ТОР 5 статей: Методические подходы к анализу финансового состояния предприятия Проблема периодизации русской литературы ХХ века. Краткая характеристика второй половины ХХ века Характеристика шлифовальных кругов и ее маркировка Служебные части речи. Предлог. Союз. Частицы КАТЕГОРИИ:
|
Партызанскія важакіКамандзіры аддзяленняў, узводаў, рот, батальёнаў былі заўсёды побач з партызанамі ў самый цяжкія, крытычныя і радасныя хвіліны партызанскага баявога жыцця. Сваімі паводзінамі ў баі і ў час адпачынку, адносінамі да радавых партызан яны стваралі тую атмасферу, ад якой залежыў у рэшце рэшт зыход любой аперацыі. Гэта яны, камісары, палітрукі, сакратары партыйных і камсамольскіх арганізацый і груп, забяспечвалі стойкасць духу лясных байцоў, фарміравалі іх маральны і палітычны ўзровень, кавалі веру ў непазбежнасць перамогі. Аб некаторых з іх наш расказ.
Уладзімір Сяргеевіч Дзянісаў нарадзіўся ў 1920 г. ў в. Азясь Макшанскага раёна Пензенскай вобласці. У маі 1941 г. скончыў Бабруйскае пяхотнае вучылішча і ў званні лейтэнанта быў накіраваны камандзірам узвода ў 161-ю стралковую дывізію. 3 чэрвеня 1941 г. на фронце. Удзельнічаў у баях пад Мінскам, на рацэ Бярэзіна, пад Бабруйскам. Каля Магілёва дывізія трапіла ў акружэнне. У. С. Дзянісаў разам з баявым таварышам В. П. Юханавым апынуўся ў Быхаўскім раёне. Тут яны наладзілі сувязь з групай М. П. Куракіна і ў чэрвені 1942 г. далучыліся да яе. Дзянісаў спачатку камандаваў узводам, з мая 1943 г.— 1-й ротай у 425-м партызанскім атрадзе (яго сябар В. П. Юханаў з чэрвеня 1943 г. быў начальнікам штаба гэтага атрада). У ліпені 1943 г. з партызан, вылучаных 425-м атрадам, арганізоўваецца 435-ы партызанскі атрад. Камандзірам атрада зацвярджаецца Дзянісаў. Атрад, папоўнены людзьмі і зброяй, удала праводзіў баявыя аперацыі на чыгунцы, шашэйных і грунтавых дарогах. Партызаны разбурылі 16 мастоў, 1,2 кіламетра дарожнага профілю, зрабілі завалы на семнаццаці кіламетрах, падбілі 6 аўтамашын. У жніўні 1943 г. партызаны разам з усімі атрадамі Быхаўскай ваенна-аператыўнай групы ўдзельнічалі ў аперацыі «Рэйкавая вайна» на чыгуначным участку Быхаў — Рагачоў, у разгроме варожых гарнізонаў у вёсках Тайманава, Камарычы, Балонаў Сялец, на станцыі Тошчыца. Партызаны атрада ўдзельнічалі ў выратаванні мірнага насельніцтва ад акупантаў, вялікая колькасць якога была выведзена за лінію фронту. Пасля вайны Дзянісаў паехаў у родныя мясціны, выбраў для месца жыхарства Пензу. А на Быхаўскай зямлі засталіся яго баявыя сябры- паплечнікі. Да гэтага часу помняць свайго камандзіра і пры размове-ўспаміне абавязкова заўважаць: «Смелы і душэўны камандзір быў. Акупантаў біў бязлітасна, людзей бярог і ў крыўду не даваў...». Рыгор Сцяпанавіч Казлоў нарадзіўся ў 1918 г. ў в. Стахоўшчына Быхаўскага раёна ў сям'і селяніна. Яшчэ ў школе марыў стаць настаўнікам. Да мэты ішоў настойліва. У 1935 г. ў пачатковай школе Смалявіцкага раёна адбыўся першы ўрок маладога педагога. Пасля стаў настаўнічаць у сваёй роднай Стахоўшчынскай школе. Перад вайной загадваў Радзькаўскай пачатковай школай. Пасля акупацыі раёна малады настаўнік без ваганняў стаў на шлях барацьбы з ворагам. Спачатку ён радавы партызан, потым памочнік камісара па камсамолу 425-га партызанскага палка. Клапатліва і ўмела расціў рады членаў BЛKCM палка, асабістым прыкладам выхоўваў юных мсціўцаў. У кастрычніку 1943 г. Быхаўскі падпольны райком партыі прыняў P. С. Казлова кандыдатам у члены ВКП(б). Калі партызаны Быхаўскай ваенна-аператыўнай групы злучыліся з часцямі Чырвонай Арміі, райком партыі рэкамендаваў Рыгора Сцяпанавіча загадчыкам раённага аддзела народнай асветы на вызваленай частцы Быхаўскага раёна. I былы памочнік камісара энергічна ўзяўся за справу, каб дзеці зноў маглі вучыцца ў школе. У неймаверна складаных умовах зроблена было амаль немагчымае, і ўжо ў красавіку1944 г. заняткі пачаліся ў васьмі школах. А ў ліпені 1944 г. ўся вызваленая Быхаўшчына пачала мірную працу. Шмат давялося Р. С. Казлову працаваць у пасляваенны час на партыйнай і савецкай рабоце ў Быхаўскім і Магілёўскім раёнах. І заўсёды камуніст апраўдваў давер, спраўляўся з ускладзенымі на яго задачамі. Міхаіл Георгіевіч Кісялёў меў ужо багаты вопыт партызанскай барацьбы, калі ў пачатку чэрвеня 1943 г. яму даручылі стварыць з ініцыятыўнай групы партызан самастойны атрад. У сакавіку 1942 г. лейтэнант Кісялёў быў залічаны партызанам, неўзабаве стаў камандзірам узвода 277-га партызанскага атрада. 3 чэрвеня 1942 г. камандаваў ротай, быў начальнікам штаба 278-га атрада. А ў красавіку 1943 г. яго назначылі начальнікам штаба 11-й Быхаўскай партызанскай брыгады. Улічваючы арганізатарскія здольнасці Міхаіла Георгіевіча, далейшая яго дзейнасць звязана з падрыхтоўкай і расшырэннем радоў партызан. Вылучаная група партызан на чале з Кісялёвым разгарнула шырокую агітацыю сярод насельніцтва. Да партызан пайшла добраахвотна моладзь (за месяц група вырасла да 56 чалавек). Партызаы ўжо мелі 5 ручных кулямётаў, 45 вінтовак, шмат гранат і патронаў. 4 ліпеня 1943 г. падпольны райком партыі зацвердзіў новы партызанскі атрад і прысвоіў яму нумар 225-ы. Умела камандаваў атрадам яго камандзір. Партызаны паспяхова вялі адкрытыя і засадныя баі, арганізоўвалі дыверсіі на варожых камунікацыях, удзельнічалі ў разгроме варожых гарнізонаў у вёсках Тайманава, Касічы, Балонаў Сялец, Ямнае, у «рэйкавай вайне» на чыгуначным участку Быхаў — Тошчыца. Ратавалі насельніцтва ад прымусовага вывазу ў Германію. Камандзір атрада М. Г. Кісялёў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і медалём «Партызану Айчыннай вайны» I ступені. Васіль Тарасавіч Бацокін нарадзіўся ў 1917 г. ў станіцы Стара-Міхайлаўская Курганінскага раёна Краснадарскага краю. У Чырвонай Арміі з 1938 г., прымаў удзел у вызваленні Заходняй Беларусі. 3 першых дзён вайны на фронце. У баявой характарыстыцы Бацокіна ёсць такія радкі: «...3 ліпеня 1942 па ліпень 1944 года быў байцом асобнага рэйдавага партызанскага злучэння «Трынаццаць», вырас ад кулямётчыка да камандзіра атрада. На асабістым рахунку Бацокіна два ўзарваныя эшалоны, пятнаццаць спаленых аўтамашын і восемдзесят забітых варожых салдат і афіцэраў. Пад яго камандаваннем аддзяленне, узвод, рота, а потым атрад прымалі ўдзел у разгроме дваццаці гарнізонаў, у легендарнай Боўкінскай абароне, спалілі 97 грузавікоў, узарвалі чатыры эшалоны, узнялі ў паветра сем кіламетраў чыгуначных рэек, у баях забілі і ранілі звыш шасцісот гітлераўцаў. За гераізм і мужнасць Бацокін В. Т. прадстаўлены камандаваннем да вышэйшай урадавай узнагароды — ордэна Леніна». Міхаіл Міхайлавіч Балыкін нарадзіўся ў 1913 г. ў в. Кавалі Бабруйскага раёна. 3 1934 г. ў Чырвонай Арміі. Пасля дэмабілізацыі працаваў у гарадскім савеце асаавіяхіма. У 1939 г. палітрук Балыкін удзельнічаў у вызваленні Заходняй Беларусі. Потым быў вылучаны на партыйную работу. У пачатку вайны трапіў у палон. Двойчы ўцякаў. У жніўні 1941 г. прыйшоў дамоў у в. Цялуша, дзе жылі бацькі з сястрой. Звязаўся з былымі ваеннапалоннымі, патрыятычна настроенымі людзьмі, і ў хуткім часе ў вёсцы арганізавалася баявая група (у кастрычніку 1941 г. яна налічвала 20 чалавек, на ўзбраенні меліся 2 кулямёты, 15 вінтовак, звыш пяці тысяч патронаў, некалькі дзесяткаў бутэлек з гаручай вадкасцю). У пачатку лета 1942 г. быў распрацаваны план уходу ўсёй групы ў партызаны. Перад гэтым меркавалі спаліць склады і гаражы акупантаў у былой Цялушскай МТС і на станцыі Цялуша. На першы аб'ект рыхтаваліся паслаць групу на чале з Мікалаем Левашовым, на станцыю — групу Miхаіла Балыкіна. План аперацыі быў усебакова прадуманы, аднак ажыццявіць яго не ўдалося — па даносу план быў раскрыты. Схапілі некалькі чалавек з групы, сярод іх і М. Балыкіна з бацькамі. Познім вечарам патрыётаў павялі расстрэльваць на станцыю. У самы апошні момант Міхаіл кінуўся ў прыдарожны хмызняк. Гэта яго і выратавала. Астатнія былі расстрэляны. У в. Аляксандраўка Буда-Кашалёўскага раёна, дзе жылі родныя Міхаіла, ён арганізаваў патрыятычную групу з вясковай моладзі, якая ўлілася ў 810-ы партызанскі атрад. У атрадзе Міхаіл Міхайлавіч быў палітруком роты, памочнікам камісара, сакратаром партбюро атрада, а калі атрад быў пераўтвораны ў 810-ы полк Быхаўскай ВАГ — парторгам палка. 17 лістапада 1943 г. камандзір Быхаўскай ВАГ Федзячэнка пісаў камандзіру 810-га палка Максімаву-Лебедзеву: «...Перадайце парторгу палка Балыкіну, што ён прадстаўлены да ўрадавай узнагароды — ордэна Чывонага Сцяга і да звання «старшы лейтенант...». Адам Андрэевіч Бірукоў у лістападзе 1941 г. па заданню Рагачоўскага падпольнага райкома партыі пасланы ў Быхаўскі і Клічаўскі раёны для арганізацыі і стварэння партызанскіх атрадаў. Пачаў з арганізацыі баявых груп у вёсках Алень і Цвёрдава. У в. Алень пазнаёміўся з акружэнцам малодшым лейтэнантам М.К. Марусавым. К канцу лістапада тут была створана патрыятычная група з 15 чалавек. У яе штаб увайшлі М. К. Марусаў, А. Е. Галашчокаў і А. А. Бірукоў (пазней Н. А. Канстанцінаў, Д. А. Залатароў). К вясне 1942 г. да актыўнай барацьбы было падрыхтавана больш сарака чалавек, сабрана больш за 30 вінтовак, адзін мінамёт, два ручныя і адзін станковы кулямёты. 28 красавіка 1942 г. група арганізацыйна аформілася ў 255-ы партызанскі атрад. Камандзірам стаў Марусаў, камісарам — Бірукоў. А праз дзень партызаны атрада разграмілі Кучынскую валасную ўправу, крыху пазней — Хонаўскую воласць Магілёўскага і Гарадзецкую Быхаўскага раёнаў. 14 ліпеня 255-ы атрад разам з атрадам Куракіна разграміў карны атрад Барс Барчыка ў в. Кучына. У канцы ліпеня атрад перадыслацыраваўся ў Рагачоўскі раён. Летам 1942 г. А. А. Бірукоў быў зацверджаны першым сакратаром Пінскага абкома камсамола. Цярэнцій Іванавіч Сяброўскі, сын франтавіка, уключыўся ў барацьбу з ворагам восенню 1941 г., калі разам з сябрамі пачаў збіраць зброю, боепрыпасы на месцах былых баёў. А вясной 1942 г. разам са сваімі сябрамі-аднавяскоўцамі Цярэнцій пайшоў у партызанскі атрад, камандзірам якога быў Я. А. Курпачэнка. Камсамольцу Сяброўскаму даверылі кулямёт. Малады баец прымаў удзел у падрыве мастоў цераз рэчкі Баброўку і Ухлясць, у мініраванні асобных участкаў на шашы Магілёў — Гомель. Вясной 1943 г. Сяброўскага назначылі камандзірам аддзялення, потым памочнікам камандзіра ўзвода. Наступнае сур'ёзнае выпрабаванне — гераічныя дні боўскай блакады ў кастрычніку 1943 г. Потым быў фронт. Удзельнічаў у вызваленні гарадоў Чавусы, Магілёў. 3 дывізіяй дайшоў да Гродна і працягваў службу на граніцы. Дэмабілізаваўся Сяброўскі ў 1952 г., працаваў на савецкай і партыйнай рабоце, а пасля сканчэння Мінскай юрыдычнай школы — юрыстам. Дзмітрый Іларыёнавіч Бычкоў нарадзіўся ў 1907 г. ў в. Даброціна Рагачоўскага раёна. Працаваў лесарубам, служыў у Чырвонай Арміі. 3 1932 г. на гаспадарчай і савецкай рабоце. У Вялікую Айчынную вайну сакратар партарганізацыі 537-га партызанскага атрада, з верасня 1943 г. — камісар 540-га партызанскага атрада. Пасля вайны на савецкай і гаспадарчай рабоце ў Горацкім, Касцюковіцкім, Смаргонскім, Быхаўскім раёнах. Памёр 13 чэрвеня 1975 г., пахаваны на могілках у Быхаве. Фёдар Іванавіч Лукашоў нарадзіўся ў 1907 г. ў в. Гарадзец Быхаўскага раёна. Працаваў калгаснікам, з 1935 г. намеснік, старшыня выканкома Гарадзецкага сельскага Савета. У 1940 г. ўступіў у рады Камуністычнай партыі. У першыя дні вайны добраахвотнікам пайшоў на фронт. У кастрычніку 1941 трапіў у палон, з якога ўцёк у снежні 1941, вярнуўся ў роднуювёску. Са студзеня 1942 г. Фёдар Іванавіч стаў членам групы патрыётаў на чале з Мікалаем Куракіным, пазней яго выбралі сакратаром партыйнай групы. 3 сакавіка 1943 г.— член Быхаўскага падпольнага райкома партыі. Пасля вызвалення працаваў старшынёй Дзмітраўскага сельскага Савета Клічаўскага раёна. У 1947 г. пераехаў у Быхаўскі раён, працаваў на партыйнай і савецкай рабоце. 3 1966 г. на пенсіі. Узнагароджаны двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, многімі медалямі. Карп Лаўрэнцьевіч Адасёў нарадзіўся ў 1896 г. ў в. Залатва. Пасля акупацыі раёна ў ліпені 1941 г. стварыў у в. Залатва партыйную групу, якая потым аб'ядналася з групай Куракіна. Пасля афармлення 425-га атрада К. Л. Адасёва выбралі сакратаром партыйнай арганізацыі атрада, да жніўня 1942 г. ён быў камісарам атрада. 7 сакавіка 1943 г. Адасёў зацверджаны сакратаром Быхаўскага падпольнага РК КП(б)Б і ў тым жа месяцы пераведзены ў Магілёўскі падпольны райком партыі. За баявыя заслугі ўзнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга і Чырвонай Зоркі, многімі медалямі. К. Л. Адасёў памёр у 1972 г. Ганна Ігнатаўна Вараб'ёва (Каваленка) нарадзілася ў 1917 г. ў в. Чырвоны Бераг Быхаўскага раёна. Перад вайной працавала ў Тошчыцкай няпоўнай сярэдняй школе. У 1940 г. стала кандыдатам у члены партыі. У ліпені 1941 г. малады камуніст атрымала заданне рыхтаваць камсамольцаў роднай вёскі да барацьбы з акупантамі. Пазней Аня стала сувязной партызанскай групы Труснова, а 23 жніўня 1942 г. — байцом 810-га партызанскага атрада. У красавіку 1943 г. Быхаўскі падпольны райком партыі прыняў партызанку ў члены ВКП(б). Летам 1943 г. Магілёўскі падпольны абком камсамола зацвердзіў Вараб'ёву памочнікам камісара па камсамолу 820-га атрада. Ганна Ігнатаўна шмат зрабіла па згуртаванню моладзі на барацьбу з акупантамі, праявіла асабістую адвагу ў баях пры разгроме варожых гарнізонаў у Новым Быхаве, Шапчыцах, Рагінях, Чырвоным Аратым, Фёдараўцы, Ходасавічах, у «рэйкавай вайне». За баявыя заслугі ўзнагароджана медалём «Партызану Айчыннай вайны» I ступені. Памерла Г. I. Вараб'ёва ў 1981 г. Якаў Міхайлавіч Рыжкевіч у красавіку 1943 г. быў назначаны начальнікам асобага аддзела 11-й Быхаўскай брыгады. Ён, былы выпускнік школы аператыўных работнікаў НКУС, адразу ж разгарнуў дзейсную і мэтанакіраваную работу сярод насельніцтва. Неўзабаве ва ўсіх населеных пунктах раёна партызаны мелі сваіх людзей. Якаў Міхайлавіч быў выключна працаздольны, валодаў майстэрствам хутка разблытваць складаныя справы. Патрабавальны да сябе і да падначаленых, ён любіў парадак і дысцыпліну, вельмі сур'ёзна ставіўся да маральных якасцей сваіх таварышаў па рабоце. «У чэкіста павінна быць халодная галава, гарачае сэрца і чыстыя рукі»,— часта любіў паўтараць начальнік асобага аддзела словы Ф. Э. Дзяржынскага. У верасні 1943 г. Быхаўскі падпольны райком партыі зацвердзіў Я. М. Рыжкевіча начальнікам Быхаўскага раённага аддзела ўнутраных спраў. Іван Іосіфавіч Вараб'ёў нарадзіўся 19 студзеня 1918 г. на хутары Камарова Дубаўскага раёна Растоўскай вобласці ў сялянскай сям'і. Член КПСС з 1943 г. У 1937-1939 гг. пасля сканчэння Новачаркаскага настаўніцкага інстытута працаваў настаўнікам. 3 1939 г. ў Чырвонай Арміі, вучыўся ў ваенна-пяхотным вучылішчы. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны на фронце. У баях пад Чавусамі разам з байцамі вырваўся з акружэння. 3 лета 1942 г. ў радах народных мсціўцаў: радавы, камандзір разведкі, камандзір узвода роты, намеснік камандзіра, з красавіка 1943 г. начальнік штаба 810-га партызанскага атрада. У ліпені 1943 — лютым 1944 гг. камандзір 820-га асобнага партызанскага атрада Быхаўскай ваенна-аператыўнай групы. Пасля злучэння з часцямі Чырвонай Арміі I. I. Вараб'ёў на камсамольскай і гаспадарчай рабоце ў Слаўгарадскім і Быхаўскім раёнах. Узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга. Памёр у 1987 г. Фёдар Рыгоравіч Сцяпкоў нарадзіўся ў 1919 г. ў в. Клятное Быхаўскага раёна. У 1937 г. паступіў у Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію. У гэтым жа годзе прызваны ў Чырвоную Армію. У 1941 г. ўдзельнічаў у абароне Кіева. 3 мая 1942 г. па красавік 1944 г. камандзір узвода 425-га партызанскага палка Быхаўскай ваенна - аператыўнай групы. Пасля злучэння з часцямі Чырвонай Арміі ваяваў на 1-м Прыбалтыйскім фронце. У пасляваенны час скончыў сельгасакадэмію, працаваў землеўпарадчыкам. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені, ордэнам Славы III ступені, многімі баявымі медалямі. Віктар Мікалаевіч Куракін нарадзіўся 10 сакавіка 1924 г. ў г. Жыткавічы Гомельскай вобласці. У тым жа годзе сям'я пераехала на радзіму ў Быхаўскі раён, бацькі ўступілі ў камуну імя Карла Лібкнехта. Член КПСС з 1945 г. Перад вайной скончыў Макранскую сярэднюю школу. 3 чэрвеня 1942 г. партызан 425-га партызанскага атрада 11-й Быхаўскай брыгады. 3 верасня 1942 г. па люты 1943 г. ўзначальваў Быхаўскі падпольны РК ЛКСМБ. Быў паранены ў баі. У маі 1944 г. вылецеў у савецкі тыл на лячэнне. Пасля вызвалення раёна з ліпеня па лістапад 1944 г. працаваў другім сакратаром Быхаўскага райкома ЛКСМБ. 3 1946 г. пасля сканчэння Рэспубліканскай партыйнай школы пры ЦК КПБ працаваў першым сакратаром Ганцавіцкага РК ЛКСМБ. У 1948—1950 гг. слухач Мінскай юрыдычнай школы, потым працаваў у органах юстыцыі. 3 ліпеня 1959 г. на партыйнай рабоце. 3 сакавіка 1973 г. намеснік старшыні Магілёўскага абласнога суда. Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны I ступені, Чырвонай Зоркі, двума ордэнамі «Знак Пашаны», медалямі. У 1931 г. дваццацітрохгадовы Марк Філімонавіч Філімонаў, былы батрак, камунар і актыўны селькор, стаў камуністам. Па накіраванні раённай газеты ён скончыў у 1933 г. Магілёўскі газетны тэхнікум. Потым была служба ў Чырвонай Арміі. Перад вайной Марк Філімонаў настаўнічаў, быў дырэктарам у школах Горацкага раёна. 3 пачатку вайны ён на фронце, у жніўні 1941 г. трапіў у палон. Рашучы і знаходлівы чырвонаармеец з групай байцоў вырваўся з фашысцкага лагера і пасля некалькіх няўдалых спроб перайсці лінію фронту прыйшоў у в. Лазаравічы, куды да родзічаў перабралася яго жонка. 3 сакавіка 1942 г. Філімонаў — партызан 810-га партызанскага атрада, палітрук роты, з ліпеня 1943 г. сакратар партыйнай арганізацыі толькі што створанага 820-га атрада. Пасля злучэння з часцямі Чырвонай Арміі ў лютым 1944 г. Філімонаў быў зацверджаны адказным рэдактарам быхаўскай раённай газеты «Сацыялістычная перамога», якая выдавалася на вызваленай левабярэжнай частцы раёна. За адвагу ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі М. Ф. Філімонаў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі. Памёр М. Ф. Філімонаў у 1975 г.
Ілья Памятнёў Познім лістападаўскім вечарам 1941 г. ў хату Фёдара Рыгоравіча Багданава зайшоў змораны, у пашарпаным паліто малады смуглявы хлопец. Шмат такіх знясіленых, галодных, часам цяжка параненых праходзіла праз іх вёску Рыжкаўку летам і восенню 1941. Таму адразу і не пазнаў Фёдар Рыгоравіч свайго пляменніка. — Вырваўся з чортавых зубоў,— сказаў хлопец.— А прыйшоў да вас, больш ісці няма куды... Багданавы прынялі свайго пляменніка Ілью Памятнёва з душэўнай цеплынёй, зрабілі ўсё, каб хутчэй вярнуць хлопцу сілы. Аб сабе Ілья расказваў мала, тым больш, што ўсё перажытае было ў мінулым. Хваляваў дзень сённяшні, будучае. Не пакідала думка прабрацца ў Магілёў, звязацца з надпольшчыкамі (у тым, што яны ёсць, Памятнёў не сумняваўся). Аднак прабрацца ні ў Быхаў, ні ў Магілёў без адпаведных дакументаў было немагчыма. I Памятнёў знаходзіць выйсце. Ён дамаўляецца з папом Асавецкай царквы аб аднаўленні абразоў (маляваў хлопец няблага, і пра гэта многія ведалі ў вёсцы). Такім чынам быў атрыманы доўгачаканы пропуск на паездкі ў Магілёў, Быхаў, Чавусы за матэрыяламі для малявання. Аднойчы разам з фарбамі, гіпсам, палатном у зробленым тайніку фурманкі Ілья прывёз савецкія лістоўкі, бланкі і пячатку для афармлення нямецкіх дакументаў, медыкаменты. Для «новай улады» ён заставаўся «багамазам» (дарэчы, гэта стала падпольнай мянушкай патрыёта), добрасумленна выконваў умовы кантракту. Для ваеннаслужачых, якія на зіму засталіся ў навакольных вёсках, мясцовых патрыётаў стаў важаком, неафіцыйным камандзірам. Пачалі збіраць зброю. На месцы баёў Памятнёў і Косця Сіўцоў знайшлі кулямёт, сабралі дваццаць вінтовак, 50 мін і дзве скрынкі капсуляў. Усё было надзейна схавана ў лясным складзе. У сярэдзіне красавіка 1942 г. ў доме Багданавых адбылася сустрэча Ільі Памятнёва з Падольцавым і Тамілам, пакінутымі для арганізацыі партыйнага падполля. Праз некалькі дзён пасля гэтага Памятнёў з 22 вернымі таварышамі пайшоў у лес, узначаліў партызанскую групу. Камісарам групы стаў даваенны інструктар Тульскага абкома партыі Аляксей Барысаў, цудоўны чалавек і мужны воін, удзельнік абароны Магілёва. Група расла, зброі ж на ўсіх не хапала. Па ініцыятыве камандзіра рашылі паспрабаваць захапіць яе ў воласці. Днём, калі ў памяшканні знаходзіліся бургамістр, ураднік і паліцай, уварваліся Памятнёў і Сіўцоў. «Зброю на стол!» — загадалі партызаны. Так з’явіліся яшчэ тры пісталеты і вінтоўкі. Праз месяц група значна вырасла з жыхароў і моладзі вёскі Рыжкаўка. А было гэта так. Партызаны прыйшлі ў вёску і загадалі старасту склікаць сход. З палымянай прамовай на ёй выступіў Памятнёў. На яго заклік уступаць у рады народных мсціўцаў тут жа адгукнуліся камсамольцы і патрыёты вёскі. Многія, адкапаўшы са сховішчаў зброю, разам з партызанамі ў гэты дзень пайшлі ў вёску Прыбярэжжа, дзе быў праведзены такі самы сход. Група папоўнілася новымі байцамі і рушыла ў вёску Грудзінаўка. Тут на складзе валасной управы партызаны захапілі 8 паўаўтаматычных вінтовак, некалькі ручных кулямётаў. Добра ўзброеная група разгарнула смелыя баявыя аперацыі. У чэрвені 1942 г. група Памятнёва (Багамаза) улілася ў партызанскую брыгаду Г. I. Сазонава. У яе складзе партызаны правялі шэраг бліскучых аперацый — разграмілі гарнізоны ў вёсках Вейна пад Магілёвам, Кузькавічы, Ніканавічы, Чырвоны Асавец, удзельнічалі ў засадах на шашэйных дарогах і ў адкрытых баях. Вёў народных мсціўцаў іх бясстрашны важак Ілья Пятровіч Памятнёў. У ліпені 1942 г. палымянага патрыёта, любімца партызан не стала. Вяртаючыся з задання, якое выконваў у Магілёве, у лесе каля вёскі Дабужа Ілья Пятровіч нарваўся на засаду... Г.Аляксандраў, Г. Барысаў Аскер Бархозаў Камандзір дэсантнай роты танкавай дывізіі Аскер Бархозаў першы дзень вайны сустрэў пад Пружанамі. У жніўні ў час адступлення прыняў стралковы батальён. Неўзабаве ў адным з баёў яго параніла разрыўной куляй у левую нагу. Бархозаў загадаў пераціснуць параненую нагу абрыўкам плашч-палаткі і лежачы працягваў камандаваць боем. Але побач разарвалася міна, і асколкі трапілі ў параненую нагу. Уначы салдаты данеслі камандзіра да бліжэйшай вёскі і пастукалі ў першае акно. На ганак выйшла старая жанчына. — Прыміце, маці, старшага лейтэнанта. Вернемся — аддзякуем,— папрасілі салдаты. Жанчына паглядзела на беспрытомнага камандзіра і сказала: — Пакідайце. А дзякаваць няма за што. Вяртайцеся хутчэй. Тым і аддзякуеце. Выхадзіла беларуская жанчына камандзіра, які родам быў з Каўказа. А ў снежні 1942 г. Аскер стаў памочнікам камандзіра ўзвода 810-га партызанскага атрада. Першай аперацыяй Бархозава быў захоп нямецкага маёра, камандзіра атрада, што размяшчаўся ў вёсцы. Разам з таварышам Бархозаў узяў яго ў хаце ўдавы-маладзіцы, да якой часта наведваўся маёр, так ціха звязаў і выкінуў праз акно, што вартавы, які ахоўваў свайго начальніка, нічога не заўважыў. ...На золку рота Бархозава (камандзірам роты стаў вясной 1943 г.) залягла ў засаду на бальшаку. А праз гадзіну паказалася калона аўтамашын. Падпусціўшы яе, партызаны адкрылі агонь. Загарэлася некалькі грузавікоў. Гітлераўцы, развярнуўшы машыны, уступілі ў бой. Чарга з варожага кулямёта прашыла нагу Аскера ад бядра да голені. Партызанка Аляксандра Сільчанка выцягнула параненага камандзіра з-пад куль і прывезла ў вёску Дзедава да сям’і Дзергачовых. Гаспадыня, яе дачка Ліда і сын Мікалай схавалі Аскера ў сене. А неўзабаве ў вёску ўварваліся фашысты. Дзергачовы паспелі папярэдзіць камандзіра аб смяротнай небяспецы. — Са мною пісталет, жывым не дамся,— адказаў Бархозаў.— У выпадку чаго ідзіце ў атрад, вас прымуць... Ліда пайшла на хітрасць. У кошык палажыла сена, а зверху яйкі. Прыманку паставіла каля дзвярэй у хляве, дзе ляжаў Аскер. Чацвёра карнікаў уварваліся ў двор. Двое з іх, наставіўшы аўтаматы, ірванулі дзверы хлява. — Хто ёсць? Выходзь! Аскер ляжаў нерухома, гатовы страляць. Зірнуўшы пад ногі, гітлеравец заўважыў кошык з яйкамі. Выцягнуўшы кошык, гітлераўцы расхапалі яйкі і пайшлі ў наступны двор. Далячыўшыся ў партызанскім шпіталі, Аскер Хабатавіч, ужо камандзір 830-га партызанскага атрада, зноў разам са сваімі байцамі працягваў біць акупантаў. «Мы — народнае войска,— любіў гаварыць камандзір Бархозаў,— у нас дзве галоўнейшыя задачы: нішчыць гітлераўцаў і ахоўваць свой народ». 24 лютага 1944 г. Аскер атрымаў баявы загад падпольнага райкома партыі: прабівацца разам з 425-м атрадам на злучэнне з часцямі Чырвонай Арміі ў раёне вёскі Дзедава і вывесці з сабой больш як дзесяць тысяч мірных жыхароў, што знаходзіліся ў лесе. Загад неабходна было выканаць да дзевятнаццаці гадзін 24 лютага... I партызаны не спазніліся ні на гадзіну ў выкананні таго загаду. Для большасці лясных байцоў вайна была яшчэ не скончана. Пасля кароткага адпачынку яны папоўнілі часці Чырвонай Арміі. Аднак Аскеру на медкамісіі сказалі: — Пасля вашых раненняў няма чаго і думаць аб фронце. I з лёгкімі ў вас не ў парадку. Трэба лячыцца. Аскера разам з жонкай, юнай партызанкай Машай Макаёнак, паслалі ў Кіславодск у санаторый. Перад ад’ездам партызанам былі ўручаны баявыя ўзнагароды. А праз месяц Бархозаў вярнуўся ў Беларусь, якая стала роднай за гады вайны. Адмовіўся ад далейшага лячэння і настойваў на неадкладным уладкаванні яго на работу. Аскеру Хабатавічу прапанавалі працу ў Магілёўскім гарсавеце. Неўзабаве ў дом прыйшла радасць — нарадзіўся сын. А ўслед за ёй хутка напаткала вялікае гора— трагічна загінула жонка Марыя... Аскер Бархозаў, чалавек моцны духам, прадаўжаў працаваць. Аднак таварышы заўважылі, што кашаль у яго ўзмацніўся. Зноў медкамісія. Вывад быў кароткі і катэгарычны: патрэбна сонца, горнае паветра. Аскер паехаў у Кіргізію да родзічаў. Год мужна змагаўся з бязлітаснай хваробай, але смерць была побач. 20 снежня 1945 г. дваццацідзевяцігадовага бясстрашнага партызана не стала... В. Нежынскі.
Не нашли, что искали? Воспользуйтесь поиском:
|