ТОР 5 статей: Методические подходы к анализу финансового состояния предприятия Проблема периодизации русской литературы ХХ века. Краткая характеристика второй половины ХХ века Характеристика шлифовальных кругов и ее маркировка Служебные части речи. Предлог. Союз. Частицы КАТЕГОРИИ:
|
Таццяна-беларусачкаТаня Зароўная, малодшая з дачок жыхароў Быхава Аляксандра Паўлавіча і Ірыны Яўціхаўны Зароўных пісала бацькам з Масквы, што хутка з дыпломам урача прыедзе дадому на адпачынак. І вось дыплом атрыманы, сабраны чамаданчык.22 чэрвеня 1941 г. дзяўчына раненька ўстала, каб адправіцца ў дарогу. Але жудасная вестка ашаламіла людзей: вайна! Таццяна тут жа накіравалася ў Чырвонагвардзейскі райваенкамат Масквы.У званні ваенурача трэцяга рангу яна была накіравала на работу ў Маскоўскі ваенны шпіталь. Вораг бамбіў падмаскоўныя абарончыя збудаванні. Параненых было шмат. Маладому ўрачу тэрапеўту Зароўнай прыйшлося перакваліфікавацца на хірурга. Калі ў кастрычніку 1941 г. быў кінуты кліч «Камуністы, на абарону Масквы!», Таццяна добраахвотна пайшла на фронт у складзе 3-й Маскоўскай камуністычнай дывізіі. Тут яна стала членам КПСС. «Не аддадзім фашыстам Маскву!» — разам з аднапалчанамі дала клятву ўрач Т. А. Зароўная. У баях пад Псковам дывізія была акружана ворагам. I ў акружэнні воіны біліся з гітлераўцамі смела і рашуча. На пятую ноч вырваліся з акружэння. Параненыя былі вынесены з поля бою. А ноччу камандзір санітарнай роты Т. А. Зароўная разам са сваімі падначаленымі выйшла за паласу бою і падабрала забітых. 3 дзяцінства Таня Зароўная, вучаніца сярэдняй школы № 1 г. Быхава, была смелая, бойкая, гаваркая, займалася спортам, выдатна плавала. Таму яна, невялікага росту, хударлявая, вынесла ўсе цяжкасці франтавога жыцця — праходзіла дзесяткі кіламетраў пешшу, пераплывала цераз рэкі і азёры (бывала, што і з параненымі на плячах) у ваенным абмундзіраванні, пад варожым агнём. Так было, напрыклад, пры пераправе цераз шырокую раку Пола, што пад Псковам. Нярэдка пад абстрэлам даводзілася аказваць не толькі першую дапамогу, але і рабіць неадкладныя аперацыі. Любілі байцы свайго маладога доктара і звалі «Таццяна-беларусачка». I яна ганарылася гэтым. А для параненых байцоў не шкадавала ні сіл, ні часу, сваім шчодрым сэрцам, чуласцю загойвала раны франтавікоў. Толькі душа яе балела па родных мясцінах, па бацьках, якія знаходзіліся пад варожай акупацыяй. Ці жывыя яны? I нарэшце ў 1943 г. пачула, што пачалося вызваленне Беларусі. Пасля Перамогі наведала родны дом, бацькоў. Ёй паведамілі горкую вестку, што любімы малодшы брат Ваня загінуў на фронце ў 1942 г. Зараз маёр медыцынскай службы ў адстаўцы Т. А. Зароўная (Бігашова) жыве ў Маскве. Яна ўзнагароджана ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі. В. Кілеса.
Сястрычкі Медыцынскія сёстры Вялікай Айчыннай вайны. Маладымі дзяўчаткамі прыйшлося ім надзець шынялі, прыняць на свае кволыя плечы столькі цяжкасцей, прайсці столькі тысяч кіламетраў, зведаць і холад і спякоту, кожную хвіліну глядзець смерці ў вочы! А колькі крыві ім давялося бачыць, колькі ран і пакут салдацкіх! I ні з чым непараўнальныя позіркі, у якіх застыла нямое пытанне: «Сястрычка, а я буду жыць?» I яны, сястрычкі, рабілі ўсё магчымае, а часам нават і немагчымае для таго, каб параненыя байцы зноў станавіліся ў строй — выносілі іх з поля бою, аказвалі першую дапамогу пад кулямі і бомбамі, дзяжурылі ў шпіталях па 16—20 гадзін, а то і цэлымі суткамі, пяшчотаю сваіх жаночых рук, дабратою і сардэчнасцю лячылі іх раны. А ў цяжкія хвіліны бою франтавыя сёстры са зброяй у руках дапамагалі сваім аднапалчанам і, калі даводзілася прыняць смерць, з нічуць не меншай адвагай, чым мужчыны, аддавалі за Радзіму свае жыцці. Былі сярод іх і слаўныя дочкі Быхаўшчыны. Аляксандра Савельеўна Кулеш. Кал пачалася Вялікая Айчынная вайна, семнаццацігадовая Саша добраахвотна запісалася на курсы медыцынскіх сясцёр і за восем месяцаў прайшла праграму, якая ў мірны час была разлічана на два гады. Вясну 1942 г. дзяўчына сустрэла пад Ціхвінам. Там яна прыняла і сваё першае баявое хрышчэнне: на эшалон, які спыніўся, наляцелі фашысцкія сцярвятнікі. Скінулі бомбы, а потым на брыючым палёце сталі расстрэльваць людзей. Жудасна было дзяўчыне, але абавязак медыка клікаў да параненых — у самае пекла. Ноччу эвакашпіталь пераправілі цераз Ладажскае возера ў асаджаны Ленінград. Тут людзі галадалі, ледзь трымаліся на нагах, але не падалі духам. У шпіталях не хапала медыкаментаў, крыві для пералівання, і тады самі медработнікі станавіліся донарамі. Кроў Сашы Кулеш захавала жыццё сямі воінам. У час аднаго з налётаў авіяцыі дзяўчыну параніла асколкам у руку, але яна засталася ў страі, працягвала аказваць дапамогу абаронцам горада. А ў адзін з чэрвеньскіх дзён 1942 г. дзяўчыну самую эвакуіравалі на Вялікую зямлю — у будынак шпіталя трапіла варожая фугаска. Саша атрымала цяжкую кантузію, якая пашкодзіла зрок і слых. Прайшлі многія месяцы лячэння, складаная аперацыя вачэй, пакуль яна зноў змагла працаваць у шпіталі, будучы інвалідам другой групы. Пасля вайны А. С. Кулеш пасялілася ў Быхаве. Узнагароджана ордэнам Айчыннай вайны, многімі медалямі. Настасся Якаўлеўна Азярная. Ёй споўнілася 20 гадоў, калі пачалася вайна. Паўднёва-Заходні, Сталінградскі, Сцяпны франты, бітвы на Арлоўска-Курскай дузе, пад Корсунь-Шаўчэнкаўскім, вызваленне Польшчы, Чэхаславакіі — такі баявы шлях прайшла старшына медыцынскай службы, член КПСС з 1944 г. Н. Я. Азярная. Франтавыя будні, месяцы і гады вялікіх выпрабаванняў, якія патрабавалі вялікай мужнасці, вынослівасці, асабліва калі працавала ў авіяпрыёмніку. Як і яе сяброўкам у перыяд наступлення нашых войск даводзілася разгружаць машыны з параненымі, пераносіць іх у аперацыйную, а потым у палаткі, грузіць на транспарт, бо санітары не ўпраўляліся. Працяглыя дзяжурствы, у час якіх старалася прыносіць салдатам палёгку, і кроў сваю аддавала, каб выратаваць параненых, Настасся Якаўлеўна ўспамінала: «Памятаю, прывезлі ў шпіталь лётчыка. Неабходна было зрабіць тэрміновую аперацыю, а машына з медыкаментамі ўжо ў дарозе, мы пераязджалі на новае месца дыслакацыі. Раздумваць не было калі, і я прапанавала ўрачу ўзяць у мяне кроў. Аперацыя была зроблена ўдала, лётчык застаўся жывы, і яго адразу эвакуіравалі ў тылавы шпіталь». Пасля вайны Н. Я. Азярная прыехала ў Быхаў і да выхаду на пенсію працавала ў раённай бальніцы. За добрасумленную працу, чулыя адносіны да людзей была ўзнагароджана ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі. Марыя Андрэеўна Ваднёва. Пуцёўку ў жыццё дала ёй Быхаўская школа медсясцёр, пасля сканчэння якой яна працавала ў Рыжкаўскай бальніцы. Тут і застала яе вайна. 24 чэрвеня 1941 г. Марыя Андрэеўна была прызвана на ваенную службу і прызначана медыцынскай сястрой на 121-ы санітарны поезд, дзе праслужыла да верасня 1943 г. Дні і ночы працавала яна ў гэтым шпіталі на колах, вывозіла цяжка параненых салдат і афіцэраў у тылавыя шпіталі. Успамінаючы тыя дні, Марыя Андрэеўна гаворыць: «Вагоны № 9 і № 10. Яны назаўсёды засталіся ў маёй памяці. Гэта былі мае вагоны, дзе я даглядала параненых. Куйбышаў, Уфа, Чэлябінск, Новасібірск, Іркуцк, Чыта... Дзе толькі Радзіма не прымала сваіх сыноў і дачок, якія пралілі кроў за яе свабоду і незалежнасць». А потым ужо да самага канца вайны служыла Марыя Андрэеўна на санітарным поезде № 188. Не раз трапляў поезд пад варожыя бамбёжкі. I тады, рызыкуючы жыццём, яна выносіла з палаючых вагонаў параненых і хавала іх ва ўкрыцці. Не пералічыць, колькі разоў аддавала Марыя Андрэеўна сваю кроў параненым. Апошні эшалон старшына медыцынскай службы М. А. Ваднёва суправаджала з Кёнігсберга ў Тулу. — Было гэта ў ноч на 9 мая 1945 г.,— успамінае Марыя Андрэеўна.— Я дзяжурыла па эшалону і раптам пачула ўрачысты голас Левітана, які перадаваў паведамленне аб нашай перамозе. Я кінулася да нашых медыкаў «Таварышы! Вайна скончылася! Наша перамога!» Што тут зрабілася! Мы плакалі ад радасці, цалаваліся, віншавалі адзін аднаго з перамогай. I яшчэ застанецца назаўсёды ў маёй памяці ўжо мірны рэйс, калі з Тулы везлі мы на парад Перамогі ў Маскву юных сувораўцаў. Самым вялікім шчасцем для мяне было пасля безлічы вандровак з фронту на фронт прысутнічаць на тым урачыстым парадзе. Пасля вайны Марыя Андрэеўна працавала ў дзіцячай кансультацыі, а пасля ў Навабыхаўскай участковай бальніцы. Людміла Астапаўна Макарава. У 1939 г. пасля сканчэння медыцынскага вучылішча па камсамольскай пуцёўцы паехала яна будаваць Камсамольск-на-Амуры. Калі грымнула вайна, Людміла была адна з тых, хто першым прыйшоў у гарваенкамат. 1 ліпеня 1941 г. яна стала байцом. Прасілася на Заходні фронт, каб ваяваць супраць ворага ў роднай Беларусі. Але краіне было не менш важна трымаць на замку і свае далёкаўсходнія граніцы. 9 жніўня 1945 г. Савецкая краіна пачала ваенныя дзеянні супраць мілітарысцкай Японіі. У складзе Далёкаўсходняга фронту Л. А. Макарава прымала ўдзел у баях. Людміла Астапаўна ўспамінае, як цяжка было наступаць па гарах і балотах. У брызентавай палатцы, якая служыла перавязачнай, медыкі ўдзень і ўначы аказвалі дапамогу параненым. У тыя цяжкія дні стала яна членам КПСС. Антаніна Барысаўна Карпечына. У верасні 1941 г., калі прымала воінскую прысягу, ей не было і васемнаццаці гадоў. Спачатку ў эвакашпіталі, а потым у складзе медсанбата стралковай дывізіі яна прайшла па многіх франтавых дарогах Украіны, Румыніі, Венгрыі і Чэхаславакіі. Удзельнічала ў разгроме гітлераўцаў на тэрыторыі Германіі і японскіх самураеў у Маньчжурыі. Нават цяжка ўявіць сабе, як можна было суткамі без сну і адпачынку не адыходзіць ад аперацыйнага стала, калі ногі падкошваліся ад стомы, а сэрца заходзілася, бачачы столькі крыві і чалавечых пакут. Усё гэта давялося зведаць асістэнту хірурга Антаніне Карпечынай. «Здаралася,— успамінае Антаніна Барысаўна,— што за дзень па некалькі разоў разгортвалі і згортвалі аперацыйную, працавалі пад агнём варожай артылерыі, гублялі сваіх таварышаў». Пасля вайны А. Б. Карпечына вярнулася на Быхаўшчыну, працавала ў Гадылёўскай участковай бальніцы. Соф'я Мікалаеўна Халяўка. У 1941 г. скончыла яна медыцынскае вучылішча і не паспела яшчэ нарадавацца свайму дыплому, як пачалася вайна. Адразу ж прыйшла павестка з ваенкамата, і яна стала медыцынскай сястрой эвакуацыйнага шпіталя на станцыі Навабеліца пад Гомелем. Сястрычка Соня — так пяшчотна называлі яе параненыя. За шпіталем, які размяшчаўся ў поездзе, палявалі варожыя самалёты і неўзабаве разбамбілі яго. Ад Гомеля да Чарнігава — 140 кіламетраў. Як цяжка было іх прайсці пешшу, несучы параненых, медыцынскі інструмент, абсталяванне. Але ішлі і неслі, бо разумелі, што інакш нельга. Як толькі ні перамяшчаўся потым шпіталь: па чыгунцы, на аўтамашынах, на конных падводах. I ўсюды медыцынскі персанал, не ведаючы сну і адпачынку, рабіў сваю справу — лячыў параненых і вяртаў іх у строй. Соф'я Мікалаеўна ўспамінае, як аднончы ўлетку быў атрыманы загад фарсіраваць Дон. У тэрміновым парадку зняліся і пайшлі да месца пераправы. Пад прыкрыццём цемры размясціліся на беразе, каб пакарміць параненых. Але, відаць, не драмаў і вораг. Ён заўважыў рух на беразе і адкрыў моцны мінамётны агонь. Страты нанеслі вялікія, але з-пад агню ўсё ж выйшлі і пераправіліся на другі бераг. Разам са сваім шпіталем па доўгіх дарогах Паўднёва-Заходняга фронту дайшла медсястра С. М. Халяўка да Варшавы. Тут у час баёў атрымала раненне і другую кантузію, а першая была ў баях пад Харкавам. На тым вайна для Соф'і Мікалаеўны скончылася. Пасля лячэння вярнулася ў родны Быхаў і зноў стала лячыць людзей.
Аўтограф Ліскова Пяць баявых машын давялося страціць хлопцу з Абідавіч, покуль прайшоў шлях ад Варонежа да Берліна. Відаць, усё ж чалавек мацней за метал, нават калі назва яму — браня... 1943 год. На Курскай дузе разгортваюцца важныя падзеі. Савецкае камандаванне спешна перакідвала на гэты ўчастак выпрабаваныя ў баях вайсковыя часці. Сюды трапіў і механік-вадзіцель танка Т-34 Пётр Ліскоў. — Гэта была нечуваная ў гісторыі бітва,— успамінае былы танкіст.— Сапраўднае пекла. 3-за выбухаў снарадаў і мін, чорнага, нібы сажа, дыму цяжка было нават адрозніць дзень ад ночы. Агнём і гусеніцамі мы грамілі фашыстаў. У тых баях быў падбіты мой першы танк. Прамым пападаннем снарада ў машыну мяне параніла ў галаву. 3 пяці членаў экіпажа ў жывых засталіся двое. А я пасля Курска чатыры разы пакідаў разбіты або ахоплены полымем танк, ратаваў параненых і хаваў загінуўшых баявых сяброў. Сам быў двойчы паранены. Пасля шпіталя зноў садзіўся ў баявую машыну і разам з новым экіпажам ішоў далей на захад. ...«Трыццацьчацвёркі» з ходу ўварваліся ў прадмесце Берліна. Выконваючы загад камандзіра роты, танк Пятра Ліскова збочыў у вузкую вулачку, загрувашчаную бітай цэглай і бетонам. Там-сям вакол уцалелых дамоў звешваліся белыя флагі — знак капітуляцыі. Убачыўшы іх, танкіст-кулямётчык перастаў страляць. I ў гэты момант моцны ўдар абрушыўся на машыну. Фаустпатрон трапіў у борт танка. Чорны дым ад саляркі завалок наваколле. Гарэў пяты танк, на якім ваяваў Ліскоў. Пётр Ільіч усё ж пакінуў аўтограф у Берліне. Праўда, не там, дзе хацелася б. Сцены рэйхстага зверху да нізу былі распісаны савецкімі воінамі, не было дзе літару паставіць. А побач стаяла разбітая гаўбіца, на якой нехта напісаў: «Парадак у танкавых войсках». Ніжэй механік-вадзіцель з Абідавіч вывеў: «Варонеж — Берлін. Ліскоў». Пасля дэмабілізацыі Пётр Ільіч вярнуўся ў родную вёску, сеў за рычагі трактара і стаў выконваць такую нялёгкую і такую важную справу — вырошчваць хлеб. I такі ўжо ён чалавек — за што б ні браўся, робіць на «выдатна». Таму да баявых узнагарод танкіста — ордэна Славы III ступені, медалёу «За адвагу», «За баявыя заслугі» і іншых — дабавіліся ўзнагароды за мірную працу — ордэны Леніна і «Знак Пашаны». А за актыўны ўдзел у ваенна-патрыятычным выхаванні працоўных і ў сувязі з 35-годдзем Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне трактарыст калгаса «XVIII партз'езд» Пётр Ільіч Ліскоў быў узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР. Не нашли, что искали? Воспользуйтесь поиском:
|