Главная

Популярная публикация

Научная публикация

Случайная публикация

Обратная связь

ТОР 5 статей:

Методические подходы к анализу финансового состояния предприятия

Проблема периодизации русской литературы ХХ века. Краткая характеристика второй половины ХХ века

Ценовые и неценовые факторы

Характеристика шлифовальных кругов и ее маркировка

Служебные части речи. Предлог. Союз. Частицы

КАТЕГОРИИ:






Подзвіг Алёшы Загрышава




Пры спробе перайсці лінію фронту юнага партызана Алёшу Загрышава схапілі фашысты і прывезлі ў вёску Прыбар. «Куды ішоў, хто пасылаў?» — дапытваў падлетка нямецкі палкоўнік. Алёша маўчаў. Не дабіўшыся нічога, яго кінулі ў бункер-турму.

Апоўначы Алёша пастукаў у дзверы і папрасіў вартавога вывесці яго па патрэбе. Круціла завіруха. Вартавы на імгненне адвярнуўся, падстаўляючы спіну пранізліваму ветру. Алёша глянуў на вартавога і... скочыў цераз плот. Услед у цемру ўдарыла запозненая аўтаматная чарга. Аляксей перапоўз цераз вуліцу і падаўся далей ад вёскі. Праз двое сутак ён перайшоў лінію фронту і трапіў у размяшчэнне 17-й стралковай дывізіі, дзе расказаў камандаванню, што ў Прыбары знаходзіцца буйны варожы гарнізон.

...Ваенны савет 3-й арміі рашыў у першыя дні студзеня 1944 г. ліквідаваць быхаўскі баявы ўчастак, які ўтрымліваўся ворагам. Галоўны ўдар па ім рыхтаваліся нанесці ад вёскі Чырвоная Слабада ў напрамку вёсак Ніканавічы і Вараніно, дапаможны — па шашы Гомель — Магілёў. Паведамленне Аляксея Загрышава было як нельга ў час. Прымаецца рашэнне аб стварэнні спецы-яльнага лыжнага атрада. Перад ім стаяла задача прабрацца ў тыл праціўніка і да раніцы 4 студзеня, да пачатку наступлення, знішчыць штаб 267-й пяхотнай дывізіі ў вёсцы Прыбар.

У ноч на 4 студзеня 1944 г. пачаўся рэйд лыжнага атрада ў складзе 230 байцоў і афіцэраў пад камандаваннем капітана Тайвакайнена. Правадніком байцоў быў Алёша Загрышаў. 980-ы артполк павівен быў падтрымліваць агнём лыжнікаў, таму з атрадам ішоў і камандзір узвода ўпраўлення другога дывізіёна старшы лейтэнант Ц. I. Чарнюк.

Атрад быў разбіты на тры групы. Лыжнікам некалькі разоў даводзілася перасякаць па лёдзе Днепр і шматлікія затокі. Група старшага лейтэнанта Глушкова перарэзала перад вёскай тэлефонную сувязь, а калі па сігналу ракеты пачаўся штурм, яна атакавала 15 дамоў у цэнтры вёскі. Другая група капітана Карнілава атакавала паўночную частку вёскі, імкнучыся захапіць аператыўны аддзел штаба дывізіі. Трэцяй групе старшага лейтэнанта Яфрэмава прадстаяла захапіць вузел сувяаі, знішчыць цыстэрны з гаручым і гараж.

У гэтым баі вызначыліся дзесяткі савецкіх воінаў. Камуніст радавы Пушкароў закідаў гранатамі легкавыя машыны, знішчыў некалькі афіцэраў. Камсорг Жарабецкі, уварваўшыся ў дом, забіў 5 афіцэраў, радавы Ісаеў перастраляў 15 салдат. Сяржант Валынкін і байцы Сідараў і Фугаеў разграмілі вузел сувязі. Сяржант Іван Калодкін падарваў чатыры штабныя аўтобусы з дваццаццю фашыстамі. Парторг Мікалай Караблёў захапіў у палон афіцэра, забіў палкоўніка і трох салдат. Удзельнікі рэйду знішчылі больш трохсот гітлераўцаў, спалілі 50 розных машын, вузел сувязі, склад з гаручым і прадуктамі, захапілі ўсе аператыўныя дакументы.

Як успамінае афіцэр 980-га артпалка старшы лейтэнант П. М. Малінка, юны праваднік так добра ведаў усе падыходы да вёскі Прыбар і ўмела правёў нашых байцоў, што пры іх дзёрзкім і раптоўным налёце нават не спатрэбілася артылерыйская падтрымка.

Смелы налёт лыжнага атрада на фашысцкі штаб дапамог на працягу двух дзён поўнасцю ліквідаваць умацаваны ўчастак. Удзельнікі рэйду былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі. Аб гераічным рэйдзе байцоў даведалася ўся краіна. Карэспандэнцыі былі надрукаваны ў газетах «Правда», «Известия», «Красная Звезда». Савецкае інфармбюро паведаміла аб геройскіх дзеяннях лыжнага атрада ў аператыўнай зводцы ад 6 студзеня 1944 года.

...Наступнай аперацыяй, у якой удзельнічаў былы партызан, праваднік лыжнага атрада, а потым баец Чырвонай Арміі, была гераічная бітва на легендарнай вышыні 150,9 пад вёскай Лудчыцы...

 

Праз лінію фронту

У лістападзе 1943 г. войскі 3-й арміі генерала А. В. Гарбатава і 50 - й арміі генерала I. В. Болдзіна, прарваўшы нямецкую абарону на рацэ Сож, выйшлі да Дняпра. Пачыналася вызваленне Быхаўшчыны. Камандаванне Быхаўскай ваенна-аператыўнай групы, падпольны райком партыі прынялі рашэнне ўстанавіць сувязь з часцямі Чырвонай Арміі і паслаць праз лінію фронту групу партызан. Неабходна было ўзгадніць пытанні ўзаемадзеяння, дамовіцца аб месцы і часе злучэння, атрымаць боепрыпасы. Пасланыя ранней 2 групы партызан з 820-га атрада лінію фронту перайсці не змаглі. Накіравалі яшчэ адну групу з пакетам для камандавання 3-й арміі. У яе ўвайшлі жыхары в. Новы Быхаў В. Н. Тамашоў, А. С. Часты, I. А. Банадысеў, а таксама Бяляеў і Шышкін.

У глухім лесе за в. Гамінкі партызаны групы заўважылі зямлянку, дзе хаваліся мясцовыя жыхары.

З імі была і Кацярына Андрыянава — жонка камандзіра Чырвонай Арміі, якой удалося ўцячы з месца прымусовых работ на пярэднім краі абароны гітлераўцаў. Андрыянава ведала размяшчэнне варожых умацаванняў, мінных палёў і выказала жаданне ісці з партызанамі.

Групе з вялікімі цяжкасцямі ўдалося перабрацца цераз Днепр у размяшчэнне 283-й стралковай дывізіі і перадаць камандаванню пакет.

Прыкладна ў той жа час праз лінію фронту прайшлі партызанскія групы 810-га партызанскага палка на чале з Дземідзенкам і 152-га партызанскага палка.

Як развіваліся падзеі далей, успамінае палкоўнік запасу ветэран 283-й стралковай дывізіі А. С. Даяраеў:

«3 13 па 20 лютага 1944 г. 3-я армія рыхтавала наступальную аперацыю, якая атрымала назву Рагачоўскай. Пры яе падрыхтоўцы разам з іншымі мерапрыемствамі планавалася ўзаемадзеянне войск і партызанскіх атрадаў. Было вырашана для сувязі з партызанамі накіраваць у тыл ворага групу разведчыкаў. У яе склад ад нашай стралковай дывізіі было ўключана 5 чалавек: яфрэйтары Д. В. Утукін (старшы групы), А. А. Мышкароў, Н. П. Трусаў і партызаны В. Н. Тамашоў і А. С. Чысты, якія прыбылі з-за лініі фронту і добра ведалі мясцовасць на напрамку наступлення нашых войск.

Раніцай 21 лютага 1944 г. група пераадолела нейтральную зону шырынёй каля двух кіламетраў. Утукін, выбраўшы зручны для назірання пункт, вамеціў участак, дзе можна было непрыкметна прайсці ў тыл ворага. Як толькі пачалося наступленне часцей дывізіі, разведчыкі скрытна прабраліся праз абарону праціўніка, якая складалася з дзвюх ліній траншэй, і рушылі ў напрамку лесу. На ўзлеску размяшчалася артылерыйская батарэя ворага, якую ўдалося непрыкметна абысці. Каля чыгункі група сутыкнулася з нямецкімі салдатамі. Абставіны патрабавалі рашучых дзеянняў. Байцы адкрылі агонь з аўтаматаў і імгненна знішчылі гітлераўцаў, адкрыўшы сабе дарогу далей...»

Ва ўзнагародных лістах аб выкананні групай баявой задачы запісана:

«...Група разведчыкаў фарсіравала раку Днепр, выйшла ў тыл праціўніка і ў раёне вёскі Барсукі наладзіла сувязь з групоўкай партызан Падаляна, перадаўшы ёй пастаўленую камандаваннем задачу. Пасля група разведчыкаў у колькасці пяці чалавек пад кіраўніцтвам Д. В. Утукіна правяла 4000 чалавек партызан і злучылася з часцямі Чырвонай Арміі...»

Партызаны злучыліся з наступаючымі часцямі Чырвонай Арміі 24 лютага 1944 г. паміж вёскамі Дзедава і Хамічы. Разам з партызанамі выйшлі з варожага тылу некалькі тысяч мірных жыхароў.

Па хадайніцтву камандавання 283-й стралковай дывізіі ўся група была ўзнагароджана ордэнамі Чырвонай Зоркі.

 

Вышыня герояў

На вышыні ля Лудчыц —

Гранітны абеліск,

На вышыні ля Лудчыц —

Жытнёвыя палі.

Тут раннія зязюлі

Адлічваюць гады,

Салдацкія матулі

Ідуць здаля сюды.

Вянкамі дол усцелюць,

Пасядуць у цішы,

I кожная надзею

Люляе ў душы:

«Мо і майму сыночку

Хто-небудзь прыкладзе

Рамонкавы вяночак

Да маладых грудзей».

Змітрок Марозаў

 

3 лістапада 1943 г. па чэрвень 1944 г. ў баях за вызваленне Быхаўшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў удзельнічалі воіны 3-й арміі 1-га Беларускага і 50-й арміі 2-га Беларускага франтоў. Сыны многіх народаў Савецкай Айчыны праявілі тут выключны гераізм і мужнасць, воінскае братэрства. Многія з іх назаўсёды засталіся ляжаць у беларускай зямлі, аддаўшы за яе свабоду сваё жыццё.

За 1,5 км на паўднёвы ўсход ад вёскі Лудчыцы ёсць вышыня — месца жорсткіх баёў у 1944 г. На штабных картах яна была пазначана лічбай 150,9. У 1984 г. на гэтай вышыні адкрыты Мемарыял воінскай славы як сімвал доблесці і мужнасці савецкіх воінаў, як знак глыбокай удзячнасці і памяці быхаўчан. Неўміручыя подзвігі здзейснілі ў баях на Лудчыцкай вышыні і на подступах да яе рускія П. Дз. Вінічэнка, Б. Я. Каваленка, У. К. Мартынаў, Я. Б. Фрадкоў, беларус І. А. Барысевіч, грузін Г. С. Размадзе, казах Сундуткалі Іскаліеў, узбек Гулям Якубаў. Усім ім прысвоена высокае званне Героя Савецкага Саюза. Трое з іх — С. Іскаліеў, У. К. Мартынаў, Г. Якубаў — загінулі пры штурме вышыні 150,9 у чэрвені 1944 г. Мемарыял воінскай славы ўяўляе сабой скульптурна-архітэктурную кампазіцыю (скульптары П. Белавусаў, У. Лятун, архітэктары В. Бялянкін, М. Мызнікаў). На кургане пастаўлена сілумінавая сімвалічная фігура Баяна, які ўслаўляе подзвігі воінаў-герояў. Каля падножжа кургана на авальнай пляцоўцы размешчана ўвагнутая сцяна-стэла з пагруднымі выявамі 6 Герояў Савецкага Саюза: I. А. Барысевіча, П. Дз. Вінічэнкі, С. Іскаліева, У. К. Мартынава, Г. С. Размадзе, Г. Якубава. Ніжэй бронзавымі літарамі напісаны іх імёны. Побач устаноўлена абліцаваная гранітам стэла з інфармацыйным надпісам, запалены Вечны агонь. Злева ад уваходу да помніка 16 флагаў, што сімвалізуюць адзінства народаў Савецкай Радзімы. Стваральнікі мемарыяла ў 1986 г. ўдастоены Дзяржаўнай прэміі БССР

Па ініцыятыве членаў калгаса «Беларусь» і рашэннем Быхаўскага райкома КПБ, камсамольскай арганізацыі раёна поле каля мемарыяла аб'яўлена полем баявой і працоўнай славы, высокай культуры земляробства. Права працаваць на ім атрымліваюць звенні і брыгады хлебаробаў, якія дасягнулі самых высокіх паказчыкаў у сацыялістычным спаборніцтве. Пераможцам спаборніцтва ўстаноўлены прыз імя ўвекавечаных у мемарыяле герояў.

* * *

Барысевіч Іван Андрэевіч. Герой Савецкага Саюза (22.8.1944). Нарадзіўся 26.3.1917 г. ў в. Аляксандраўка Балахцінскага раёна Краснаярскага краю. 3 сялян. Член КПСС з 1942 г. У Чырвонай Арміі з 1939 г. 3 1942 г. на Заходнім, Бранскім, 2-м Беларускім франтах. Камандзір гарматы старшы сяржант I. А. Барысевіч вызначыўся ў баях за вызваленне Быхаўскага раёна (на подступах да вышыні 150,9). 22.2.1944 г. разлік яго гарматы ў складзе батарэі падтрымліваў наступленне батальёна. Калі буйныя сілы праціўніка перайшлі ў контратаку, паранены І. А. Барысевіч, які адзін з усяго разліку застаўся жывым, трапным агнём падбіў 2 танкі, а трэці прымусіў павярнуць назад. 25—28.3.1944 г. з разлікам гарматы адбіў некалькі жорсткіх варожых контратак і ўтрымліваў важную пазіцыю. Пасля вайны да 1967 г. I. А. Барысевіч на гаспадарчай рабоце. Жыў у Краснаярску. Памёр 21.11.1981 г. На месцы подзвігу I. А. Барысевіча ў 1972 г. пастаўлена стэла.

 






Не нашли, что искали? Воспользуйтесь поиском:

vikidalka.ru - 2015-2024 год. Все права принадлежат их авторам! Нарушение авторских прав | Нарушение персональных данных