць аднолькавага памеру зрубы бабінца і алтара з двухсхільнымі аркамі. Усе зрубы квадратныя ў плане. Помнік адметны выразнасцю і прастатой, уласцівымі традыцыйнаму народнаму драўлянаму дойлідству.

У в. Мокрае таксама захаваўся помнік драўлянага дойлідства з элементамі псеўдарускага стылю – царква, пабудаваная ў 1865 г. Яна складаецца з чатырох зрубаў рознай вышыні, размешчаных на падоўжанай восі і накрытых асобнымі дахамі. Дамінантай у кампазіцыі будынка з’яўляецца квадратны ў плане асноўны аб’ём, які раней быў завешаны светлавым барабанам з купалам Пры перабудове ў 1930-я гады зроблены двухсхільны дах з залобкам і плоская падшыўная столь унутры. Да асноўнага аб’ёму прылягаюць больш нізкая пяцігранная апсіда, а таксама аб’яднаныя ў адным выцягнутым зрубе дадатковы аб’ём і бабінец, над якім раней была званіца. Сцены гаразантальна ашаляваны, умацавны лапаткамі. Аконныя праёмы з паўкруглымі завяршэннямі. Дэкаратыўныя дэталі афарбаваны. Будынак мае 3 уваходы - цэнтральны і 2 бакавыя.

Архітэктурная спадчына Быхаўшчыны даволі багатая і разнастайная. Гэтыя помнікі даўніны павінны быць, захаваны для будучых пакаленняў.

 

 






Не нашли, что искали? Воспользуйтесь поиском:

vikidalka.ru - 2015-2024 год. Все права принадлежат их авторам! Нарушение авторских прав | Нарушение персональных данных