ТОР 5 статей: Методические подходы к анализу финансового состояния предприятия Проблема периодизации русской литературы ХХ века. Краткая характеристика второй половины ХХ века Характеристика шлифовальных кругов и ее маркировка Служебные части речи. Предлог. Союз. Частицы КАТЕГОРИИ:
|
Баркулабаўская хроніка
Баркулабаўская хроніка (Баркулабаўскі летапіс) – помнік беларускага летапісання пачатку 17 стагоддзя, вядомы ў адзіным спісе, што зберагаецца ў зборніку 17 стагоддзя ў Дзяржаўным музеіў ў Маскве (Сінадальны фонд № 790). Твор ананімны, напісаны ў в. Баркалабава (Баркулабава) Быхаўскага р-на. Храналагічна ахоплівае 1545 – 1608 гг. Сістэматычнае апісанне падзей пачынаецца з 1564 г. – з часу заснавання беларускім шляхціцам Баркулабам Іванавічам Корсакам вёскі і замка, названых яго імем. Упершыню апублікавана ў 1877г. ўкраінскім вучоным П.А. Кулішам. Яе вывучалі М.В.Доўнар-Запольскі Н. Вайтовіч. У 1-м томе “Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры” даецца характарыстыка Баркулабаўскай хронікі. Тэкст яе прыводзіцца з нязначнымі скарачэннямі. Па знешніх чыста фармальных адзінках твор гэты ў значнай ступені нясе на сабе адбітак старай летапіснай традыцыі, паводле якой з’явы, падзеі, факты звычайна падаюцца ў храналагічнай паслядоўнасці. Кожны запіс тут аднесены да пэўнага года, дата якога адпавядала апісанаму ў творы факту або жыццёва важнаму выпадку. Прымаючы пад увагу гэту акалічнасць, некаторыя даследчыкі адносілі названы твор да чыста летапіснай літаратуры. Аднак з гэтым нельга цалкам пагадзіцца, бо ў ім няма ні той маналітнасці тэксту, ні таго адзінацтва аўтарскай канцэпцыі і стылю, якімі звычайна вызначаліся традыцыйныя ўсходнеславянкія летапісы. І калі ўважліва прыгледзецца да зместу, стылю дат гістарычных падзей і фактаў гэтага твору, то ён хутчэй за усё нагадвае “дамашнія запіскі, чым пагадовы запіс з дзяржаўнага пункту поглядду”. Старажытны летапісец незалежна ад таго, з’яўляўся ён аўтарам, рэдактарам або толькі кампілятарам іншых запісаў, не дапускаў такой частай блытаніны дат, імён і падзей, якую мы знаходзім у “Баркулабаўскім летепісу”. Тут гістарычныя даведкі не заўсёды адпавядаюць сапраўдным з’явам. У адрозненне ад старажытнага летапісца аўтар разглядаемага твора сапраўды глядзіць на свет вачымі не дзяржаўнага чалавека,а звычайнага жыхара, які сам хоча добра жыць і жадае каб і іншыя жылі таксама добра. Пытанні дзяржавы, яе барацьбы за сваю самастойнасць і незалежнасць мала цікавяць нашага аўтара, хоць ён і знаходзіцца ў цэнтры адбываючыхся падзей” канца ХVІ – пачатку ХVІІ ст. Пытанні дзяржаўнай палітыкі адыходзяць у аўтара на другі план, як толькі ён пераходзіць да апісання жыцця і быту сялянства, яго радасцей і пакут. І тут ён умее вылучаць з жыццёвых з’ўяў і фактаў найбольш характэрнае і перадаць яго так тыпна і вобразна, што перад чытачом паўстае жывы малюнак тагачаснай рэчаіснасці. Нататкі пра мінулае, успрынятыя аўтарам з дакументальных пісьмовых крыніц або з вусных пераказаў, не вызначаюцца мастацкімі якасцямі. Стыль іх пазбаўлен мастацкай выразнасці, эмацыянальнасці, якія характэрны для другой часткі твора. “Баркулабаўскі летапіс” пачынаецца паведамленнем аб Берасцейскім сейме 1544 г., адзначным тут пад 1545 г., на якім кароль польскі і вялікі князь літоўскі Сігізмунд Казіміравіч І назначыў пераемнікам на княскі трон свайго сына Сігізмунда ІІ Аўгуста. Гэта звычайнае летапіснае паведамленне дае ўяўленне аб той атмасферы параднасці, у якой праводзіліся дзяржаўныя сеймы Вялікага княства Літоўскага, калі яно было яшчэ палітычна незалежным ад Польшчы. Потым аўтар пераходзіць да паказу падзей і з’яў пераважна мясцовага характару. Запісы, як правіла, падаюцца ў форме традыцыйных для летапісаў пагадовых рамак, але яны не заўсёды,падпарадкаваны строгай гістарычнай храналогіі. Так напрыклад, у запісах ад 1570 да 1592г. аўтар парушае храналагічную паслядоўнасць, дапускае недакладнасці, вольна абыходзіцца з гістарычнымі, датамі, падзеямі, імёнамі цароў, епіскапаў і г. д. Такім чынам, гэта хутчэй за усё твор гістарычна-мемуарнага жанру, таму гаварыць аб ім як аб мясцовым летапісу можна толькі ўмоўна. “Баркулабаўскі летапіс“ уключае матэрыял, узяты з самых разнастайных крыніц. У адным выпадку – гэта ўласныя назіранні аўтара над мясцовым жыццём сяла Баркулабава і яго ваколіц, у другім - лісты, пераказы і ўспаміны іншых асоб, у трэцім – афіцыйныя, прыватныя і дзяржаўныя дакументы эпохі і, нарэшце, народныя легенды і паданні. Аднак разнастайны па свайму характару матэрыял аўтар запісаў не змог размясціць у строгай храналагічнай паслядоўнасці і падаць у адзіным стылі.І толькі там, дзе ён пераходзіць да апісання ім самім убачанага або перажытага, яго замалёўкі набываюць адзіны стыль. Аўтар стварае эмацыянальна насычаныя, выразныя малюнкі мясцовага жыцця, яркія пейзажныя замалёўкі, жывыя вобразы сялян, а ў асобных выпадках, як напрыклад, у апісанні жудасных пакут народа ў самым пачатку ХVІІ ст., яму ўдаецца перадаць і напружаны пульс свайго часу. Тады, зазначае аўтар запісаў, “было жалосно и страшно гледети и выповедити уздыханя и плачу людей убогих, пашников немаетных”, якія з прычыны напаткаўшага іх голаду вымушаны былі пакідаць свае абжытыя мясціны ў басейнах вярхоўя Дняпра і заходняй Дзвіны, а нярэдка нават і сем’і у сцюдзёную, надзвычай снежную зіму цягнуцца на поўдзень у пошуках кавалка хлеба і талеркі цёплага супу. Знясіленыя, пасінелыя ад лютых марозаў, апухлыя ад голаду людзі абмарожваліся, замярзалі і мерлі. Мерлі ў адзіночку і групамі, мерлі на вуліцах, на дарогах, на полі, на ярах, у пустых хатах і гумнах. Мерла так многа людзей, што ўсіх іх не паспявалі закопваць, а таму бывалі выпадкі, калі ў “ровех псы мёртвых многих тела ели”. Гэты поўны драматызму малюнак народных пакут яшчэ больш абвастраецца і нават набывае гукавое адценне калі аўтар, імкнучыся быць дакладным, перадае надрыўныя енкі і просьбы галодных людзей хоць чаго-нібудь паесці. Ён падкрэслівае, што прастойваючы часамі каля плоту, варот або ў доме, гэтыя людзі: “ отец з сыном, сын з отцом, матка з дочкаю, дочка з маткою, брат з братом, сестра з сестрою, муж з жонкаю, тыми словы мовили силие, слезне, горко, молвили так “ Матухно, зезулюхно, утухно, панюшко, сподариня, солнце, месяц, звёздухно, дай крошку хлеба!” Тут же подле ворот стояти зраня до обеда и до полудня, так то просячи: там же другий под плотом и умрёт… А коли варива просили, тые словы мовили: “ Сподарыня, перепелочко, зорухно, зернетко, солнушко, дай ложечку дитяти варивца сырого!” Аўтар балюча перажывае пакуты і гэтых вымушаных голодам вандроўнікаў, і тых хто яшчэ заставаўся сядзець на месцы ў надзеі выратавацца ад смерці хлебам з недаспелага і завеянага снегам ураджаю ярыны. Але які гэта быў хлеб, “ коли муку житную у хлебе спекут, то тесто печеное солодко, а за скорину хотя ж ложки клади, а в печи не печется”. Іменна таму, што сам аўтар вельмі блізка стаяў да народа, добра ведаў яго ўмовы жыцця, і відаць, меў прамое дачыненне да працы хлебароба (бо надзвычай часта звяртаў увагу на земляробчы каляндар і цэны на хлеб на працягу свайго летапісу), яго адносіны прасякнуты шчырай спагадай да простага працаўніка. Ен спачувае яму і сумуе, калі той церпіць ад стыхійнага бедства. І тады яго апавяданне набывае мінорныя тоны. А калі жыццё становіцца лепшым, апісанні набываюць светлыя фарбы і мажорныя тоны. Многа месца у запісах “Баркулабаўскага летапісу” адводзіцца і апісанню казацкага руху. Не разумеючы значэння гэтага руху ў барацьбе беларускага і ўкраінскага народаў супраць польскай феадальна-каталіцкай агрэсіі, аўтар выказвае свае рэзка адмоўныя адносіны да казакоў, якія шмат дамоў і крам спалілі ў Магілёве і “мешчан, бояр, людей учтивых так мужей, яко и жен, детей малых побили, порубали попоганили”, “скарбов теж незличоных побрали”. Разам з тым аўтар не выказвае прыхільнасці і да ваяк Радзівіла, якія таксама набралі з “тутошнего краю лупу”. Наогул ваенныя паходы незалежна ад іх характару, аўтар “разглядае з пункту погляду таго, ці многа ад іх было шкоды мясцоваму насельніцтву, як адбіліся яны на жыцці простага люду”. У выніку такога сялянскага падыходу да асвятлення ваенных падзей у яго нават русска-польская вайна 1580г. занатавана толькі таму, што тады маскоўскі князь “ Серебреный з немалым войском место славное Могилёв выжог” і спустошыў сёлы на ваколіцах аж да Копысі і Шклова, а літоўскае войска князя Івана Чартарыйскага з татарскім атрадам Цемрука на Дняпры так “сильным трупом язовища загородили”, што жыхары “колко недель днепровое рыбы не ядали и воды не пивали, для великого гнюсу трупу московского”. Летапісец даволі часта праяўляе цікавасць да гістарычных, пераважна грамадска-палітычных падзей у жыцці суседняй Маскоўскай дзяржавы. Але ён нідзе так выразна не выказваў сваіх адносін да Масквы, як у запісах, прысвечаных падзеям рускай гісторыі за 1605 -1607 гг. Падрабязна і цікава расказвае ён, як жыхары Масквы, “змовившися межи собою, в ночи без вести…грозно вдарили на палац самого царя Дмитра Ивановича” і перабілі там усю яго світу. Сімпатыі аўтара цалкам набаку паўстаўшых масквічоў, бо яны не маглі пагадзіцца з той недаравальнай абразай, якую праяўлялі да іх каталіцкія паны новага цара, калі ў сваім маскоўскім касцёле “служили службу божию” а з руских церквей великое насмеване чинили, попов московских уруговали” ды і над імі самімі насміхаліся. Яшчэ больш адмоўна паставіўся аўтар запісаў да новага самазванца, які ў маі 1607 г. аб’явіўся на Магілёўшчыне і «менил себе быти оным царём московским» Ён пераканаўча паказвае, што вайна, рапачатая самазванцам у мэтах заваявання маскоўскага царскага трона, была справай рук паноў Рэчы Паспалітай, якія дапамаглі “Дмитрашу” падыйсці аж да самай Масквы. І толькі дзякуючы выключнай стойкасці і арганізаванасці маскоўскіх людзей войску самазванца, нягледзячы на неаднаразовыя спробы, не ўдалося ўзяць сталіцы. Аўтар выкрывае новаяўленага самазванца, рэзка асуждае і ганьбіць тых паноў і купцоў Рэчы Паспалітай якія дапамагалі гэтаму авантурысту весці спусташальную вайну супраць Рускай дзяржавы. Яго расказ пра гэтыя падзеі наскрозь прасякнут спагадлівымі адносінамі да Масквы. Як гуманіст, хай сабе часам і вельмі далёкі ад разумення сутнасці ваенных і палітычных праблем сваёй эпохі. Ён спачуваў усім. Хто станавіўся ахвярай вайны і ў яе пажары страчваў здабыткі сваёй працы. У ліку значных для свайго часу грамадска-палітычных падзей аўтар апісвае варшаўскі вальны сейм 1587г., Брэсцкі царкоўны сабор 1596г. і Сандамірскі шляхецкі рокаш 1606г. Як чалавек. да якого пытанні дзяржаўнай палітыкі не з’яўляліся прадметам такой пільнай увагі, якую ён праяўляў да фактаў мясцовага жыцця насельніцтва свайго сяла і яго добра вядомых яму ваколіц. Баркулабаўскі летапісец не заўсёды ўлоўліваў сэнс сучасных яму грамадска-палітычных падзей. А таму многае з таго, што не праходзіла перад яго вачыма, але аб чым яму даводзілася пачуць ад іншых, ён з прычыны абмежаванасці свайго светапогляду разглядаў проста, часам нават да наіўнасці прамалінейна як праяву звычайнага зла. Несумяшчальнага з разумнымі формамі грамадскага жыцця. Так, у прыватнасці ён разглядаў арганізацыю ў гарадах і мястэчках Вялікага княцтва Літоўскага праваслаўных брацтваў. Сандамірскі шляхецкі рокаш 1606 г., увядзенне ў Рэчы Паспалітай у 1583 г. каралём Стэфанам Баторыем новага грыгарыянскага календара і некаторыя іншыя падзеі. Аўтар не гаворыць аб сутнасці каляндарнай рэформы. Ён толькі імкнецца занатаваць, што з увядзеннем новага календара і іншых дат для святкаванняў і гандлю для купцоў “адбылося вяликое замешание промежи панами и промеж людми духовными, также и людми простыми”, якое суправаджалася мноствам горкіх слёз, спрэчак, моцных дакораў, рабункамі, а ў асобных выпадках нават і забойствамі. Ва ўсіх гэтых выпадках каляндарнай рэформы аўтар схільны бачыць не што іншае. Як “начало пристья антихристова”. Аўтар “Баркулабаўскага летапісу” быў чалавекам свецкім. Таму не выпадкова ён пазбягаў закранаць царкоўныя разыходжанні і спрэчкі ў справе веравызнання. Аднак ён моцна стаяў набаку праваслаўных у іх барацьбе з рэлігійным прыгнётам, варожа ставіўся да каталіцызму, ганьбіў уніяцкіх епіскапаў, абвінавачваў іх у кар’ерызме і вераломнай здрадзе праваслаўнай царкве. Разам з тым для яго як міраніна, які жыў ў глухой правінцыі і глядзеў на грамадскае жыццё вачыма селяніна, незразумелым быў патрыятычны характар той нацыянальнай вызваленчай барацьбы, якую вялі царкоўныя брацтвы супраць феадальна-каталіцкай рэакцыі. Праца селяніна, яго эканамічнае становішча і сацыяльны быт – вось што цікавіць перш за ўсё і стаіць у цэнтры ўвагі аўтара “Баркулабаўскага летапісу”. І гэта адлюстрована ў яго запісах так дэталёва і маляўніча, як ні ў адным з сучасных яму помнікаў літаратуры. Увага аўтара да гаспадарчых бакоў сялянскага жыцця, а ў сувязі з гэтым да капрызаў прыроды і характару кліматычных умоў была такой пільнай, што іменна з гэтага ён часта пачынае свае пагадовыя запісы. Так пераказваючы падзеі за 1583 г. аўтар не забывае падкрэсліць, што тады “от великого морозу на поли у колосья жито посохло” і ”многие домы панов зацных от перунов великих погорели” А каля Мінска і Вільні ад вялікай жары “жито, яри, трава, также ярины огородныя, - всё погорело” З прычыны таго ўбогія людзі тых месц за кавалкам хлеба на Украіну і Русь падаваліся. Лета 1592г. было бураломнае, залатое восень стаяла такая цёплая, што “ о Покрове на дереве лист не опал и был зелен у восень так, як на весне; а на других деревьях так и зимовал”. У той год і “ цена житу была таней: чверт – по грошей пяти, мера – по грошай двацати”. Аўтар, як правіла, ніколі не паўтараўся ў сваіх шматлікіх пейзажна-бытавых замалёўках вясковага жыцця. Для кожнай з іх ён знаходзіў адметную і непаўторную па сваёй эмацыянальнай танальнасці фарбу. Так 1594 г. у абмалёўцы аўтара тым і вылучаецца ад папярэдніх, што ён “ велми был молчалив, студен; на збожье мерный”. А вось пачатак 1602 г. “был грозный, а остаток плачливый: што было огородных речей – капуста, ботвинье, цибуля, маки, горох, ячмень, ярица, - то всё мороз побил, чого з великим плачем были видети тых людей голодных, которые только огороды были засеяли, а жито не починали ”. Падобных выразных і каларытных замалёвак у “Баркулабаўскім летапісу” надзвычай багата. Аўтар умеў дакладаць, лаканічна і па-народнаму трапна выказаць свае адносіны да пачутага, або перажытага самім. “Баркулабаўскі летапіс” – гэта унікальны мастацкі твор, значная і цікавейшая частка якога прысвечана адлюстраванню будняў сялянскага жыцця тых месц, якія акружалі сяло Баркулабава і пастаянна знаходзіліся ў полі зроку яго надзвычай дапытлівага і руплівага гісторыка бытапісца. Жывыя зацікаўленасць гэтага безыменнага бытапісца да гісторыі роднай яму мясцовасці абумовіла тое, што ён з асаблівым захапленнем і замілаванасцю нястомна і па крупіцам як тая пчала, збіраў у свае пагадовыя “соткі-ячэйкі” нават самыя лакальныя звесткі. Аутар не выпускаў з–пад увагі і лічыў неабходным зазаначыць, на якіх умовах адбывалася заснаванне і засяленне некаторых вёсак і сёл, калі, дзе і з выпадку чаго будаваўся той або іншы храм, хто быў яго першым свяшчэннікам, на якім узроўні тады знаходзілася эканамічнае жыццё сялянскіх мас, калі і якія цэны былі на сельскагаспадарчыя прадукты і г. д. Канцэнтруючы ўвагу пераважна на бытавых фактах сялянскага жыцця аўтар даў нам яркае ўяўленне аб настроях, пачуццях, імкненнях свайго сучасніка, чалавека сярэдняга дастатку, над якім мелі ўладу сіла традыцый, прывычкі, улада зямлі і з’явы навакольнай прыроды. “Баркулабаўскі летапіс” ствараўся ў той час, калі адбываўся бурны працэс развіцця рэлігійна-палемічнай публіцыстыкі, літаратурная мова якой ускладнялася часам без належнай патрэбы механічнымі запазычаннямі лексікі з грэчаскай, польскай, лацінскай, царкоўнаславянскай моў. І толькі, відаць з прычыны таго, што аўтар гэтага твора стаяў у баку ад рэлігійна-палітычнай барацьбы свайго часу, мова яго запісаў, прызначаных для міран, выгадна, вылучаецца сваёй выключнай чысцінёй народнай гаворкі. У ёй няма штучнай кніжнай рыторыкі і таму яна простая, лёгкая,але па народнаму трапная і сакавітая, вострая і лаканічная і надзвычай філігранная ў сваіх эмацыянальна-стылявых адценнях. У гэтым сэнсе аўтар плённа развіваў лінгвістычную традыцыю Скарыны. Гістарычна–мемуарная літаратура – цікавая і яркая старонка ў развіцці беларускага старажытнага прыгожага пісьменства. Па свайму характару накіраванасці і зместу гэта літаратура стаяла ў баку ад царкоўнага жыцця, а таму яна прасякнута свецкімі матывамі. Усе падзеі і здарэнні прапускаюцца тут праз прызму індывідуальнага светаўспрымання звычайнага, гістарычна канкрэтнага чалавека і падаюць з жыццёвых, рэалістычных пазіцый. Яны сагрэты цеплынёй аўтарскіх пачуццяў, дзякуючы чаму іх эмацыянальная танальнасць становіцца дамінантнай у мастацкім абрамленні ствараемага малюнка. Аднаўляючы на сваіх старонках пэўныя этапы ў гістарычным жыцці народа, гэта літаратура усім сваім жыццесцвярджальным пафасам была скіравана на ўслаўленне зямных інтарэсаў чалавека незалежна ад таго на якой ступені культурнага развіцця ён стаяў і з якога сацыяльнага асяроддзя.паходзіў. І ў гэтым сэнсе яна зрабіла значны крок наперад у параўнанні з помнікамі царкоўна-рэлігійнай пісьменнасці. Чырвоным сцягам
Вестка аб расстрэле мірнай дэманстрацыі paбочых 9 студзеня 1905 г. ў Пецярбургу хутка даляцела i да Быхаўскага павета, ускалыхнула шырокiя працоўныя масы. У гэты час у Быхаве дзейнічала сацыял-дэмакратычная група, якая трымала цесную сувязь з Палескай, Магілёўскай і іншымі арганізацыямі РСДРП. Група мела сваю падпольную друкарню. Асабліва моцны рэвалюцыйны ўплыў яе быў у Быхаве і вёсках Мокрае, Сядзіч, Трасцівец, Баркалабава і Новы Быхаў. Арганізацыя паслала ў вескі сваіх агітатараў. Яны распаўсюдзілі сотні рэвалюцыйных брашур і пракламацый з заклікам да прыгнечаных мас узняцца на барацьбу супраць ненавіснага царызму. Салідарызуючыся з рэвалюцыйнымі выступленнямі рабочых прамысловых цэнтраў краіны, перадавыя сяляне в. Мокрае і суседніх вёсак Сядзіч і Трасцівец у студзені 1905 г. сабраліся ў хаце селяніна Анісіма Лукіча Верхаўца, каб абмеркаваць становішча. У знак ровалюцыйнай салідарнасці з рабочым класам і ў памяць аб ахвярах 9 студзеня было вырашана правесці дэманстрацыю ў в. Мокрае. Арганізавана, з чырвоным сцягам дэманстранты рухаліся па вуліцы. Да іх далучыліся сяляне з вёсак Студзёнка, Сушчоў, Уюноўская Сяліба, якія прыехалі на луг па сена. На вуліцу выйшлі старыя, жанчыны і дзеці. У цэнтры вескі, паміж школай і царквой. людскі паток спыніўся. Гучалі выкрыкі: «Цярпець больш не будзем!», «Далой цара!». Група дэманстрантаў зайшла ў школу і прапанавала настаўніку Н.І.Караленку на час дэманстрацыі спыніць заняткі, каб і вучні ўшанавалі памяць ахвяр расстрэлу 9 студзеня. Настаўнік, сам выхадзец з сялянскай беднаты, выканаў патрабаванне. У той дзень сярод сялян было распаўсюджана шмат рэвалюцыйнай літаратуры. Спраўнік Мізгайла, які прыбыў са стражнікамі вечарам у в. Мокрае, нічога не змог даведацца. Ніхто не выдаў арганізатараў даманстрацыі. У многіх вёсках праходзілі сходы сялян, дзе з рзвалюцыйнымі прамовамі выступалі прыезджыя агітатары. Такі сход нелегальна сабраўся ў в. Трасцівец. Панскі паслугач данёс аб тым у паліцыю. Было арыштавана дваццаць сялян. Але допыт нічога не даў. «Калі ў вёсцы праходзіў сход па гаспадарчых справах, нейкія прыезджыя агітатары былі, але прамоў іх мы не зразумелі, у твар іх не ведаем, яны не з нашых мясцін, дарэчы, і чыгунка ж побач. А затрымаць іх не ў нашых сілах. Мы, сяляне, з голымі рукамі»,- гаварылі арыштаваныя. Пасля допыту ў Быхаве восем сялян былі пераведзены ў Магілёўскую губернскую турму. Турма не запалохала трасцівецкіх сялян, патрэбных звестак паліцыя з іх не выцягнула. Кіпела барацьба. Спелі светлыя думкі ў душы сялян. Яны імкнуліся да святла, гарэлі барацьбой і цвёрда ішлі да намечанай мэты. Д. Абрамовіч. Няўлоўны агітатар Не нашли, что искали? Воспользуйтесь поиском:
|