ТОР 5 статей: Методические подходы к анализу финансового состояния предприятия Проблема периодизации русской литературы ХХ века. Краткая характеристика второй половины ХХ века Характеристика шлифовальных кругов и ее маркировка Служебные части речи. Предлог. Союз. Частицы КАТЕГОРИИ:
|
ІШЛА ВАЙНА СВЯШЧЭННАЯ
Вялікая Айчынная вайна — самае цяжкае выпрабаванне ў гісторыі нашага народа. Доўгім і складаным быў яго шлях да перамогі. Асабліва цяжкім быў першы перыяд вайны. У кровапралітных баях Чырвоная Армія наносіла ўдары па ворагу, але пад напорам яго пераўзыходзячых сіл нашы абяскроўленыя дывізіі вымушаны былі адыходзіць у глыб краіны. Ужо на другім тыдні полымя вайны ахапіла Быхаўшчыну. У тыя цяжкія ліпеньскія дні 1941 г. Быхаўскі раён абараняла ад ворага 187-я стралковая дывізія (камандзір палкоўнік I. I. Іваноў). Яе 338-ы стралковы полк і 101-ы асобны разведбатальён дзейнічалі на рубяжы Мокрае — Быхаў — Няраж, а асноўныя сілы разгортваліся на ўсходнім беразе Дняпра. У цэлым абарона дывізіі ўяўляла сабой даволі няшчыльны ланцуг, расцягнуты больш чым на 50 км. Уздоўж шашы ад Магілёва ў напрамку Бабруйска дзейнічалі падраздзяленні 514-га і 388-га стралковых палкоў 172-й дывізіі. Паводле рашэння савецкага Вярхоўнага Галоўнакамандавання на ўсходнім беразе Дняпра ствараўся другі стратэгічны эталон Заходняга фронту. Аднак накапленне войск на Быхаўшчыне ішло павольна, дывізіі прыбывалі са спазненнем, разрознена і да пачатку баёў не паспелі стварыць трывалую і глыбокую абарону. Улічваючы слабасць войск, гатовых абараняцца на подступах да Дняпра ў заходняй частцы Быхаўскага раёна, камандзірам 172-й і 187-й стралковых дывізій быў аддадзены загад прыкрываць гэты напрамак невялікімі рухомымі атрадамі. 1 ліпеня 1941 г. стралковая рота пад камандаваннем лейтэнанта Ларыёнава 514-га палка 172-й дывізіі з прыдадзенымі ёй узводам станковых кулямётаў і батарэяй супрацьтанкавых гармат у раёне в. Чачэвічы ўступіла ў бой з буйным атрадам 3-й танкавай дывізіі гітлераўцаў. Страціўшы 4 танкі, больш як роту мотапяхоты і 12 аўтамашын, вораг адступіў. У той жа дзень у раёне шклозавода ў Ветранцы праціўнік высадзіў паветраны дэсант, на яго знішчэнне была паслана група 338-га стралковага палка. Накіраваўшы асноўныя ўдары на Магілёў, Рагачоў, Жлобін, праціўнік адначасова спрабаваў танкавымі атрадамі захапіць мост цераз Дняпро ў Быхаве. 3 ліпеня такі атрад з 20 фашысцкіх танкаў і мотапяхоты пераправіўся цераз р. Друць у раёне в. Вязьма і пачаў наступленне на Быхаў. Каля в. Уюн ворага сустрэў рухомы атрад 338-га стралковага палка. Савецкія воіны аказалі яму ўпартае супраціўленне. Раніцай 4 ліпеня ў горад прарвалася каля батальёна варожых танкаў і матапяхоты. Завязаўся цяжкі бой. На подступах да моста танкі перагрупаваліся і з ходу адкрылі ўраганны агонь па нашай пяхоце. Байцы і камандзіры 338-га стралковага палка стойка абаранялі мост. Ім на дапамогу хутка падаспелі падраздзяленні 236-га стралковага палка, а з левага берага Дняпра ўпарта вяла агонь па ворагу наша артылерыя. Гітлераўскія танкі некалькі разоў адкочваліся назад, але потым з новай ярасцю атакавалі гераічных абаронцаў моста. У другой палове дня напал бою працягваў нарастаць, некалькім танкам праціўніка ўдалося прарвацца цераз мост на левы бераг ракі. Камандзір палка А. Ф. Пашкоў атрымаў загад узарваць мост і адвесці войскі. Мост рухнуў, бой заціх. Як сведчыць падпісаны палкоўнікам Пашковым дакумент, які захоўваецца ў Быхаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі, на полі бою засталося каля 40 варожых танкаў, прычым 5 з іх стаялі разбітыя на левым беразе Дняпра. Камандаванне 24-га матарызаванага корпуса гітлераўцаў упарта спрабавала прарвацца на левы бераг Дняпра. I кожны раз фашысты натыкаліся на жорсткі арганізаваны адпор чырвонаармейцаў, гублялі людзей і танкі. Аднак гэтыя баі дапамаглі гітлераўцам выявіць характар нашай абароны на флангавым стыку 13-й і 21-й армій у раёне Быхава, Рагачова, Жлобіна, дзе па-ранейшаму слабым месцам заставаўся ўчастак 187-й стралковай дывізіі ў Быхаўскім раёне. Сюды праціўнік і накіраваўся. У ноч на 10 ліпеня ён непрыкметна для разведкі 187-й дывізіі перагрупаваўся ў раён Быхава. Раніцай пасля масіраванай артылерыйскай і авіяцыйнай падрыхтоўкі войскі 24-га нямецкага корпуса пачалі перапраўляцца на левы бераг. Завязаўся жорсткі бой. Праціўнік захапіў 7-кіламетровы плацдарм і стаў паглыбляцца далей па тэрыторыі левабярэжжа ў напрамку Следзюкоў. Па загаду камандуючага 45-м корпусам генерала Э. Я. Магона часці 187-й дывізіі адышлі на рубеж в. Чырвоная Слабада, адначасова да месца прарыву перакідвалася рэзервовая 137-я стралковая дывізія (камандзір палкоўнік I. Ц. Грышын), да 18 гадзін сюды прыбылі яе 4 батальёны і 2 першыя батальёны 148-й стралковай дывізіі (камандзір Ф. М. Чаракманаў), якая рухалася з глыбіні краіны. Увечары бой разгарэўся з новай сілай. Аб'яднаўшыся, чырвонаармейскія батальёны пачалi кантратакаваць праціўніка. Упершыню за ўсе цяжкія дні баёў на Быхаўшчыне ў небе з'явіліся чырваназорныя самалёты, якія сталі бамбіць баявыя парадкі і пераправы ворага. Гэта яшчэ больш натхніла нашых воінаў, прыдало ім сілы на новыя атакі. Вораг спыніў пераправу, аднак захопленага плацдарма не пакінуў. Ноччу, пад прыкрыццём цемнаты ён зноў стаў рыхтаваць пераправы, накаплівацца на левым беразе. Раніцай 11 ліпеня бой разгарэўся з новай сілай. Самааддана змагаліся чырвонаармейцы 187-й і часці 137-й і 148-й стралковых дывізій. Але сілы былі няроўныя — праціўнік сканцэнтраваў на левым беразе 3-ю і 4-ю танкавыя, 10-ю матарызаваную дывiзii 24 -га корпуса, карпусную артылерыю, часці забеспячэння. Гітлераўцы пераадолелі супраціўленне нашых стралковых дывізій і рушылі на Чавусы і Прапойск. У гэты цяжкі час камандаванне Заходняга фронту паставіла перад войскамі задачу закрыць прарыў, утвораны на ўсім участку фронту 13-й арміі ад Шклова да Быхава, адрэзаць варожыя часці, што прарваліся, і ўсімі сіламі абрушыцца на іх. У раёне Быхава гэту задачу выконвалі 45-ы стралковы корпус (187-я, 137-я дывізіі) і 132-я стралковая дывізія (камандзір генерал-маёр С. С. Бірузоў), якая прыбыла 12 ліпеня з-пад Оршы. 13 ліпеня часці 132-й і 137-й дывізій спрабавалі наступаць і да 13 гадзін выйшлі на рубеж Рыжкаўкі. 102-я стралковая дывізія (камандзір палкоўнік П. М. Гудзь) 45-га корпуса ў ноч з 13 на 14 ліпеня фарсіравала Дняпро паміж Новым Быхавам і Гадзілавічамі. Сярод іншых часцей паспяхова дзейнічаў 467-ы стралковы полк пад камандаваннем палкоўніка Кіпіяні. У данясенні ў штаб корпуса 21 ліпепя пра гэты полк сказана, што ён перайшоў у наступленне і захапіў у палон гітлераўцаў 17-га пяхотнага палка. У данясенні 22 ліпеня паведамлялася, што сувязі з палком няма, полк вядзе баі ў акружэнні, просіць дапамагчы яму танкамі. У данясенні 23 ліпеня паведамлялася, што 467-ы полк, ведучы бой у акружэнні, знішчыў амаль паўтара батальёна праціўніка, часткова выйшаў з акружэння і прыводзіць сябе ў парадак. Камандзір палка Кіпіяні, якому адарвала абедзве нагі, загінуў у гэтым баі. Часці 115—й стралковай дывізіі (камандзір генерал-маёр В. I. Нярэцін), што прыбылі з-пад Гомеля, 10 лііпеня занялi абарону на левым беразе Дняпра ў Быхаўскім раёне, 20 ліпеня перад дывізіяй была пастаўлена задача наступаць з поўдня на Быхаў. Аднак гітлераўцы іх апярэдзілі і, хоць панеслi вялікія страты, паглыбіліся ў нашу абарону на 4 кіламетры. Да 15 жніўня 115-й дывiзii ўдалося ўтрымаць рубяжы ў раёне Абідавiч, Веці, Доўска. Часці 117-й стралковай дывiзii (камандзір палкоўнік I. Л. Хіжняк), нягледзячы на колькасную перавагу ворага, упарта прасоўваліся наперад, не раз пераходзячы ў наступленне ў раёне вёсак Вялікая Зімніца, Палкi, Палянінавічы. У выніку ўзмоцненай контратакi праціўніка дывізія трапіла ў двайное акружэнне, пасля 6-гадзіннага бою здолела выйсцi з яго пад прыкрыццём 820-га палка. У далейшым спробы наступаць поспеху не мелі. Мужна і самааддана змагаліся чырвонаармейцы за кожную пядзю беларускай зямлі. Цуды храбрасці праявілі яны ў баях за Быхаў, пад Заячэннем і Хачынкай, Прыберажжам і Грудзінаўкай,. Рыжкаўкай і Ісканню. На месцы прарыву пад Хачынкай вораг сканцэнтраваў шмат жывой сілы. Артылерыйскі і кулямётны абстрэл, бамбёжка нашых пазіцый працягваліся няспынна некалькі сутак. Гарэла зямля. I калі здавалася, што нішто не ўстаіць перад напорам фашыстаў, сярод чырвонаармейцаў з'яўляўся камісар палка Рыгор Лукіч Каліна і як бы ўліваў у байцоў новыя сілы. I зноў контратака. Вораг адкiнуты. Але вось фашыстам удалося пераўзыходзячымi сіламі акружыць нашу часць. Здавалася, выратанання няма: або смерць, або палон. Узначалiўшы групу воінаў на адным з участкаў бою, камісар Каліна некалькі разоў адкідваў назад наступаючыя ланцугі ворага. Усё менш і меньш вакол камісара заставалася байцоў. Асатанела лезлi фашысцкія аўтаматчыкі, камісар зноў павёў байцоў на прарыў. I яны штыкамі і гранатамi прарвалі варожае кальцо, але ў гэтым баі пад Хачынкай загінуў камісар Каліна. Такіх прыкладаў храбрасці, адданасці Радзіме было шмат. Асаблiвавызначыліся воіны Бабрыхін, Рабацяшкін, Iваноў, Хамякоў і іншыя. Ветэран 626-га палка, былы камандзір роты Г. Швайбовiч успамінаў: «Мы, малодшыя афіцэры, бралi прыклад з свайго камандзіра — палкоўніка Аляксеева. Ён умела кіраваў боем, пастаянна знаходзіўся ў баявых парадках пяхоты, прымаў асабiсты ўдзел у адбіцці атак праціўніка. Мінай яму адарвала абедзве нагі. Не паспелі санітары перавязаць цяжкія раны камандзіра, як група варожых аўтаматчыкаў прарвалася да каманднага пункта палка. Штабныя афіцэры і байцы ўступілі ў бой. Палкоўнік Аляксееў да апошняга дыхання вёў агонь па праціўніку з асабiстай зброі». Камандзір 4-й стралковай роты малодшы лейтэнант Багян неаднаразова вадзіў сваiх байцоў у штыкавую атаку. У адной з атак ён быў скошаны аўтаматнай чаргой. Радавы Скiба ўступіў у адзінаборства з трыма гітлераўцамі, двух закалоў штыком, а трэцяга застрэліў. Услед за танкавымі войскамі 24-га матарызаванага корпуса фашыстаў, якія першымі ўварваліся на Быхаўшчыну, тут канцэнтраваліся таксама перадавыя часці і злучэнні 4-й і 2-й нямецкіх армій. Моцна патрапаныя ў жорсткіх баях з Чырвонай Арміяй, фашысты спешна рыхтаваліся да чарговага кідка на Маскву. Да канца ліпеня, нягледзячы на самаадданае супраціўленне чырвонаармейцаў, Быхаўшчына была акупіравана фашыстамі. Пачаліся пакутлівыя, поўныя жахаў і знявагі над чалавечай асобай дні жыцця нашых людзей ва ўмовах акупацыйнага рэжыму. Адначасова гэта былі і бяспрыкладныя ў гісторыі дні гераізму і шчырай адданасці людзей сваёй Радзіме. Аднойчы ў кастрычніку 1941 г. ў небе над Быхавам з'явіўся чырваназорны самалёт, скінуў бомбы на чыгуначную станцыю, а людзям некалькі тысяч лістовак, у паветраным баі над горадам збіў варожы знішчальнік Ме-109. Вестка аб гэтым хутка абляцела навакольныя вёскі. Людзі яшчэ доўга ўспаміналі гэту падзею. Пілатаваў жа той самалёт камандзір эскадрыллі старшы лейтэнант Дз. В. Чумачэнка — будучы Герой Савецкага Саюза. Быхаў, разбураны ў першыя ж дні вайны налётам варожай авіяцыі, па сведчанню відавочцаў, быў падобны на вулкан з чорнымі праваламі пасярэдзіне. Цэнтральная вуліца, што вяла да вакзала, ляжала ў руінах, не засталося ніводнага ўцалелага будынка. Жорсткі акупацыйны рэжым быў устаноўлены адразу. Тэрыторыя раёна кантралявалася пры дапамозе ваенных гарнізонаў у буйных населеных пунктах і варожых участкаў, пастоў і гарнізонаў у валасных цэнтрах і іншых населеных пунктах. Пачалася расправа над камуністамі, камсамольцамі, партыйнымі і савецкімі работнікамі, актывістамі і патрыётамі. Зімой 1941 г. фашысцкія каты сабралі савецкіх грамадзян яўрэйскай нацыянальнасці і павялі за Быхаў да процітанкавых равоў. Перад пакараннем іх раздзетых заганялі на дошку, перакінутую цераз роў. Параненыя і жывыя, якія не маглі ўтрымацца на дошцы, разам з забітымі падалі ў гэту магілу. Пасля яе запаўнення фашысцкія вылюдкі перасоўвалі дошку далей і працягвалі сваю крывавую справу. Маленькіх дзяцей яны вырывалі з рук маці, падкідвалі іх над ямай і з дзікім азартам стралялі з аўтаматаў па жывых мішэнях. Пасля расстрэлу марадзёры распачалі продаж адзення сваіх ахвяр. Аднак торг не адбыўся — з пагардай і нянавісцю адварочваліся людзі ад крывавых гандляроў. Увесь гэты злачынны тавар быў пагружаны ў вагоны з надпісам «фатэрлянд». Летам 1942 г. акупанты поўнасцю спалілі вёску Красніца. У полымі згарэлі 769 чалавек, жывымі засталіся толькі тыя, каго ў той час па нейкай прычыне не было ў вёсцы. Вінаватасць людзей была ў тым, што ля вёскі партызаны збілі нямецкі самалёт. У першай палове ліпеня карнікі спалілі таксама вёскі Ветранка, Смаліца, Трылесіна, Дабужа. У пачатку лета 1942 г. акупацыйныя ўлады актыўна ўзяліся за вярбоўку насельніцтва ў Германію.Абяцалі там райскае жыццё. Аднак на зборны пункт людзі не з'явіліся, не спакусіліся на «лёгкае» жыццё і працу. Тады з дапамогай узброеных каманд вярбоўшчыкі рабілі аблавы, акружыўшы вёску звычайна раніцай, і пад канвоем забіралі працаздольных людзей ад 15 да 45 гадоў. У такіх абставінах нянавісці да крывавага акупацыйнага рэжыму расло імкненне людзей да барацьбы з каварным ворагам. Савецкія патрыёты разам з уцёкшымі ваеннапалоннымі і ваенна-служачымі, якія адсталі ў час абарончых баёў aд сваіх часцей і на зіму засталіся ў навакольных вёсках, аб'ядналіся ў адзіным жаданні помсціць акупантам за нявінную кроў нашых людзей. Партызанскі рух зараджаўся ў правабярэжнай і левабярэжнай частках раёна самастойна. Люты 1942 г. стаў пачаткам фарміравання першай партызанскай групы з рабочых шклозавода “Ільіч” в. Ветранка, якая ў канцы красавіка выйшла ў лес да в. Смаліца (потым група базіравалася каля в. Пчэльня). Групу ўзначаліў акружэнец камуніст Я. А. Курпачэнка. Пазней у Хачынскі лес прыйшлі дыверсійна-разведвальныя групы М. Іванова і Г. I. Сазонава, дэсантаваныя штабам Заходняга фронту. Сюды ж прыбыла група ваеннаслужачых з в. Дабужа на чале з малодшым палітруком М. П. Фёдаравым і група патрыётаў з в. Рыжкаўка на чале з I. П. Памятнёвым. Усе партызанскія групы левабярэжжа аб'ядналіся паміж сабой, з іх у чэрвені 1942 г, ўтварыўся атрад пад камандаваннем Г. I. Сазонава. На працягу ліпеня — жніўня атрад Г. I. Сазонава папоўніўся жыхарамі вёсак Ветранка, Смаліца, невялікай групай партызан з Кіраўскага раёна і ўтварыў групу аб'яднаных атрадаў, узначаліўшы іх (у гісторыю партызанскага руху ўмоўна ўвайшла пад назвай 1-я Быхаўская брыгада). Партызанскі атрад на чале з М. К. Марусавым утварыўся каля в. Кучына ў красавіку 1942 г. і стаў першым атрадам у правабярэжнай (заходняй) частцы Быхаўскага раёна. У Гарадзецкім лесе ў чэрвені 1942 г, сфарміраваўся партызанскі атрад пад камандаваннем М. П. Куракіна. Трэці партызанскі атрад на правабярэжжы Быхаўшчыны ўтварыўся ў Ніжнятошчыцкім сельсавеце (з 20 жніўня 1942 г. яму прысвоены 810-ы нумар). Яго першым камандзірам стаў М. Л. Максімаў-Лебедзеў. У сакавіку 1943 пры стварэнні 11-й Быхаўскай брыгады гэтыя тры атрады склалі яе асноўны касцяк. Нялёгкі шлях прайшлі партызаны Быхаўшчыны ў Вялікую Айчынную. Карныя аперацыi летам і восенню 1942 г., у маі 1943 г., гераічная Боўкінская абарона (кастрычнік 1943 г.) сталі сапраўдным выпрабаваннем на мужнасць, арганiзаванасць, баявую здольнасць партызан (падрабязна аб стварэнні і развіцці партызанскiх фарміраванняў на тэрыторыі Быхаўскага раёна і баявых дзеяннях партызан глядзі ў нарысе «Партызанскі фронт»). Праз вогненную зямлю Быхаўшчыны прайшлі таксама баявыя шляхі славутага партызанскага палка «Трынаццаць” 15-га, 152-га палкоў, шматлікіх палкоў і асобных атрадаў Клічаўскага, Слаўгарадскага, Бялыніцкага, Чэрыкаўскага, Рагачоўскага, Бярэзiнскага раёнаў. Яшчэ больш узмацніў палітычную і арганізатарскую работу па далейшаму разгортванню партызанскага руху ў раёне Быхаўскі падпольны райком партыі, створаны ўпаўнаважаным ЦК КП(б)Б па Магілёўскай вобласці I. М. Кардовічам 7 сакавіка 1943 г. Раней, у верасні 1942 г., быў створаны Быхаўскі падпольны райком ЛКСМБ. Не нашли, что искали? Воспользуйтесь поиском:
|