ТОР 5 статей: Методические подходы к анализу финансового состояния предприятия Проблема периодизации русской литературы ХХ века. Краткая характеристика второй половины ХХ века Характеристика шлифовальных кругов и ее маркировка Служебные части речи. Предлог. Союз. Частицы КАТЕГОРИИ:
|
Магія як з’ява культуры.Магія – важнейшая асаблівасць старажытнага мыслення і практычнай дзейнасці. Адпаведна магіяй можна лічыць: 1) устанаўленне сувязі паміж рознымі прадметамі і з’явамі рэчаіснасці, часам вельмі далёкімі; 2) імкненне чалавека паўплываць на прыроду і на іншых людзей з дапамогай адпаведных дзеянняў, рытуалаў. Згодна англійскаму даследчыку-этнографу Д.Д.Фрэзеру, існуе некалькі відаў магіі: - кантактная – простая форма перадачы энергіі праз дотык; - ініцыяльная – уздзеянне на аб’ект на адлегласці; - кантагіёзная – дзеянне накіравана не на аб’ект, а на яго замену (валасы, пазногці, след і інш.); - імітатыўная – дзеянне накіравана на адлюстраванні аб’екту ў выглядзе лялькі, партрэта, скульптуры, фота (такі прадмет у навуцы называецца індуктарам); - вербальная – уздзеянне праз слова. Магія мае значэнне лячэбнае, агрэсіўнае, абарончае, ахоўнае, ачышчальнае і інш. Магія ўключае ў сябе вельмі многае. Разгледзім названыя віды магіі ў дачыненні да чалавека, таму што, сапраўды, менавіта такога кшталту магія раптам адрадзілася ў ХХ ст. і знаходзіць вялікае пашырэнне, існуючы ў формах нечаканых і часта парадаксальных. Сурокаў асабліва баяліся, ды і баяцца, у адносінах да дзяцей. Вельмі проста сурочыць дзіця або чалавека хваравітага. Славянскія этнасы заўсёды больш баяліся цёмных вачэй, напрыклад, цыганскіх. Паўднёвыя народы, наадварот, баяцца вачэй светлых. Пра энергію вачэй ведалі старажытныя грэкі, якія гаварылі: «Вока не магло б глядзець на сонца, калі б само не было маленькім сонцам». Адсюль вядомы сакральны знак – вока ў трохкутніку як сімвал сонца, божаскай прысутнасці. Увогуле ж працэс бачання – духоўны акт. Пазбавіцца вачэй – значыць пазбавіцца розуму, мудрасці. Вельмі сур’ёзна стаіць праблема і з валасамі чалавека. З глыбокай старажытнасці людзі вераць, што ў валасах заключана жыццёвая сіла, асабліва гэта тычыцца жанчын (у мужчын важнае значэнне мае і барада). У магіі адрэзаныя ці выпаўшыя валасы, таксама як і сліна, пот, пазногці, след, кроў, успрымаліся як двайнік чалавека. Да рэвалюцыі 1917 года замужнія жанчыны ў беларускіх вёсках не маглі з’явіцца на вуліцы з непакрытай галавой: падобны выгляд жанчыны – страшэнная ганьба, не меншая, чым паказ сябе на людзях увогуле без адзення. Такое раней і ўявіць нельга было. І ў наш час у хрысціянскі храм дзяўчаты, жанчыны павінны заходзіць з пакрытай галавой. Падстрыганне валасоў у нашых продкаў яшчэ нядаўна жорстка рэгламентавалася ў залежнасці ад пола, узросту і часу. Амаль усе еўрапейскія народы не падстрыгалі дзяцей да года. У нас, у Беларусі, верылі, што гэта запаволіць развіццё мовы. Пра сілу валасоў сведчаць многія міфы. Напрыклад, у Бібліі волата САМСОНА загубіла яго каханая ДАЛІЛА, абстрыгшы яму валасы, у якіх была заключана велізарная сіла героя. Праз некаторы час яе супляменнікі-філісцімляне, вырашыўшы паздзеквацца з безабароннага САМСОНА, загадалі прывесці яго на баляванне, але не ўлічылі, што ў турме адраслі яго валасы: асілак абрынуў на ворагаў столь, але і сам загінуў. Іншы міф распавядае пра назву аднаго з сузор’яў. У егіпецкага цара грэка-македонскай дынастыі Пталемея ( ІІІ ст. да н.э.) была надзвычай прыгожая жонка Вераніка з залатымі – да падлогі – валасамі. Цар, ваюючы ў чужой зямлі, пастаянна цярпеў няўдачы. Жрацы ўгаварылі Вераніку абрэзаць свае валасы і паднесці ў дар багам. Паслухмяная царыца так і зрабіла. Пталемей вярнуўся з перамогай, але быў у гневе, убачыўшы лысую жонку. Тады жрацы паказалі яму на вельмі яркае сузор’е, пераконваючы, што гэта і ёсць залатыя валасы яго жонкі, якія багі забралі на неба. З таго часу сузор’е называецца Валасы Веранікі. Надзвычай інфармацыйная і кроў. Калі да ведзьмара трапляе хустка або кашуля, запэцканая крывёю чалавека, чараўнік атрымоўвае поўную ўладу над гэтым чалавекам. Праўда, можа і вылечыць. Значэнне крыві ў тэорыі сімвалаў амбівалентнае. З аднаго боку, кроў – жыццёвая сіла чалавека (найперш фізічная), з другога – праліццё крыві азначае смерць і ахвяраванне. Ва ўсіх старажытных народаў прыносіліся крывавыя ахвяры, якія ўтаймоўвалі варожыя дэманічныя сілы. Эзатэрычная навука лічыць, што, сапраўды, інфернальныя істоты харчуюцца крывёю, таму іх неабходна задобрыць. Нават сёння ў Палессі, будуючы лазню, забіваюць на адпаведным месцы курыцу. З крывёю звязана сімволіка чырвонага колеру, надзвычай важная ў культуры. У большасці народаў абярогі – чырвонага колеру: гэта бранзалеткі з чырвоных нітак або бісеру, а таксама спрадвек вышыўка на кашулях, сукенках, ручніках. Ва ўсіх народаў свету рабіліся адпаведныя дзеянні са следам чалавека. Увогуле, усё, што пакінута чалавекам, захоўвае з ім сувязь, таму паняцце «следу» неабходна разумець шырока. «Пакінуць след у жыцці» ўсе народы разумелі аднолькава: пражыць добрае жыццё, пакінуць пасля сябе нешта значнае, што перажыве самога стваральніка. Са слядаў-учынкаў чалавека складваецца яго біяграфія. А абрадаў, звязаных непасрэдна з фізічным следам, таксама шмат. След часта выкарыстоўваўся ў любоўнай магіі. Напрыклад, беларускія дзяўчаты сушылі ў печцы, рабіўшы па сутнасці керамікай, вынуты з жвіру след жаніха. Надзвычай важнае і складанае пытанне з тварам чалавека. Важнейшы пастулат дзвюх сусветных рэлігій – іудаізму і ісламу – забараняе выявы жывых істот, бо на малюнак або фотаздымак пераносіцца частка душы чалавека, і гэта можа нанесці яму шкоду. З выявай чалавека (лялькай, партрэтам, фота), сапраўды, заўсёды праводзілі магічныя дзеянні. Некаторыя вядомыя мастакі часам бралі ў якасці мадэляў сваіх любімых жонак, і тыя нярэдка паміралі ў маладым узросце (Пітэр Пауль Рубенс, Рэмбранд ван Рэйн, Ілья Глазуноў). Выяву чалавека заўсёды разумелі як яго двайніка. Вербальная магія. Мова – сродак чалавечага выяўлення, мыслення і кантактавання ў соцыуме. Кожнае слова ўтварае вібрацыі з даволі працяглай даўжынёй хвалі. Слова ўздзейнічае нават і без жадання гаворачага. Вымаўленае ж з намерам, яно намнога ўзмацняе свой уплыў і робіцца магутнай зброяй. Замовы – самыя старажытныя жанры фальклору. У Месапатаміі знойдзены шматлікія гліняныя дошчачкі з клінапісам, з якіх ясна, што магічная літаратура Вавілона і Асірыі была надзвычай багатая. Нездарма халдзеі карысталіся ў старажытным свеце славаю магаў і чараўнікоў. Існавалі замовы і ў антычных грэкаў. Нават словы звычайнага чалавека, вымаўленныя не ў час, могуць нанесці шкоду. Малітва – па сутнасці тая ж замова, якая аказвае магутнае ўздзеянне не толькі на арганізм чалавека (самаўнушэнне), але і на прастору. Словы малітвы ўзбуджаюць пэўныя вібрацыі, якія ўступаюць у рэзананс з вібрацыямі Космасу і выклікаюць дзеянні Космасу (Вышэйшых Сіл) у адказ. Самая дзейсная малітва – «Отча Наш» («Pater Noster»), таму што яе пачулі апосталы ад самога Хрыста. Яна дапаможа заўсёды. Магія мовы ў сучаснай навуцы называецца сугестыўным уздзеяннем, або псіха-лінгвістычным праграмаваннем. Сугестыўныя сродкі – не што іншае, як ўплыў мовы на падсвядомасць. Сучасныя спецыялісты ў названай галіне шырока выкарыстоўваюць метады, якія здаўна былі таемнымі прыёмамі розных магічных і рэлігійных культаў. Яшчэ ў глыбокай старажытнасці іх практыкавалі шаманы і жрацы. Прасочым некаторыя сродкі сугестыўнага ўздзеяння, якія шырока выкарыстоўваюцца ў СМІ: 1. Музыка. Тэкст звычайна суправаджаецца, асабліва ў рэкламе, даволі навязлівым матывам. У старажытнай Грэцыі ўсе вершы чыталі пад акампанемент ліры, значыць, пад музыку. Адсюль, дарэчы, і ўзнікла паняцце лірыкі. 2. Візуальны рад. Шырока выкарыстоўваецца ў сучаснай рэкламе. Яго варта было б больш актыўна ўжываць і ў працэсе навучання. Візуальны рад утварае ў мозгу асаблівы гармон серанціл, які значна павялічвае сілу памяці. 3. Шырока выкарыстоўваецца і рыфма. Яна стварае ў мозгу асаблівыя ачагі ўзбуджанасці, якія дабратворна на яго ўздзейнічаюць, інакш кажучы, мозг адчувае ад рыфмы прыемнасць. Існуюць тысячы рыфмаваных прыказак і прымавак: «Сонца нізка – вечар блізка»; «Дзеўка без касы не мае красы»; «З вялікага выбору будуць лапці ды аборы». Дзякуючы рыфме гэтыя шэдэўры народнай мудрасці вельмі лёгка запамінаюцца – рыфма валодае мнеманічным уздзеяннем. 4. Паўтор і сцвярджэнне. Заўсёды ўсе замовы, малітвы і паэзія для большай сілы ўнушэння выкарыстоўвалі паўторы. Паўторы ствараюць надзвычай устойлівыя сляды ў кары мозгу. Лекцыя 4. Міфалагічная мадэль свету.
План. 1. Паняцце мадэлі. 2. Гара як мадэль свету. 3. Касмічнае Дрэва як мадэль свету. 4. Лічбавая мадэль свету. 5. Крыж як варыянт Прадрэва. Літаратура. 1. Афанасьев, А. Поэтические воззрения славян на природу: в 3 т. / А. Афанасьев. – М.: Наука, 1995. 2. Голан, А. Миф и символ / А. Голан. – М.: Наука, 1993. 3. Легенды і паданні / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы. – 2-е выд, дапоўненае і дапрацаванае. – Мінск: Беларус.навука, 2005. – 550 с. – (Беларуская народная творчасць). 4. Мелетинский, Е. М. Миф и историческая поэтика фольклор / Е. М. Мелетинский // Избранные статьи. Воспоминания. – М., 2008. – С. 9–29.
Паняцце мадэлі. З глыбокай старажытнасці людзі імкнуліся зразумець, растлумачыць многія з’явы акаляючай рэчаіснасці. Свае веды пра свет чалавек эпохі архаікі абагульняў у выглядзе нейкага канкрэтнага вобраза, мадэлі. У плямёнаў, якія стаялі яшчэ на ступені татэмізму, Зямля ўяўлялася, напрыклад, гіганцкай ласіхай або агромністай чарапахай, якая стаяла на сланах, на рыбах ці на змяі. Сэнс у тым, што свет разумеўся як жывое цела, напачатку абавязкова жаночае. У далейшым геаграфічныя пазнанні пашырыліся. Мадэль свету пачала выглядаць як кола (бачны далягляд) па гарызанталі і як трохчастная структура па вертыкалі. Кола (круг) – вельмі важная фігура ў чалавечай культуры. Важнасць круга захавалася ва ўсіх магічных рытуалах: акрэслены круг захоўвае энергію, не дае ёй рассейвацца ў прасторы. Па вертыкалі ж свет трыадзіны: чалавек, стоячы, бачыў, што пад ім, над ім і побач з ім. Паколькі чалавек стаяў у цэнтры і далягляду-круга, і трохпадзеленага свету, надзвычай важнае значэнне набыла сімволіка цэнтру. Нават сёння цэнтр любой акрэсленай прасторы адыгрывае найважнейшую ролю ў жыцці людзей. Напрыклад, многія краіны змагаюцца за прызнанне цэнтру Еўропы менавіта на іх тэрыторыі (Аўстрыя, Украіна). Не нашли, что искали? Воспользуйтесь поиском:
|